Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына вырашыла накіраваць у Менск часовага паверанага замест амбасадара


Нямецкі сьцяг на будынку Рэйхстагу. Архіўнае фота
Нямецкі сьцяг на будынку Рэйхстагу. Архіўнае фота

Часова паверанымі, а не амбасадарамі прадстаўленыя ў Менску Францыя, Польшча, іншыя краіны Эўразьвязу.

Інтарэсы Нямеччыны ў Беларусі пасьля адʼезду амбасадара Манфрэда Хутэрэра будзе прадстаўляць часовы павераны ў справах. Такі падыход прыняты на ўзроўні Эўразьвязу. Пра гэта Хутэрэр расказаў у інтэрвію, прымеркаваным да завяршэньня ягонай дыпляматычнай місіі. Яно разьмешчана на сайце амбасады:

«У Эўразьвязе цяпер дасягнуты кансэнсус не накіроўваць у Менск новых амбасадараў. Замест гэтага ўстанавілася працэдура прызначэньня часовых павераных. Гэтага будзе прытрымлівацца і Нямеччына», — сказаў амбасадар.

Ён таксама падкрэсьліў, што Нямеччыну і яе партнэраў абʼядноўвае з усімі беларусамі зацікаўленасьць у свабоднай, сувэрэннай, дэмакратычнай, квітнеючай Беларусі:

«Нямеччыну і яе эўрапейскіх і трансатлянтычных партнэраў абʼядноўвае з усімі беларусамі зацікаўленасьць у свабоднай, сувэрэннай, дэмакратычнай, квітнеючай Беларусі, якая паважаецца міжнароднай супольнасьцю. Зацікаўленасьць у дзяржаве, якая падтрымлівае мірныя, канструктыўныя адносіны са сваімі суседзямі. За гэтую зацікаўленасьць Нямеччына і будзе надалей усімі сіламі выступаць праз сваё дыпляматычнае прадстаўніцтва», — дадаў ён.

Хутэрэр падкрэсьліў, што Нямеччына не забудзе палітвязьняў у Беларусі. Фэдэральны ўрад і Эўразьвяз працягваюць патрабаваць іх вызваленьня:

«Фэдэральны ўрад Нямеччыны і Эўразьвяз патрабуюць вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных у Беларусі. Толькі накіраваны на прымірэньне дыялёг паміж уладай і грамадзянскай супольнасьцю, які вядзе да новых свабодных і сумленных выбараў, можа акрэсьліць новы шлях наперад. Такі крок умацаваў бы сувэрэнітэт Беларусі, як ва ўнутранай, так і ў зьнешняй палітыцы», — адзначыў дыплямат.

У цэлым, на яго думку, цяпер нямецка-беларускія адносіны знаходзяцца ў найніжэйшым пункце. Трэнд на разьвіцьцё адносінаў перарваўся ў 2020 годзе ў выніку рэпрэсіяў, а потым становішча пагоршылася з прычыны падтрымкі беларускімі ўладамі расейскай агрэсіі супраць Украіны:

«На жаль, гэты трэнд, які рос, з 2020 году абярнуўся ў сваю процілегласьць у выніку масавых рэпрэсій беларускай улады супраць уласных грамадзян і глыбокага ўцягваньня беларускага кіраўніцтва ў захопніцкую вайну Расеі супраць Украіны. Сёньня мы знаходзімся ў найніжэйшым пункце нямецка-беларускіх адносін.

Для мяне вельмі балючы той факт, што вымушаны былі спыніць сваю дзейнасьць у Беларусі Інстытут імя Гётэ, Германская служба акадэмічных абменаў і іншыя беларускія арганізацыі, зь якімі мы плённа супрацоўнічалі на працягу многіх гадоў», — сказаў дыплямат.

Хутэрэр адзначыў, што «ўдалося прадухіліць іншыя непапраўныя беды для нямецка-беларускіх адносін». Прысутнасьць дыпляматычнай місіі ў Менску дае магчымасьць захаваць кантакты ў розных формах, нямецкі бізнэс працягвае працаваць у краіне:

«Як сваю вельмі асабістую задачу я таксама ўспрымаў захаваньне і разьвіцьцё гістарычнага дару прымірэньня паміж немцамі і беларусамі. Мы, немцы, заўсёды будзем шанаваць памяць ахвяр барбарскіх і недаравальных злачынстваў нацысцкай Нямеччыны ў Беларусі, увекавечаную ў Хатыні, Малым Трасьцянцы, Чырвоным Беразе, Азарычах ці менскай Яме. Гэтыя і іншыя месцы памяці я часта наведваў», — расказаў амбасадар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG