Яна атрымала запрашэньне на цырымонію ад Міністэрства спорту Польшчы і Аргкамітэту Эўрагульняў, паведаміў на сваім Youtube-канале кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня», намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэтe Павал Латушка, якога запрасілі на цырымонію ў складзе беларускай дэлегацыі.
Акрамя Латушкі, у склад дэлегацыі ўваходзяць прадстаўнікі «вольных беларускіх спартоўцаў», якія цяпер жывуць за мяжой і якія падтрымалі пасьлявыбарчыя пратэсты 2020 году ў Беларусі, а таксама асудзілі расейскую агрэсію ва Ўкраіне:
- беларускі футбаліст Аляксандар Хацкевіч, паўфіналіст Лігі чэмпіёнаў УЭФА, былы галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай Беларусі;
- Сьцяпан Папоў, чэмпіён сьвету і Эўропы ў самба, чэмпіён Эўрапейскіх гульняў, уладальнік дыплёма Fair Play;
- кікбаксэр Іван Ганін, срэбны прызэр Чэмпіянату сьвету, уладальнік Кубку сьвету;
- лучніца Карына Казлоўская, якая заняла 4 месца на Алімпійскіх гульнях у Токіё 2020 году і 3 месца на Кубку Эўропы-2023, пераможца Гран-пры Эўропы 2019 году, срэбная прызэрка Эўрапейскіх гульняў, рэкардсмэнка Беларусі і Польшчы;
- былы генэральны дырэктар футбольнага клюбу БАТЭ (Барысаў) Міхаіл Залеўскі, цяпер намесьнік прадстаўніка Кабінэта па транзыце ўлады, які адказвае за пытаньні санкцыяў у сфэры спорту.
Павал Латушка назваў «вельмі важным» тое, што на цырымоніі адкрыцьця ІІІ Эўрапейскіх гульняў у Кракаве змаглі прысутнічаць «не функцыянэры рэжыму, не [ляяльныя Аляксандру Лукашэнку] спартоўцы, а атлеты, якія сказалі: «Мы за свабоду, за дэмакратычную Беларусь, супраць рэпрэсій, гвалту і катаваньняў», хто сказаў: «Не вайне».
«Мы б хацелі, каб у Эўрапейскіх гульнях удзельнічала і нашая спартовая зборная. Можа быць, нам не хапіла некалькіх тыдняў, [каб атрымаць адпаведны дазвол]. Але гэта першы маленькі крок у правільным кірунку», — сказаў Латушка.
- У рамках ІІІ Эўрапейскіх гульняў пройдуць спаборніцтвы па 29 відах спорту. Прадстаўнікоў Беларусі і Расеі да ўдзелу не дапусьцілі.
- Пасьля поўнамаштабнага нападу Расеі на Ўкраіну, 28 лютага 2022 году Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў міжнародныя спартыўныя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з Расеі і Беларусі. Рэкамэндацыю неадкладна і масава прынялі да выкананьня, у выніку чаго расейскі і беларускі спорт аказаўся амаль у поўнай ізаляцыі.
- Сёлета выканкам МАК пацьвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да Беларусі і РФ, але зазначыў, што спартоўцам нельга забараняць удзельнічаць «толькі праз пашпарт», і рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у спаборніцтвах у нэўтральным статусе, у тым выпадку, калі яны «актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеяньняў» і ня маюць дзейных кантрактаў з сілавымі і ваеннымі ведамствамі сваіх краінаў.
- ІІ Эўрапейскія гульні ў 2019 годзе прымаў Менск.