Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскага гарэлачнага магната ў Расеі абвінавацілі ў «фінансаваньні тэрарызму»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Расеі абвясьцілі ў вышук украінскага бізнэсоўца Яўгена Чарняка — кіраўніка алькагольнага холдынгу Global Spirits, які валодае гарэлачным брэндам «Хортиця». Пра гэта паведамляе Сьледчы камітэт Расеі.

Супраць Чарняка завялі крымінальную справу аб «фінансаваньні тэрарызму» (частка 1.1 артыкула 205.1 КК РФ). Па вэрсіі сьледзтва, зь лютага па красавік 2022 году Чарняк і іншыя асобы пералічылі 500 мільёнаў расейскіх рублёў (каля 5 мільёнаў даляраў) вайскоўцам Узброеных сілаў Украіны і «іншым украінскім узброеным фармаваньням». У чэрвені 2023 году Чарняк паставіў УСУ тавары, прызначаныя для вядзеньня баявых дзеяньняў, коштам звыш 90 мільёнаў рублёў (каля мільёна даляраў), гаворыцца ў прэсавым рэлізе ведамства.

У расейскім СК заявілі, што падчас расьсьледаваньня яны выявілі дачыненьне да гэтай справы дзьвюх давераных асобаў Чарняка. Абодвух затрымалі, аднаму зь іх прад’яўлена абвінавачаньне ў даваньні хабару, другому — у пасярэдніцтве пры даваньні хабару.

РБК паведаміў, што Замаскварэцкі раённы суд Масквы арыштаваў уладальніка лікёра-гарэлачнага заводу «Родник и К» і кампаніі «Русский Север» Аляксандра Бяспалава, а кіраўніку «Родник и К» Андрэю Лазуціну абраў меру стрыманьня ў выглядзе забароны пэўных дзеяньняў.

У рамках крымінальнай справы Чарняка расейскія сілавікі правялі больш за 10 ператрусаў на тэрыторыі Масквы, Маскоўскай вобласьці і іншых рэгіёнаў.

Расейскія ўлады абвясьцілі, што зьбіраюцца арыштаваць долі арганізацыяў, якія ўваходзяць у холдынг, бэнэфіцыярам якога зьяўляецца Чарняк.

Яўген Чарняк у 2021 годзе займаў 19-е месца ў сьпісе 100 найбагацейшых украінцаў паводле ўкраінскага Forbes. Яго багацьце ацэньвалася ў 470 мільёнаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG