Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАК заявілі, што не запросяць Беларусь і Расею да ўдзелу ў Алімпіядзе 2024 году


Пратэст супраць удзелу Расеі ў Алімпіядзе, Швайцарыя, вясна 2023
Пратэст супраць удзелу Расеі ў Алімпіядзе, Швайцарыя, вясна 2023

Такое рашэньне, зрэшты, не азначае, што беларускія і расейскія спартоўцы ня змогуць спаборнічаць з калегамі ў Парыжы.

У Парыжы ў 2024 годзе адбудуцца летнія Алімпійскія гульні. 13 ліпеня Міжнародны алімпійскі камітэт афіцыйна заявіў, што не запросіць Беларусь і Расею да ўдзелу.

МАК пачне рассылаць афіцыйныя запрашэньні нацыянальным алімпійскім камітэтам 26 ліпеня. Агулам іх будзе 203. Аднак у Маскву і Менск запрашэньні не накіруюць. Такое рашэньне прынялі ў сувязі з санкцыямі, уведзенымі МАК у дачыненьні да спорту ў дзьвюх краінах з прычыны вайны ва Ўкраіне.

На справе рашэньне МАК азначае, што Беларусь і Расея дакладна ня выступяць на Алімпіядзе пад сваімі сьцягамі. Разам з тым раней МАК дазволіў міжнародным фэдэрацыям у розных відах спорту дапускаць прадстаўнікоў дзьвюх краін у нэўтральным статусе — значыць, безь дзяржаўных сьцягоў, знакаў на форме і гімнаў.

Тое рашэньне не спадабалася шэрагу краін, у тым лік Ўкраіне, дзе мясцовы НАК лічыць, што расейцаў і беларусаў нельга дапускаць да Алімпіяды нават у нэўтральным статусе, а можна толькі тых спартоўцаў, якія катэгарычна і публічна асудзілі вайну.

У Расеі яшчэ да публікацыі рэкамэндацый МАК ужо называлі «агентамі Злучаных Штатаў Амэрыкі». У Маскве заяўляюць, што рашэньне «палітычнае». Падобныя заявы гучаць і зь беларускага НАК, якім кіруе старэйшы сын Лукашэнкі Віктар.

Акрамя Беларусі і Расеі, афіцыйнага запрашэньня на Алімпіяду ў Парыжы не атрымае Гватэмала. Членства яе НАК у міжнароднай арганізацыі з 15 верасьня 2022 году часова прыпынена праз канфлікт НАК з уладамі дзяржавы.

Таксама запрашэньні тром краінам ня прыйдуць і на зімовыя Алімпійскія гульні, што адбудуцца ў італьянскай Картыне д'Ампэца ў 2026 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG