Паводле атрыманай выданьнем «Новы час» інфармацыі, праверкай тэлефонаў займаюцца звычайныя патрульныя, якія суправаджаюць электрацягнікі і сочаць за парадкам. Выглядае, што яны атрымалі адпаведны загад.
Паведамляецца, што ўвагу сілавікоў прыцягваюць тыя пасажыры, якія падчас падарожжа «сядзяць» у тэлефонах. Такіх людзей супрацоўнікі ў пагонах выклікаюць у тамбур і патрабуюць разблякаваць смартфон для «праверкі».
Паводле назіраньняў чытачоў «Новага Часу», такія выпадкі былі заўважаныя, прынамсі, на маладачанскім кірунку зь Менску. Па выніках праверкі тэлефонаў людзей часам адпускаюць, але здараюцца і затрыманьні.