Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ціск на рэжым Лукашэнкі і кантакты зь ім», — амэрыканскі сэнатар Дурбін пра тое, як вызваліць палітвязьняў


Сэнатар Рычард Дурбін
Сэнатар Рычард Дурбін

Сэнатар Рычард Дурбін заявіў у інтэрвію Радыё Свабода, што ЗША патрэбна і працягваць ціск на рэжым у Беларусі, і мець кантакты: «Калі ёсьць хоць нейкая надзея, што размова з Лукашэнкам ці ягоным рэжымам прывядзе да вызваленьня вязьняў».

Шматгадовы сябра Сэнату Кангрэсу ЗША Рычард Дурбін, ініцыятар шматлікіх рэзалюцый і заяў у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі і ў абарону палітвязьняў, адзін з заснавальнікаў Групы свабоднай Беларусі ў Кангрэсе ЗША, адзін з тых, хто ў 2004 годзе падтрымаў Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, даў інтэрвію Радыё Свабода ў Вільні, куды ён прыехаў на саміт NATO.

Сьцісла:

  • «Віленскі саміт NATO павінен умацаваць рашучасьць у справе падтрымкі адважнага ўкраінскага народу рэсурсамі на ўсіх узроўнях».
  • «Я б скарыстаўся любой магчымасьцю, каб паказаць салідарнасьць са справай свабоды ў Беларусі».
  • «ЗША не павінны ставіць крыж на беларускім народзе, які адстойвае прынцыпы свабоды, і мы павінны яго падтрымліваць».
  • «Абнавіць Акт аб дэмакратыі ў Беларусі — добрая ідэя».
  • «Я б з задавальненьнем прыехаў у Менск, калі б у мяне была такая магчымасьць».

— Спадар Дурбін, мы размаўляем напярэдадні віленскага саміту NATO. Чаго вы чакаеце ад гэтага форуму?

— Для тых з нас, хто сачыў за тым, як краіны Балтыі імкнуцца да незалежнасьці і свабоды, гэта цудоўная падзея. Той факт, што саміт краін-саюзьніц NATO адбудзецца ў Вільні, у Літве, у Балтыі, мае гістарычны характар.

Толькі падумайце, які цудоўны шлях тут прайшлі за апошнія 20–30 гадоў ад статусу савецкіх рэспублік да поўнай свабоды, і цяпер тут асяродак намаганьняў NATO, каб распаўсюджваць свабоду ў Эўропе і за яе межамі. Гэта выдатнае дасягненьне.

— Чаго можа чакаць ад гэтага саміту Україна, а чаго — Беларусь?

— Думаю, што пасьля ўварваньня расейцаў ва Ўкраіну пачаўся надзвычайны пэрыяд. І было сур’ёзнае пытаньне наконт таго, ці зможа NATO прыняць выклік. І тут я хачу аддаць належнае прэзыдэнту Джо Байдэну і ўсім лідэрам NATO за тое, што яны ня толькі прынялі выклік, але і падтрымалі адважны ўкраінскі народ рэсурсамі на ўсіх узроўнях. І я ўпэўнены, што саміт умацуе рашучасьць у гэтай справе.

— Вы шмат гадоў выступаеце за дэмакратыю для Беларусі. Ці плянуеце наведаць падчас саміту ў Вільні паралельныя імпрэзы, якія тычацца Беларусі?

— Нягледзячы на тое, што ў нас у Вільні абмежаваны час, я б скарыстаў любую магчымасьць, каб падкрэсьліць, што як сябра Сэнату Злучаных Штатаў я салідарны са справай свабоды ў Беларусі. Я двойчы ў жыцьці сустракаўся з Лукашэнкам. З сустрэчаў з пацярпелымі ад яго дзеяньняў і зь сем’ямі пацярпелых я вельмі добра ведаю, што ён робіць, каб пазбавіць людзей, якія жывуць у гэтай краіне, свабоды і магчымасьцяў.

Злучаныя Штаты павінны рашуча і выразна супрацьстаяць такім паводзінам Лукашэнкі.

Сэнатар Рычард Дурбін падчас інтэрвію журналісту Свабоды Валеру Каліноўскаму
Сэнатар Рычард Дурбін падчас інтэрвію журналісту Свабоды Валеру Каліноўскаму

— Да Беларусі адсюль вельмі блізка, Менск адсюль за 180 кілямэтраў, але Беларусь як дзяржава пад кіраваньнем Лукашэнкі вельмі далёкая ад заходніх каштоўнасьцяў. Лукашэнка дапамагае Расеі ў вайне супраць Украіны, хоча разьмясьціць на беларускай зямлі расейскую ядзерную зброю і групоўку наймітаў Вагнэра. Ці бачыце вы небясьпеку, што вайна ва Ўкраіне скончыцца нейкай новай жалезнай заслонай, і Беларусь застанецца пад моцным кантролем Расеі? Што могуць зрабіць Злучаныя Штаты, каб прадухіліць гэты сцэнар?

— Гэта складаны выклік. Беларусь цяпер у асноўным закрытае грамадзтва, і нам трэба змагацца, каб данесьці да яго праўду. Справа ў тым, што Беларусь больш чым саюзьнік Масквы, гэта пешка Пуціна і Масквы, і Лукашэнка будзе рабіць тое, што яму загадаюць. Ён сам нават прызнаваў гэта, гаворачы пра свае паводзіны: ну чаго вы ад мяне чакаеце, хіба мяне Расея слухае? Ён разумее, што такая ягоная роля і толькі так ён можа выжыць.

Сэнатар Рычард Дурбін
Сэнатар Рычард Дурбін

Што трэба нам рабіць — гэта ня ставіць крыж на беларускім народзе. Мы ўпэўненыя, што беларусы — гэта людзі, якія, як і ўвесь сьвет, шчыра прагнуць свабоды і магчымасьці мець добрае, прадуктыўнае жыцьцё з асноўнымі свабодамі, якія з гэтым зьвязаныя. Беларусы адстойваюць гэтыя прынцыпы, і мы павінны іх падтрымліваць.

— Два гады таму, пасьля таго як сфальшаваныя выбары ў Беларусі перайшлі ў бясконцыя рэпрэсіі, вы стварылі ў Кангрэсе Групу вольнай Беларусі. Не маглі б вы расказаць пра яе дзейнасьць?

— Самае галоўнае, каб гэтая тэма была перад вачыма ў амэрыканскага народу, каб амэрыканцы не выпускалі з-пад увагі тое, што адбываецца ў Беларусі. Наш сьвет вялікі і небясьпечны, і праблемы ёсьць у самых розных месцах. Але Лукашэнка і спыненьне прасоўваньня свабоды ў Беларусі застаюцца пастаяннай праблемай на працягу дзесяцігодзьдзяў.

Сэнатар Рычард Дурбін у офісе Радыё Свабода ў Вільні
Сэнатар Рычард Дурбін у офісе Радыё Свабода ў Вільні

Амэрыканскі народ павінен разумець, што з прычыны свайго геаграфічнага становішча Беларусь, якая мяжуе краінамі Балтыі, з Польшчай, з Украінай, — гэта крытычна важная частка сьвету, на якую мы павінны зьвяртаць увагу. І гэта адна з прычын, чаму ў Сэнаце Злучаных Штатаў стала патрэбнаю наша група.

— Вы галасавалі за Акт аб дэмакратыі ў Беларусі амаль 20 гадоў таму?

— Так, вядома.

— Ці лічыце вы, што ў цяперашняй палітычнай сытуацыі ЗША павінны прыняць і рэалізаваць новую рэдакцыю Акту аб дэмакратыі ў Беларусі — цяпер яна магла б называцца Актам аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце ў Беларусі?

— Ну, я ня стаў бы выбіраць назву, але ваш выбар мне падабаецца. Паглядзім, як гэта пойдзе. Але я, вядома, хацеў бы пабачыць абнаўленьне гэтага акту, каб прывесьці яго ў адпаведнасьць з сучасным станам рэчаў, каб мы маглі чыніць як мага большы ціск на Лукашэнку, асабліва цяпер, калі ў яго паўтары ці дзьве тысячы палітвязьняў, а той, хто мае сьмеласьць кінуць яму выклік як прэзыдэнту Беларусі, трапляе ў турму назаўтра пасьля выбараў. Абуральна, што такое адбываецца ў XXI стагодзьдзі. Так што тут вельмі шмат працы. І так, я лічу, што абнавіць гэты акт — добрая ідэя.

— Некаторыя аналітыкі кажуць, што шмат хто з заходніх палітыкаў нібыта стаміўся ад Беларусі, бо вайна, бо сытуацыя пагаршаецца, і што яны забыліся пра беларускую рэвалюцыю 2020 году і цяпер лічаць Беларусь дэ-факта расейскай правінцыяй. Гэта праўда, як вы думаеце?

— Спадзяюся, людзі ня прыйдуць да такой высновы. Няма сумневу, што Лукашэнка ляяльны Маскве і Пуціну і будзе рабіць усё, што яму скажуць. Але я ня веру, што ён выступае ад імя беларускага народу, які імкнецца да свабоды ў сваім жыцьці. Таму мы не павінны ставіць крыж на краіне толькі таму, што гэтага патрабуе дыктатар. Мы павінны адстойваць асноўныя прынцыпы і каштоўнасьці.

— І апошняе пытаньне я б пачаў з вашага візыту ў Беларусь у 2011 годзе, калі там таксама былі палітвязьні, хоць і менш, чым цяпер, калі іх тысячы. Пазьней вы сустракаліся з Алесем Бяляцкім, які цяпер зноў палітвязень і адзіны ляўрэат Нобэлеўскай прэміі за кратамі ў сьвеце. Вы таксама падтрымалі Сьвятлану Ціханоўскую, вы вельмі шмат зрабілі для свабоднай Беларусі. Як вы лічыце, ці ёсьць сэнс кантактаваць з рэжымам Лукашэнкі, каб дамовіцца аб вызваленьні палітвязьняў? Ці лічыце вы магчымым і карысным падобны візыт у Беларусь у цяперашняй сытуацыі? Што больш эфэктыўна — працяг ціску ці кантакты?

— Нам трэба і тое, і другое. Не павінна адно пераважаць над другім, калі ёсьць хоць нейкая надзея, што размова з Лукашэнкам ці ягоным рэжымам прывядзе да вызваленьня вязьняў, якія сядзяць несправядліва. Такі шанец трэба скарыстаць. Мы хочам гаварыць і пра палітычнае супрацьстаяньне. Я маю на ўвазе не гвалтоўнае, а палітычнае супрацьстаяньне, калі свабодалюбівыя краіны ўсяго сьвету будуць выступаць супраць Лукашэнкі і знаёміць людзей, якіх яны прадстаўляюць, з тым, што насамрэч адбываецца ў гэтай краіне. Так што, на мой погляд, разглядацца павінны ўсе варыянты.

— А ці хочаце вы яшчэ раз наведаць Менск?

— Я б з задавальненьнем прыехаў у Менск, калі б у мяне была такая магчымасьць. Я быў там два разы, але ўжо даўно, і хацеў бы вярнуцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG