Пра гэта расказваецца ў матэрыяле DW.
Аляксандар з Маладэчна пасьпеў скончыць Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт да пратэстаў у Беларусі, якія ахапілі краіну пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, і паўдзельнічаў у першых акцыях салідарнасьці. Пасьля пачатку масавага перасьледу з палітычных матываў ён праз Украіну зьехаў у Польшчу па праграме для студэнтаў. А адкуль, увосень 2021 году, — на сэмэстар па абмене ў Нямеччыну, у Дрэздэнскі тэхнічны ўнівэрсытэт.
Да красавіка 2022 году з заканчэньнем сэмэстру заканчвалася і студэнцкая віза Аляксандра. У гэты час ужо ішла вайна ва Ўкраіне. Адначасова былы студэнт даведаўся, што ў Беларусі на яго завялі крымінальную справу. Сьледчыя, паводле словаў беларуса, ціснулі на ягоных бацькоў. Аляксандар вырашыў папрасіць палітычнага прытулку ў Нямеччыне: «Я лічыў, што доказаў майго палітычнага перасьледу дастаткова і можна паспрабаваць легалізавацца ў Нямеччыне. Гэта было памылкай».
Са студэнта — ва ўцекачы
Амаль паўтара года беларус застаецца прэтэндэнтам на статус уцекача. За гэты час з адвакатам ён здолеў дамагчыся дазволу на працу, а дзякуючы веданьню нямецкай мовы і падтрымцы нямецкіх сяброў — знайсьці працу. Пры гэтым атрымаць працоўную візу не дазваляе заканадаўства Нямеччыны: «Я працую і наймаю кватэру ў Саксоніі, пры гэтым працягваю афіцыйна лічыцца ў Баварыі і плаціць за пакой у лягеры для ўцекачоў».
Аляксандар кажа, што сёньня ён ня стаў бы прасіць палітычнага прытулку: «Мне каштавала гэта такіх нэрваў і намаганьняў, я ляжаў з паралюшам твару, — дзеліцца беларус. — Нават зь веданьнем нямецкай мовы цяжка. Законы напісаныя даўно, Беларусі ніякім чынам ня тычацца. Большасьць немцаў ня ў курсе падзеяў 2020 году, таму да беларусаў ставяцца перадузята».
Што зьмянілася?
Хоць гісторыю Аляксандра можна лічыць цалкам удалай, атрыманьне палітычнага прытулку ў Нямеччыне для беларусаў па-ранейшаму застаецца няпростым. З 2020 па травень 2023 году ў Нямеччыне афіцыйна падалі заявы аб наданьні статусу ўцекача больш за 1100 грамадзянаў Беларусі, паведаміла DW Фэдэральнае ведамства па справах міграцыі і ўцекачоў (BAMF). На фоне вайны ва Ўкраіне гэтая колькасьць вырасла ўдвая — 441 хадайніцтва аб наданьні прытулку ў 2022 годзе супраць 249 у 2021-м.
Сёлета ўпершыню за некалькі гадоў вырас так званы агульны каэфіцыент абароны. У 2021 годзе ўсяго толькі 2,6% ад усіх зваротаў аб наданьні прытулку, пададзеных грамадзянамі Беларусі ў Нямеччыне, былі задаволеныя нямецкімі ўладамі. У 2022-м — 3,5%, а ў першым паўгодзьдзі бягучага году — ужо 11,8%. Але на практыцы ўсё аказваецца больш складана.
У таварыстве беларускай дыяспары Razam такі нізкі адсотак станоўчых рашэньняў тлумачаць некалькімі прычынамі. Адна зь іх — да 2020 году практычна не было заяў ад беларусаў, якіх перасьледуюць з палітычных прычын. Таму спачатку нямецкія міграцыйныя органы пэўны час разьбіраліся ў сытуацыі. «Толькі ўдзел у пратэстах бяз доказаў палітычнага перасьледу, як правіла, не зьяўляецца падставай для наданьня статусу ўцекача. Але разглядаецца індывідуальна ў кожным асобным выпадку», — удакладняюць у Razam.
Акрамя таго, прэтэндаваць на абарону могуць толькі тыя, хто прыбыў у Нямеччыну. Таму асобы, якія прыехалі ў Нямеччыну, напрыклад, празь Літву ці Польшчу па візах гэтых краінаў, падпадаюць пад дзеяньне Дублінскага пагадненьня. Паводле яго, у прыватнасьці, адказнасьць за наданьне прытулку нясе тая краіна ЭЗ, у якую беларус уехаў першай або якая выдала яму візу. Таму статус уцекача — не для ўсіх беларусаў аптымальны варыянт.
Гуманітарная віза — для каго гэта альтэрнатыва?
Дэпутат бундэстагу ад нямецкай партыі «Саюз-90/„зялёныя“» Робін Вагенэр нагадвае, што для беларусаў, якіх перасьледуюць за іх прафэсійную дзейнасьць або палітычную пазыцыю, ёсьць альтэрнатыва — так званая гуманітарная віза паводле 22 параграфа міграцыйнага заканадаўства Нямеччыны. На яе могуць разьлічваць беларускія актывісты, праваабаронцы, журналісты, лідэры пратэставага руху і страйкамаў.