Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэзыдэнтка Літвы лічыць, што Захад дагэтуль адстае ад патрэбных тэмпаў рэагаваньня на рызыкі з Расеі


Экс-прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце. Архіўнае фота
Экс-прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце. Архіўнае фота

«З нас сьмяяліся, нас крытыкавалі і ня чулі. Цяпер, калі мы сустракаемся зь лідэрамі, былымі лідэрамі, яны скардзяцца і кажуць, што ня мелі рацыі», — сказала Даля Грыбаўскаце.

Экс-прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце лічыць, што Паўночнаатлянтычны альянс (NATO) ня змог стрымаць Расею, а Захад усё яшчэ жыве ў зусім «іншым часе», чым Масква, якая мабілізавала ўсё сваё грамадзтва і прамысловасьць для вайны.

«Нам не ўдалося стрымаць Расею, нам не ўдалося стрымаць яе ад вайны. Мы дагэтуль ня можам патлумачыць людзям, што варта рабіць. Мы дагэтуль не змаглі ўзброіць [украінцаў], каб яны маглі нанесьці ўдар у адказ», — сказала Даля Грыбаўскаце на канфэрэнцыі ў Віленскім унівэрсытэце, паведамляе літоўскае выданьне lrt.lt.

Экс-прэзыдэнтка Літвы нагадала, што пасьля анэксіі Крыму ў 2014 годзе палітыкі краін Балтыі папярэджвалі заходніх лідэраў аб пагрозе, якія ідзе ад Расеі, але яны не адказалі.

«З нас сьмяяліся, нас крытыкавалі і ня чулі. Цяпер, калі мы сустракаемся зь лідэрамі, былымі лідэрамі, яны скардзяцца і кажуць, што ня мелі рацыі. Але чаму нас ня чуюць цяпер, што будзе заўтра. Зноў жа, нас слухаюць, але ня чуюць», — дадала яна.

Даля Грыбаўскайце дадала, што распаўсюджаная ў заходнім грамадзтве думка аб тым, што вайна ва Ўкраіне — гэта далёкая праблема, зьяўляецца няздольнасьцю лідэраў краін зрабіць сваю працу і растлумачыць экзыстэнцыйную пагрозу, якую нясе для ўсяго Захаду вайна Расеі супраць Украіны.

«Мы ўсё яшчэ жывём у міры, з пэўнай падтрымкай Украіны, але Расея жыве ў стане вайны, усё яе грамадзтва, яе прамысловасьць ужо знаходзяцца ў стане вайны — ня толькі супраць Украіны, але і супраць усяго Захаду. Але мы яшчэ ня там. Чаму?», — адзначыла яна.

Даля Грыбаўскайце таксама раскрытыкавала намер на чарговым саміце NATO ў Вільні замест сяброўства ў альянсе прапанаваць падтрымку ў складаных заявах.

«Гэта зноў будзе памылка. Мы зноў ня зможам стрымаць Расею», — перакананая экс-прэзыдэнтка Літвы.

У літоўскай сталіцы Вільні 11–12 ліпеня адбудзецца саміт NATO. Прадугледжваецца, што на сустрэчы, апроч пытаньняў бясьпекі ў рэгіёне, абмяркуюць умовы ўступленьня Ўкраіны ў альянс. Як заявіў у інтэрвію Радыё Свабода прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэл, Украіна можа атрымаць гарантыі, якія будуць «нечым сярэднім» паміж ранейшымі гарантыямі NATO Фінляндыі і Ізраілю.

Апроч таго, на саміце ў Вільні можа быць ухвалена рашэньне ў сувязі з плянамі Расеі разьмясьціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі. Цяпер да тэмы перамяшчэньня ядзернай зброі з Расеі ў Беларусь дадалася імавернасьць пераезду на беларускую тэрыторыю вайскоўцаў-наймітаў групы «Вагнэр» пасьля іхнага мяцяжу ў Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG