Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Apple для ААЦ і Windows для Мінэканомікі. Колькі дзяржава траціць на заходняе абсталяваньне і праграмы на фоне размоваў пра айчынны софт


Ілюстрацыйнае архіўнае фота.
Ілюстрацыйнае архіўнае фота.

У Беларусі хочуць распрацаваць сваю апэрацыйную сыстэму і офісны пакет. Нібыта ўжо распрацавалі свой Youtube. Але дзяржаўныя органы трацяць грошы на заходні софт. Расказваем, як гэта адбываецца і ці ёсьць альтэрнатыва.

Сёлета беларускія чыноўнікі гавораць пра распрацоўку свайго ўласнага софту. 21 красавіка міністар сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган падзяліўся плянамі стварыць уласную апэрацыйную сыстэму, браўзэр і офісны пакет. А 12 верасьня ў Беларусі запусьцілі партал videobel. by, які беларускія чыноўнікі назвалі «аналягам YouTube».

Міністар сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган.
Міністар сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган.

Свабода паглядзела дзяржаўныя закупкі праграмнага забесьпячэньня і тэхнікі, і аказалася: нягледзячы на гэтыя заявы, бюджэтныя грошы ідуць на заходні софт і абсталяваньне.

Кампутары і Windows для Мінэканомікі за 83 315 рублёў

Міністэрства эканомікі Беларусі хоча набыць 36 кампутараў, адпаведную заяўку чыноўнікі 24 верасьня разьмясьцілі на сайце дзяржаўных закупак. Абавязковая ўмова — ліцэнзаваная Windows. За кампутары з апэрацыйнай сыстэмай гатовыя заплаціць 83 315 рублёў. У заяўцы ўказана, што гэта павінны быць кампутары ад тайваньскага брэнда, а менавіта — GEEKOM Mini A5.

Гомельская абласная клінічная лякарня ў ліпені падала заяўку на закуп 3 ліцэнзій на Windows Server 2022. Агульны кошт — 18 761 рубель.

Сьветлагорскі раённы выканаўчы камітэт сёлета ў сакавіку набываў ліцэнзію на Windows 10 Pro 64 Bit за 1000 рублёў.

Ноўтбукі для ААЦ з Windows

Сёлета ў ліпені Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце закупіў два дзясяткі ноўтбукаў. Агульны кошт — 108 500 рублёў. У ААЦ набылі адзін Apple Macbook Air 13,6 за 5250 рублёў. А таксама некалькі ноўтбукаў Lenovo і адзін гульнявы ноўтбук Machenike L17A Pulsar. На адным з гэтых кампутараў, згодна з заяўкай, павінна была стаяць Windows.

А летась у чэрвені ААЦ закупляў манаблёкі, у тым ліку некалькі — беларускага брэнду «Тэсла». Такая гандлёвая марка, назва якой — як у кампаніі Ілана Маска, толькі крыліцай, — выпускае манаблёкі ў Беларусі з 2012 году.

Пры гэтым камплектуючыя ў гэтых настольных кампутарах — вытворчасьці Intel і Asus. Агулам ААЦ тады набыў больш за сотню кампутараў на суму 391 900 рублёў. Для некалькі зь іх абавязковая ўмова — усталяваная Windows.

А што з ноўтбукамі ад Horizont

1 верасьня 2022 году Лукашэнка прэзэнтаваў перад школьнікамі «айчынны» ноўтбук Horizont. Аказалася, што ў ім толькі 12% уласна беларускага. Напрыканцы верасьня таго ж году ён выйшаў у продаж.

Згодна з сайтам дзяржзакупак, за апошні год беларускія ноўтбукі Horizont дзяржаўныя органы набывалі толькі адзін раз. Вайсковая частка 01313 прыдбала больш за сотню адзінак агульным коштам 339 890 рублёў.

Больш тэндэраў на закуп беларускіх ноўтбукаў не было. А вось замежны ноўтбук Lenovo, згодна з сайтам дзяржаўных закупак, набывалі за год мінімум 10 разоў.

«Альтэрнатывы заходняму софту няма і ня будзе»

Спэцыяліст у сфэры дзяржаўнага кіраваньня на ўмовах ананімнасьці патлумачыў Свабодзе, што на фоне палітычных заяваў дзяржаўным органам трэба на нечым працаваць тут і цяпер. А заявы робяцца, каб падтрымаць дзяржаўную рыторыку.

«На ўзроўні міністраў і адміністрацыі прэзыдэнта трэба падтрымліваць рыторыку, што Беларусь незалежная ў пляне інфармацыйных тэхналёгій. Аднак у глябальным сьвеце, калі ўсе людзі карыстаюцца глябальнымі прадуктамі, спрабаваць зрабіць сваю праграмную інфраструктуру можа атрымацца толькі на ўзроўні палітычных заяваў і каб атрымаць бюджэт на пробу і на распрацоўку. Дзяржаўным органам трэба працаваць зь нейкім праграмным абсталяваньнем, і яны працуюць з тым, што ёсьць. Альтэрнатывы няма і ня будзе», — тлумачыць спэцыяліст.

Таксама суразмоўца зважае, што распрацоўка свайго праграмнага забесьпячэньня і тэхнікі — добры спосаб атрымаць фінансавую падтрымку і мець працу на нейкі пэрыяд.

«Людзі будуць працаваць, нешта абяцаць і ў кароткай пэрспэктыве зарабляць сабе на дзяржаўных кантрактах», — кажа спэцыяліст.

Адзін з экспэртаў у ІТ-галіне патлумачыў Свабодзе, што некаторыя функцыі праграмнага забесьпячэньня ня будуць працаваць, калі яно пірацкае, таму патрэбная ліцэнзія.

«Мэдычнае абсталяваньне, абсталяваньне на АЭС — там ёсьць стандарты бясьпекі, ніжэй за якія нельга падаць. Каб замяніць усё сваім праграмным забесьпячэньнем, трэба замяніць усю інфраструктуру. Яны ня могуць замяніць усё сваім у адзін момант, гэта нерэальна. Цяпер ім не абысьціся безь ліцэнзійнага софту, бо проста ўсё перастане працаваць», — кажа спэцыяліст.

Раней у Беларусі спрабавалі распрацаваць свой смартфон, свой Starlink, а сваю Windows абяцаюць з 2005 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG