Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Літвы заклікаў павялічыць бюджэт Эўразьвязу на абарону пасьля мяцяжу Прыгожына і новых выклікаў для бясьпекі


Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, сакавік 2022 году. Архіўнае фота
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, сакавік 2022 году. Архіўнае фота

«Групы гэтых сэрыйных забойцаў могуць знаходзіцца і зьявіцца ў Беларусі ў любы момант, і ніхто ня ведае, калі яны могуць выступіць супраць нас», — сказаў Гітанас Наўседа.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што найміты прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», якія будуць разьмешчаныя ў Беларусі, ствараюць дадатковыя пагрозы для Літвы, Эўразьвязу і калектыўнай бясьпекі.

«Групы гэтых сэрыйных забойцаў могуць знаходзіцца і зьявіцца ў Беларусі ў любы момант, і ніхто ня ведае, калі яны могуць выступіць супраць нас», — цытуе літоўскае выданьне lrt.lt словы Гітанаса Наўседы перад пасяджэньнем Эўрапейскай рады 29 чэрвеня ў Брусэлі (Бэльгія).

Прэзыдэнт Літвы таксама лічыць, што слабы прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін ня менш небясьпечны, чым моцны.

«Мы павінны рухацца ўперад і быць рашучымі, таму што гэта вырашальны момант у гісторыі. Калі мы ня будзем рашучымі і адзінымі цяпер, заўтра будзе надзвычай позна», — падкрэсьліў Гітанас Наўседа.

Паводле яго, сытуацыя зь бясьпекай у Эўропе застаецца складанай і будзе заставацца такой, пакуль працягваецца агрэсія Расеі супраць Украіны, а дзеяньні Расеі становяць 8пагрозу для Эўропы.

«Таму сёньня мы павінны максымальна пашырыць аб’ёмы дапамогі Ўкраіне, пасьлядоўна нарошчваць выдаткі на абаронную прамысловасьць і інфраструктуру, ствараць належныя ўмовы для разьвіцьця абароннай прамысловасьці і яе тэхналягічнай базы, забясьпечваючы тым самым калектыўную абарону NATO», — сказаў літоўскі прэзыдэнт. Яго цытуе афіцыйны сайт.

Гітанас Наўседа таксама заявіў, што трэба ўзмацняць ахову зьнешніх межаў Эўразьвязу і ўхваляць усе рашэньні, якія дапамогуць змагацца зь нелегальнай міграцыяй.

У літоўскай сталіцы Вільні 11–12 ліпеня адбудзецца саміт NATO. Прадугледжваецца, што на сустрэчы, апроч пытаньняў бясьпекі ў рэгіёне, абмяркуюць умовы ўступленьня Ўкраіны ў альянс. Як заявіў у эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода прэзыдэнт Чэхіі генэрал Пэтр Павэл, Украіна можа атрымаць гарантыі, якія будуць «нечым сярэднім» паміж ранейшымі гарантыямі NATO Фінляндыі і Ізраілю.

Апроч таго, на саміце ў Вільні можа быць ухвалена рашэньне ў сувязі з плянамі Расеі разьмясьціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі. Цяпер да тэмы перамяшчэньня ядзернай зброі з Расеі ў Беларусь дадалася імавернасьць пераезду на беларускую тэрыторыю вайскоўцаў-наймітаў групы «Вагнэр» пасьля іхнага мяцяжу ў Расеі.

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG