Прайшоў амаль год. які Гомельскі абласны суд прысудзіў журналістцы «Белсату» Кацярыне Андрэевай 8 гадоў і 3 месяцы калёніі за «здраду дзяржаве». Муж зьняволенай журналісткі Ігар Ільяш расказаў «Народнай Волі» пра апошнія навіны ад жонкі, якая адбывае пакараньне ў Гомельскай калёніі:
«Апошнім часам сувязь з Кацяй, дзякуй Богу, нармальная. І лісты даходзяць, і адваката прапускаюць, і тэлефануе дадому з калёніі. Таксама на мінулым тыдні я без праблем адвёз жонцы вялікую харчовую перадачу на 50 кіляграм. Такая дазваляецца раз на тры месяцы», — дзеліцца Ігар Ільяш.
13 ліпеня споўніцца год, як Кацярыне быў вынесены другі прысуд:
«Магу канстатаваць, што за гэты час мы так і не даведаліся, за што канкрэтна была асуджаная Каця і за што ёй далі такі вялізны тэрмін зьняволеньня»,— адзначыў Ільяш.
- Кацярына Андрэева разам з Дар’яй Чульцовай былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года. Іх асудзілі на два гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.
- Кацярына павінна была выйсьці на волю 5 верасьня 2022 года, аднак 7 красавіка таго года сям’і журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачваньне.
- 13 ліпеня 2022 года Гомельскі абласны суд прысудзіў Кацярыне 8 гадоў і 3 месяцы калёніі за «здраду дзяржаве».