У інтэрвію брытанскаму выданьню The Times прэзыдэнт Наўседа перад самітам Паўночна атлянтычнага альянсу заявіў, што NATO павінна адмяніць свае абмежаваньні на стварэньне пастаянных абарончых баз каля межаў Расеі, таму што асноўная дамова з Масквой «мёртвая».
Прэзыдэнт Наўседа, які на гэтым тыдні прымае ключавы саміт лідараў альянсу ў Вільні, таксама заявіў, што Захад не павінен палохацца ядзернага шантажу прэзыдэнта Пуціна, і заклікаў саюзьнікаў пасьпяшацца з павышэньнем сваіх вайсковых выдаткаў у «вельмі небясьпечнай і вельмі далікатнай» сытуацыі.
Як адзначае выданьне, цяпер сілы NATO дыслякаваныя ў дзевяці краінах, у прыватнасьці ў Польшчы і краінах Балтыі. Аднак у сувязі з дзеяньнем акта паміж Расіяй і NATO яны дзейнічаюць непастаянна і мяняюцца, як правіла, кожныя паўгода.
Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну NATO накіравала баявыя групы ў Баўгарыю, Румынію, Вугоршчыну і Славаччыну.
Летась у кастрычніку Аляксандар Лукашэнка абвясьціў, што дамовіўся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным пра разьмяшчэньне сумеснай групоўкі войскаў на тэрыторыі Беларусі. У беларускім ваенным ведамстве паведамілі, што колькасьць расейскіх вайскоўцаў у групоўцы складзе каля дзевяці тысяч чалавек.
У сакавіку гэтага года Пуцін заявіў, што Расія разьмесьціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. Паводле яго слоў, Расія не перадае ядзерную зброю Беларусі, а размяшчае сваю зброю на яе тэрыторыі.
У літоўскай сталіцы Вільні 11–12 ліпеня праходзіць саміт NATO. Мяркуецца, што на сустрэчы, апроч пытаньняў бясьпекі ў рэгіёне, абгавораць умовы ўступленьня Ўкраіны ў альянс. Як заявіў у інтэрвію Радыё Свабода прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэл, Украіна можа атрымаць гарантыі, якія будуць «нечым сярэднім» паміж ранейшымі гарантыямі NATO Фінляндыі і Ізраілю.
Апроч таго, на саміце ў Вільні можа быць ухвалена рашэньне ў сувязі з плянамі Расеі разьмясьціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі. Цяпер да тэмы перамяшчэньня ядзернай зброі з Расеі ў Беларусь дадалася імавернасьць пераезду на беларускую тэрыторыю вайскоўцаў-наймітаў групы «Вагнэр» пасьля іхнага мяцяжу ў Расеі.