Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Патрэба яшчэ ў адной беларускай школе ў Вільні існуе», — сьпікерка парлямэнту Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн


Старшыня парлямэнту Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн
Старшыня парлямэнту Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн

Старшыня парлямэнту Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн адказала на пытаньні Радыё Свабода адносна беларуска-літоўскіх адносін.

Поўную вэрсію размовы глядзіце на ютуб-канале Радыё Свабода, тут публікуецца скарочаная.

Вясной вялікае абмеркаваньне выклікала ініцыятыва прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы, які ўнёс у парлямэнт закон аб нацыянальных абмежаваньнях супраць беларусаў і расейцаў. У выніку дыскусіі за беларусамі пакінулі права атрымліваць грамадзянства Літвы, а таксама купляць у краіне маёмасьць. Наўседа спрабаваў накласьці вэта на гэтыя папраўкі, але дэпутаты Сейму і тут не падтрымалі прэзыдэнта. Чаму?

— Адносна закону Наўседы ў нашым парлямэнце былі вельмі вялікія дыскусіі. І падчас гэтых размоваў адным з аргумэнтаў было тое, што мы ня ставім знак роўнасьці між расейскім грамадзтвам і беларускім, калі гаворым аб падтрымцы вайны ва Ўкраіне. Літва ўжо ня першы год гаворыць на ўсіх міжнародных форумах, што рэжым Пуціна і Лукашэнкі вельмі блізка зьвязаныя, і санкцыі супраць іх павінны быць люстэркавымі. Але калі мы гаворым аб настроях у грамадзтве, то сытуацыі розныя. Мы можам меркаваць, што ў расейскім грамадзтве падтрымка вайны вялікая, а ў Беларусі — не. Менавіта таму парлямэнт прыняў такія папраўкі. На гэты момант я лічу, што няма падставаў мяняць гэты закон. Нават калі сытуацыя зьменіцца і, скажам, байцы „Вагнэра“ зьявяцца ў Беларусі.

— ​Ці не зьмянілася ў літоўскім грамадзтве стаўленьне да беларусаў ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне?

— На мой погляд, літоўцы як шчыра падтрымлівалі, гэтак і падтрымліваюць прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасьці. Гэтыя людзі спадзяюцца і працуюць дзеля таго, каб у Беларусі былі дэмакратычныя перамены. І нічога не мяняецца ў стаўленьні да іх. Я ўпэўненая, што і ў будучыні гэтая падтрымка застанецца. Мы разумеем, у якой складанай сытуацыі знаходзіцца беларускае грамадзтва, што рэжым Лукашэнкі становіцца таталітарным. Мы цудоўна ведаем, што падтрымка беларускаму грамадзтву патрэбная. Я як сьпікерка парлямэнту часта сустракаюся з калегамі зь іншых краін, і заўсёды ў размовах гаворым пра дапамогу Ўкраіне, якая абараняецца ад крывавай агрэсіі Расеі. А таксама абавязкова пра дапамогу беларускаму грамадзтву, якое знаходзіцца ў цяжкай сытуацыі.

— ​У Вільні, а таксама ў іншых гарадах Літвы, ад 2020 году пастаянна расьце колькасьць беларусаў. Ці ня можа гэта адбіцца на нацыянальнай бясьпецы Літвы, тым больш што многія беларусы прывозяць з сабой расейскую мову?

— Вільня заўсёды была мультыкультурным горадам. На вуліцах тут чуваць шмат розных моваў. На мой погляд, у гэтым ёсьць хараство Вільні. І тым людзям, якія прыяжджаюць сюды і паважаюць Літву як дзяржаву, прытрымліваюцца нашых законаў, дэмакратычных прынцыпаў, будуюць масты паміж беларусамі і літоўцамі, няма чаго хвалявацца. Гэтаксама, думаю, і нам няма чаго баяцца. А тыя людзі, якія зьбіраюцца сваю будучыню зьвязваць зь Літвой, яны вывучаць літоўскую мову (і ўжо цяпер вучаць). Я ў гэтым ня бачу небясьпекі, я бачу вялізныя магчымасьці — як для беларусаў, так і для Літвы.

— ​На сёньня ў Вільні, а таксама ва ўсёй Літве, ёсьць толькі адна беларускамоўная школа — гімназія імя Францішка Скарыны. Пры гэтым бацькі беларускіх школьнікаў часта скардзяцца, што трапіць у яе цяпер празь перапоўненасьць вельмі цяжка. Ці не зьявілася патрэба яшчэ ў адной беларускай школе для Вільні?

— Ужо дзясяткі тысяч беларусаў знаходзіцца ў Вільні, дый ня толькі ў Вільні. І я думаю, што патрэба яшчэ ў адной беларускай школе існуе. Патрэбна ініцыятыва з боку беларускай грамады найперш. Другія грамады таксама паціху школы свае арганізоўваюць. І гэта сапраўды магчыма. І я спадзяюся, што такія ініцыятывы зьявяцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG