Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэтэндэнт на кандыдата ў прэзыдэнты ЗША ад рэспубліканцаў прыбыў ва Ўкраіну


Уладзімір Зяленскі і Майк Пэнс. 29 чэрвеня 2023
Уладзімір Зяленскі і Майк Пэнс. 29 чэрвеня 2023

Былы віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс, які будзе балятавацца ад Рэспубліканскай партыі на прэзыдэнцкіх выбарах у 2024 годзе, прыбыў у Кіеў зь неабвешчаным візытам.

Пра гэта ён паведаміў у сваім Twitter, апублікаваўшы адпаведную навіну NBC News.

Паводле амэрыканскага тэлеканалу, Пэнс заявіў аб падтрымцы Ўкраіны. На ягоную думку, ЗША павінны адыгрываць вядучую ролю ў барацьбе краіны супраць Расеі.

«Прыехаць сюды проста прыватнай асобай — мець магчымасьць на ўласныя вочы пабачыць гераізм украінскіх вайскоўцаў, пабачыць гераізм людзей тут, у Ірпяні, пабачыць сем’і, чые дамы былі літаральна абстраляныя ў разгар вайны. Несумленнае і несправакаванае расейскае ўварваньне — гэта толькі ўмацоўвае маю рашучасьць выконваць сваю ролю, працягваць заклікаць ЗША да моцнай падтрымкі нашых украінскіх сяброў і саюзьнікаў», — сказаў Пэнс NBC News.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на сустрэчы з былым віцэ-прэзыдэнтам ЗША, патэнцыйным кандыдатам ад рэспубліканцаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2024 году Майкам Пэнсам адзначыў «надзвычай важную і магутную падтрымку» Ўкраіны з боку амэрыканскага народу, прэзыдэнта ЗША Джозэфа Байдэна, Кангрэсу і абедзьвюх партый. Пра гэта 29 чэрвеня паведамілі ў Офісе прэзыдэнта Ўкраіны.

Як паведамляе CNN, падчас візыту былы віцэ-прэзыдэнт ЗША таксама наведаў Бучу, Ірпень і Мошчун, якія моцна пацярпелі ад расейскай акупацыі ў лютым-сакавіку мінулага году.

На пачатку чэрвеня Майк Пэнс падаў у Фэдэральную выбарчую камісію заяўку на вылучэньне сваёй кандыдатуры на пасаду прэзыдэнта на выбарах 2024 году. Пэнс прадстаўляе Рэспубліканскую партыю і будзе змагацца з былым прэзыдэнтам Дональдам Трампам за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG