Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сэкс — гэта радасьць, а ў ВКЛ умелі радавацца і сяляне, і шляхта». Гісторык пра сэкс у Вялікім Княстве


Стала мэмам позьнесавецкая фраза, што «ў СССР сэксу няма». А як было ў Вялікім Княстве Літоўскім? Якія ў той час былі норавы беларусаў і як тагачасная дзяржава рэгулявала сэксуальныя адносіны?

Пра гэта ў эфіры «Гісторыі на Свабодзе» расказвае гісторык Натальля Сьліж, аўтарка кніг пра сэксуальнае жыцьцё ў ВКЛ.

«Сэкс у ВКЛ, вядома ж, быў. Бо каб яго не было, то не было б і СССР. Людзі адно аднаго ў нас кахалі, сэксам займаліся. Людзі лічылі, што сэкс дае здароўе і радасьць, але, вядома ж, гэта было не ў афіцыйных рэчах. У культуры і літаратуры ўсё гэта было», — расказвае Натальля Сьліж.

Першымі дакумэнтамі, у якіх ёсьць згадкі пра сэксуальнае жыцьцё ў ВКЛ, былі хронікі і летапісы. У іх гаварылася пра згвалтаваньні, сватаўство, народныя традыцыі і звычаі. Збольшага згадкі пачынаюцца з XVI стагодзьдзя, калі лепш разьвілася пісьменнасьць.

З сэксуальнай традыцыяй у беларусаў заўсёды зьвязвалася Купальле. Лічылася, што ў купальскую ноч на зямлю сыходзіць максымальная энэргія, бо сонца ўваходзіць у максымальную моц.

«Тады два маладыя чалавекі, хлопец і дзяўчына, вельмі далёка ў лесе шукалі папараць-кветку. Паводле вельмі старых звычаяў, дзеці, якія былі зачатыя ў гэты пэрыяд, лічыліся дзецьмі, дадзенымі Богам. Купальле лічылася сьвятам сэксуальным, бо на гэта была і магчымасьць, і дазвол прыроды», — кажа гісторык.

Дарэчы, гэтае сьвята было важным ня толькі для сялянаў, але і для шляхты. Захавалася нават старая скарга з Ашмяншчыны, калі ксёндз скардзіўся на шляхцянку, якая скарысталася магчымасьцю, што муж зьехаў, і яна вырашыла адсьвяткаваць Купальле. Каля касьцёла зладзілі вялікае вогнішча і ледзь яго не спалілі. А сьвятар быў раззлаваны, бо раней заклікаў людзей не сьвяткаваць гэтага сьвята.

Натальля Сьліж
Натальля Сьліж

У ВКЛ сэксуальныя адносіны рэгуляваліся толькі ў тым выпадку, калі гаворка ішла пра злачынства. Было крымінальнае права, і такія рэчы, як згвалтаваньне або пералюб (шлюбная здрада), адносіліся да злачынстваў.

«Слова „пералюб“ запазычанае з таго часу і вельмі часта выкарыстоўвалася. Яно было і ў Статутах (чужоложъства), і ў кананічным праве. І там, і там яно лічылася грахом. Сьвецкае заканадаўства за гэта карала сьмерцю. У практыцы так было не заўсёды. Але ў іншых краінах пералюб таксама мог перасьледавацца сьмяротнай карай», — кажа Натальля Сьліж.

Шляхту і сялян у ВКЛ судзілі паводле Статутаў, а мяшчан — згодна з Магдэбурскім правам. Нормы былі розныя, але, напрыклад, здрада і згвалтаваньне караліся ў абодвух выпадках сьмяротнай карай. У выпадку шляхты такое здаралася вельмі рэдка. Калі гаворка ідзе пра мяшчан, то шмат што залежала ад таго, як дамовіліся абодва бакі. Калі адзін з бакоў настойваў, то выконвалася сьмяротнае пакараньне. Гэта тычылася і жанчын, калі муж настойваў на пакараньні. Але былі выпадкі, што і жанчына ініцыявала сьмяротнае пакараньне, пры ўмове, што здрадніка злавілі «на гарачым учынку».

«Быў выпадак у сялян, калі жанчына здрадзіла, то муж выгнаў яе з хаты. Падданыя Людвікі Караліны Радзівілаўны з сяла Цесава Пагорскай воласьці Слуцкага павета Іван, Дзьмітрый, Фёдар і Даніла Прыгодзічы, Грый Проневіч, Васіль Рыбачэўскі, Грышка Проневіч абвінавачвалі Палагею Лук’янаўну, жонку Фёдара Ліньніка ў руйнаваньні іх маёмасьці і пералюбе. Жанчына раззлавалася на мужа, што ён выганяў яе з дому за стасункі зь яго родным братам Макарам. Каб яму адпомсьціць яна падпаліла хлеў, а ад яго полымя перакінулася на іх двары. Сяляне патрабавалі для яе сьмяротнага пакарання і кампэнсацыі страт зь яе маёмасьці. Іх словы пацьвердзілі сведкі. Спачатку яе асудзілі на сьмерць, але пасьля вырашылі проста выгнаць з рэгіёну. Па сутнасьці, гэта азначала павольную і пакутлівую сьмерць, бо ніхто яе ня ўзяў бы да сябе. Тое ж сьмяротнае пакараньне».

Забароненая была заафілія. За яе таксама каралі сьмерцю. Два такія выпадкі, напрыклад, былі выяўленыя ў Слуцку. Апошні Статут ВКЛ увёў норму, зьвязаную са сваяцтвам. Калі шлюб быў у блізкай ступені сваяцтва, то ён скасоўваўся. Норма была ўзятая з рэлігіі.

Дарэчы, пазыцыі жанчын і мужчын у дакумэнтах ВКЛ залежалі ад саслоўя і не былі аднолькавыя. У шляхецкім саслоўі мужчына быў вайсковаабавязаны, жанчына мела правы, у тым ліку маёмасныя, але была абмежаваная ў палітычных правах. Жанчыны ў ВКЛ ня ўдзельнічалі ў соймах і сойміках. У мяшчанскім саслоўі жанчына не магла распараджацца нават сваёй маёмасьцю. Прадаць яе яна магла толькі з дазволу сям’і. У сялянства сытуацыя была яшчэ горшая, бо грамадзтва было неадукаванае і ня мела дакумэнтаў.

Нягледзячы на моцны ўплыў рэлігіі на тагачаснае грамадзтва, у ВКЛ былі дазволеныя разводы.

«У XVI стагодзьдзі існаваў невянчаны шлюб. Прышлі, зафіксавалі і разьвяліся. Вянчаны шлюб разводзілі спачатку духоўныя ўлады, а пасьля маёмасьць дзялілі сьвецкія. А сяляне маглі згуляць вясельле, пасьля нешта не спадабалася, узялі рэчы і сышлі з дому. Можна было сысьці ў іншае месца і мець другую сям’ю, бо немагчыма было прасачыць за чалавекам», — расказвае Сьліж.

Калі параўноўваць з тагачаснымі норавамі, якія бытавалі на ўсход і на захад ад ВКЛ, то гісторык канстатуе, што на Захадзе была «большая распуста». У Масковіі ж была большая патрыярхальнасьць грамадзтва, жорсткая сэгрэгацыя мужчын і жанчын.

«Падарожнікі, якія ў той час бывалі ў Масковіі, часта пісалі пра гомасэкуальныя адносіны. Называлі таксама Турэччыну, дзе гэта было распаўсюджана. Але было такое і ў Італіі, дзе існавалі нават суды для гомасэксуалаў», — кажа Натальля Сьліж.

У ВКЛ, як кажа гісторык, гомасэксуальныя дачыненьні, пэўна ж, былі, але ў дакумэнтах гэта не адлюстравана. Адкрыта пра гэта не гаварылася, маглі пляткарыць пра шляхту. Такія плёткі ў той час былі пра Ўладзіслава IV Вазу, пра каралевіча Сабескага. Падобнае стаўленьне было і да Генрыка Валуа, бо яго адзеньне было вельмі нетыповае для традыцыі ВКЛ. Але ніякіх доказаў такой іх сэксуальнай арыентацыі няма.

Прастытуцыя ў ВКЛ не была чымсьці дапушчальным, але і пакараньня за яе доўгі час не было. Толькі трэці Статут ВКЛ уводзіць пакараньне за прастытуцыю. І ня толькі для саміх прастытутак, але і для тых, хто займаецца зводніцтвам. Хутчэй за ўсё, у прастытуцыю траплялі дзяўчаты зь бедных сем’яў, часам гэтым былі вымушаныя займацца нават 12-гадовыя дзеці. Найчасьцей гэта было ў гарадах, дзяўчат трымалі ў памяшканьні і выдавалі кліентам. У Вільні такі дом доўгі час існаваў у доме духавенства, які выявілі пасьля скаргаў. У Горадні адзін сьвятар трымаў пры сабе жанчыну, убіраў яе ў шляхецкія строі і вазіў разам з сабою ў карэце.

У тагачаснай літаратуры ВКЛ эратызм ня быў чымсьці чужым. Перакладаліся італьянскія вершы, яны натхнялі мясцовых аўтараў. Пры двары Радзівілаў былі паэты, якія пісалі на эратычныя тэмы. Нярэдка набывалі эратычныя творы мастацтва.

«Калі нашыя людзі бывалі ў Эўропе, то куплялі там вельмі папулярныя ў той час эратычныя творы. Калекцыя Людвікі Караліны Радзівіл утрымлівае цэлы шэраг розных твораў, зьвязаных з эратызмам», — кажа Натальля Сьліж.

Сэксуальнае жыцьцё было, натуральна, і ў сялян. Але сэксуальныя адносіны яны рэалізоўвалі ня ў хаце, бо сялянская хата — гэта адзін пакой.

«Вясна і лета — сэкс на вуліцы. Зімой было цяжэй. Яны мелі тыя сэксуальныя адносіны, якія былі прадыктаваныя тагачаснымі ўмовамі. Больш інфармацыі з XVIII–XIX ст. Але раней у парафіях скардзіліся на сялян, што яны не бяруць шлюбы, дзяцей ня хрысьцяць, — кажа гісторык. — У нас заўсёды было жыцьцё. Пытаньне ў тым, што мы да сваёй гісторыі ставімся так, што мы маўляў, усе такія прыстойныя. А насамрэч сэкс не зьяўляецца чымсьці прыстойным ці непрыстойным. Гэта натуральная рэч, якая павінна быць у гісторыі кожнай краіны, бо гэта прыносіць шмат радасьці. Нашы людзі ўмелі радавацца, і сяляне, і шляхта. Таму трэба вучыцца ад продкаў, і ня толькі чытаць, але і практыкаваць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG