Першы намесьнік літоўскай Службы аховы кіраўніцтва Паўлюс Няміра на прэс-канфэрэнцыі заявіў, што падобнага па маштабах форуму ў Літве раней не было, піша Delfi.lt.
«Усяго плянуецца, што прыбудзе 48 дэлегацый, у іх будзе каля 2400 чалавек. У іх ліку кіраўнікі 40 краін. У час саміту будуць ахоўваць ня толькі кіраўнікоў краін, але і як мінімум 150 іншых палітыкаў высокага рангу», — сказаў Паўлюс Няміра.
Па ягоных словах, дэлегацыі будуць абслугоўвацца 800 транспартнымі сродкамі.
«Праводзяць апошнія курсы, інструктажы, пераходзім да этапу выкананьня апэрацыі. Паводле падлікаў, за бясьпеку будуць адказваць 12 000 супрацоўнікаў і вайскоўцаў», — расказаў Няміра.
Начальнік падразьдзяленьняў аховы Ўзброеных сіл Літвы Лютаўрас Багачунас рассказаў, што армія выдзеліць 3000 вайскоўцаў для бясьпекі саміту.
«Прыедзе таксама каля 1000 вайскоўцаў NATO, якія таксама дапамогуць у бясьпецы, будуць працаваць разам з арміяй і іншымі службамі, якія адказваюць за бясьпеку», — зазначыў ён.
Багачунас сказаў, што падчас саміту вайскоўцаў можна будзе ўбачыць ня толькі ў Вільні.
«Яны будуць гарантаваць бясьпеку крытычных аб’ектаў, важнай інфраструктуры, мастоў, віядукаў. Будуць падтрымліваць іншыя службы, займацца пошукам выбухоўкі, будуць ахоўваць паветраную прастору і назіраць за ёй. Акрамя таго, вайскоўцы будуць кіраваць аўтамабілямі дэлегацый, выконваць іншыя спэцыфічныя задачы», — сказаў ён, зазначыўшы, што вайскоўцы будуць узброеныя.
Прадстаўнік Дэпартамэнту паліцыі Літвы Міндоўг Акелайціс сказаў, што паліцыя будзе працаваць у чатырох кірунках.
«Два зь іх будуць малапрыкметныя: гэта праца антытэрарыстычнага атраду „Арас“ і Літоўскага бюро крымінальнай паліцыі. Два іншыя — гэта суправаджэньне дэлегацый і падтрыманьне грамадзкага парадку і бясьпекі руху каля месцаў правядзеньня мерапрыемстваў і ва ўсёй Вільні», — сказаў ён.
Намесьнік кіраўніка Службы аховы дзяржмяжы Літвы Антанас Мантвідас нагадаў, што ўрад прыняў рашэньне з 8-й гадзіны 7 ліпеня да 8-й гадзіны 13 ліпеня вярнуць абавязковыя праверкі на ўнутраных межах Літвы з краінамі Эўразьвязу. Пры перасячэньні гэтых пунктаў грамадзяне і іншыя людзі павінны прадʼявіць дзейнае пасьведчаньне асобы. Ён сказаў, што памежнікам будзе дапамагаць паліцыя, мытня, Дэпартамэнт аховы прыроды, а таксама калегі з Латвіі і Польшчы.
Што робяць у Польшчы
Польшча, у сваю чаргу, акрамя заяўленых 500 паліцыянтаў, на ўмацаваньне мяжы зь Беларусьсю адправіць паліцэйскі верталёт, вадамёты і бронетранспартэр. Іх ужо выкарыстоўвалі ў разгар мігранцкага крызісу. На мяжы таксама зьявяцца контратэрарыстычныя падразьдзяленьні і конныя патрулі, паведамляе РАР з спасылкай на Памежную службу краіны.
Раней пра ўзмацненьне ўсходняй мяжы гаварыў віцэ-прэм’ер Польшчы Яраслаў Качыньскі. Польскі ўрад вырашыў умацаваць мяжу на фоне размоваў пра прыбыцьцё ў Беларусь байцоў расейскай ПВК «Вагнэр».
Віцэ-міністар польскага МУС Мацей Вонсік заявіў, што ў сувязі з самітам NATO, які пройдзе ў Вільні 11 і 12 ліпеня, група «Вагнэр» можа арганізоўваць правакацыі.
«Магчыма, што ўся гэтая сітуацыя зь перамяшчэннем наймітаў з групы «Вагнэр» у Беларусь можа быць таксама гульнёй Пуціна і Лукашэнкі перад самітам NATO ў Вільні. Варта памятаць, што вагнэраўцаў больш, чым жаўнераў літоўскай арміі — гэта адзін аспект. Зразумела, краіны NATO бяспечныя, але могуць адбывацца рознага роду правакацыі. Другі бок (Расея і Беларусь. — Рэд.) вядомыя тым, што пастаянна шукаюць любых нагодаў для дэстабілізацыі Захаду», — цытуе Вонсіка Polskie Radio.