Хоць гэтае апошняе памнажэньне сутнасьцяў, прынятае пры пасярэдніцтве Сьвятланы Ціханоўскай, асаблівай радасьці не выклікае. Але ў параўнаньні з альтэрнатывамі яно выглядае аптымальным, мінімізуючы непазьбежныя нэгатыўныя наступствы скандалу, які ўжо адбыўся.
Найбольшая грамадзкая небясьпека яго палягала ў перасьцярогах, што ў выніку канфлікту можа адбыцца выцек канфідэнцыйнай інфармацыі, якая паставіць пад пагрозу лёс многіх беларусаў. Ці што сам канфлікт — паказьнік таго, што выцек ужо адбылася, што адзін з бакоў канфлікту — засланы агент уладаў.
Калі ў свой час расколваўся БНФ, жарсьцяў было шмат, але небясьпекі выцеку канфідэнцыйнай інфармацыі тады не было і ніхто пра гэта не гаварыў. Па-першае, бо бакі тагачаснага канфлікту такой інфармацыяй і не валодалі. Па-другое, лідэры бакоў канфлікту мелі сталыя грамадзкія рэпутацыі. Абодва бакі цяперашняга скандалу ў ByPol маюць выбухованебясьпечную інфармацыю. Ну а публіка больш-менш ведала аднаго Аляксандра Азарава.
А якія былі шляхі вырашэньня канфлікту? Аляксандар Азараў і Мацьвей Купрэйчык паціснулі б адзін аднаму рукі і сказалі, што абодва ў сваіх абвінавачваньнях проста пагарачыліся? З улікам усяго сказанага гэты варыянт быў, па-першае, неверагодным. Па-другое, калі б ён нейкім цудам адбыўся, такое поўнае прымірэньне выглядала б няшчырым, а абодва бакі — ганарыстымі зваднікамі. Ну і такое ўяўнае прымірэньне не зьняло б падазрэньняў у тым, што нехта зь іх — «засланы казачок».
Варыянт, які падаваўся найбольш імаверным, — што Ціханоўская адназначна стане на бок Азарава, свайго калегі па Аб’яднаным кабінэце, якога яна туды і прызначыла. Ужо прапаноўвала яна ягоную кандыдатуру ByPol ці не, але рашэньне аб прызначэньні прымала Ціханоўская і да пэўнай ступені адказная за свайго прызначэнца. Але тады скандал разгараўся б далей, а падазрэньні наконт выцеку базаў дадзеных толькі ўмацоўваліся б. Калі Азараў добры, а Купрэйчык і яго аднадумцы — кепскія, то кепскімі яны маглі аказацца шмат у чым.
Самым малаімаверным быў варыянт, пры якім Ціханоўская падтрымала б апанэнтаў Азарава. Тое ж далейшае разгараньне скандалу, умацаваньне падазрэньняў і перасьцярог плюс удар па рэпутацыі Ціханоўскай з прычыны няўдалага прызначэньня чальца Кабінэту.
Такім чынам, мэтадам выключэньня прыходзім да таго, што выбраны кампраміс — аптымальнае рашэньне. Абодва бакі прызнаюцца прыстойнымі людзьмі, а не агентамі ўладаў. Іх узаемныя абвінавачаньні прызнаюцца вартымі ўвагі і вывучэньня. Прычым прызнаюцца ня толькі Ціханоўскай, але і самімі бакамі: Купрэйчык і яго аднадумцы пагадзіліся прайсьці паліграф у незалежных экспэртаў; Азараў пагадзіўся на незалежны фінансавы аўдыт. Яны абяцалі спыніць лаянку ў бок адзін аднаго. Ну і, арганізацыя адносна цывілізавана дзеліцца на дзьве.
Мяркуючы па ўсім, узаемныя адносіны там такія, што арганізацыя ў любым выпадку не захавалася б адзінай, раскол адбыўся б так ці інакш. Прычым хутчэй інакш — з працяглым скандалам і ўзаемнымі выключэньнямі.
Перасьцярогі наконт магчымага выцеку канфідэнцыйнай інфармацыі ня тое каб былі цалкам зьнятыя гэтым кампрамісам, але пры іншых варыянтах яны былі б яшчэ большымі.
Ці выканаюць бакі канфлікту абавязаньні, узятыя на сябе ў межах кампрамісу, гэта пытаньне. Ня факт. Адзін бок ці абодва адразу могуць палічыць, што «развод», асьвячоны аўтарытэтам Ціханоўскай, анулюе ўзаемныя прэтэнзіі. Застаецца, праўда, пытаньне прадстаўніцтва былых сілавікоў у Абʼяднаным кабінэце. Кампраміс практычна выключае пазбаўленьне Азарава месца ў Кабінэце. Зь цягам часу там можа знайсьціся месца і для прадстаўніка каманды Купрэйчыка.
Падводзячы вынікі, варта канстатаваць, што скандал у ByPol стаў моцным ударам па рэпутацыі дэмакратычных сілаў, дэмаралізаваў частку іх прыхільнікаў, Але кампраміс з падзелам арганізацыі на дзьве стаў, думаецца, найлепшым, найменш шкодным з кепскіх варыянтаў.
З агульных меркаваньняў адзінства, зразумела, лепшае за рознагалосьсі. Але ў рэальнай сытуацыі часам падзел лепшы за штучнае, няшчырае адзінства. Здараецца, што адзінства захаваць проста немагчыма, нягледзячы на любыя заклікі і спробы аўтарытэтных асобаў.
А наконт таго, што ў беларусаў усяго па два, то, відаць, лёс такі. Максім Гарэцкі пісаў пра «дзьве душы» у аднайменнай аповесьці, а Ігнат Канчэўскі пра амбівалентнасьць беларусаў у «Адвечным шляхам» задоўга да Аляксандра Лукашэнкі. Так што справа, прынамсі, ня толькі ў ім.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.