Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў раскрытыкавала праект новай рэдакцыі закону «Аб свабодзе сумленьня»


Закрыты ўладамі Чырвоны касьцёл у Менску. Архіўнае фота
Закрыты ўладамі Чырвоны касьцёл у Менску. Архіўнае фота

Заўвагі да недастаткова прапрацаванай тэрміналёгіі, а таксама значных супярэчнасьцяў дакумэнту адзначыла Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі, якая выклала свае прапановы да праекту новай рэдакцыі закону «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях».

У рэакцыі на праект закону Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў адзначаецца, што рэлігійныя арганізацыі Каталіцкай царквы ў Беларусі пасьля прыняцьця закону ў цяперашняй рэдакцыі могуць сутыкнуцца з пэўнымі цяжкасьцямі пры выкананьні некаторых навэл прапанаванага законапраекту.

У прыватнасьці, прадстаўнікі Каталіцкай царквы ў новай рэдакцыі праектах выявілі некалькі выпадкаў узмацненьня абмежавальных захадаў для рэлігійных арганізацый.

Праект прадугледжвае зацьвярджэньне абавязковасьці рэлігійнай адукацыі «на адной зь дзяржаўных моў». У Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў мяркуюць, што такая норма абмяжоўвае права выкарыстоўваць мовы нацыянальных меншасьцяў у навучаньні.

«Гэтая норма можа дыскрымінаваць грамадзян шматнацыянальнай Рэспублікі Беларусь – прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў і пазбаўляць іх права карыстацца роднай мовай пры навучаньні рэлігіі», — падкрэсьліваюць аўтары дакумэнту.

Праект новай рэдакцыі закону «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» на мінулым тыдні вынесьлі на грамадзкае абмеркаваньне.

Прадстаўнікі Каталіцкай царквы таксама ўказваюць на тое, што «пры правядзеньні праверак на рэлігійныя грамады можа быць ускладзены абавязак падачы кантрольным органам пайменнага сьпісу навучэнцаў-дзяцей з дадаткам пісьмовых заяў іх бацькоў».

«Гэта істотнае зьмяненьне патрабаваньняў закону, якое цягне за сабой значнае зьмяненьне аб’ёму правоў і абавязкаў вернікаў у бок яго абмежаваньня», — зазначаецца ў дакумэнце.

Таксама ўказваецца на такую навіну ў закон, як наданьне Мінадукацыі і Кабінэту ўпаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў магчымасьці вызначаць «склад інфармацыі аб дзейнасьці па рэлігійнай асьвете дзяцей, якія наведваюць нядзельныя рэлігійныя школы, і парадак яе прадастаўленьня».

Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў зьвяртае ўвагу, што ў іншым артыкуле законапраекту зьмяшчаецца норма аб тым, што «рэлігійная асьвета не зьяўляецца адукацыйнай дзейнасьцю», і падкрэсьліваецца супярэчнасьць у вызначэньні ролі Мінадукацыі як кантрольнага органа.

Артыкул 40 новай рэдакцыі закона зьмяшчае норму, якая «дае дзяржаўным органам, якія ажыцьцяўляюць кантроль за выкананьнем заканадаўства аб свабодзе сумленьня, веравызнаньня і рэлігійных арганізацыях, права накіроўваць сваіх прадстаўнікоў для прысутнасьці на імпрэзах, рэлігійных абрадах, што праводзяцца рэлігійнай арганізацыяй, у нядзельных рэлігійных школах».

«Лічым залішнім і неканструктыўным ажыцьцяўленьне прадстаўнікамі дзяржаўнай улады сваіх функцый на імпрэзах, якія праводзяцца рэлігійнымі арганізацыямі, а тым больш у нядзельных рэлігійных школах без запрашэньня або ўзгадненьня візыту з кіраўніцтвам рэлігійнай арганізацыі», — гаворыцца ў камэнтары.

Што новага ў праекце закону

У Беларусі вынесьлі на грамадзкае абмеркаваньне праект новай рэдакцыі закону «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях». Яно праходзіць на Прававым форуме з 5 па 15 чэрвеня.

Арганізатарам абмеркаваньня выступае Ўпаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў. Законапраект прадугледжвае абнаўленьне закону з улікам новай Канстытуцыі, піша Reform.by.

Як адзначаецца ў абгрунтаваньні да праекту, у ім прадугледжана «замацаваньне прызнаньня асаблівай ролі Беларускай праваслаўнай царквы ў гістарычным станаўленьні і разьвіцьці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народу». Таксама прызнаюцца непадзельнымі з агульнай гісторыяй народу Беларусі іншых хрысьціянскіх, юдэйскіх і ісламскіх рэлігійных арганізацый.

Праект забараняе дзяржаўным органам і іх службовым асобам выкарыстоўваць сваё службовае становішча для фармаваньня ў грамадзян таго ці іншага стаўленьня да рэлігіі. Таксама законам зьбіраюцца забараніць выкарыстоўваць у месцах богаслужэньняў любой сымболікі, акрамя рэлігійнай.

Праект зьмяшчае забарону «разьмяшчэньня тэкстаў і малюнкаў, накіраваных на распальваньне рэлігійнай варожасьці і звады, дзейнасьці рэлігійных арганізацый, накіраванай супраць сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды».

Мяркуецца замацаваць, што рэлігійная асьвета не зьяўляецца адукацыйнай дзейнасьцю. Рэлігійныя арганізацыі павінны будуць штогод даваць справаздачу аб сваёй асьветніцкай дзейнасьці перад мясцовымі ўладамі, у прыватнасьці паведамляць аб колькасьці дзяцей, якія наведваюць нядзельныя школы.

Прапануецца надзяліць мясцовыя органы ўлады правам ствараць камісіі для кантролю за выкананьнем рэлігійнымі арганізацыямі заканадаўства аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях. Органы рэгістрацыі змогуць праводзіць праверку статутнай дзейнасьці рэлігійных арганізацый.

У праекце прапісаны зьмены ў парадак дзяржаўнай рэгістрацыі рэлігійных арганізацый. Так, абавязковай умовай для стварэньня рэспубліканскага рэлігійнага аб’яднаньня стане ўмова дзейнасьці хаця б адной рэлігійнай грамады на тэрыторыі Беларусі ня менш як 30 гадоў, а таксама наяўнасьць у яго складзе ня менш як 15 грамадаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі ўсіх абласьцей і Менску. Для стварэньня мясцовага рэлігійнага аб’яднаньня спатрэбіцца мець ня менш за 10 рэлігійных грамадаў на тэрыторыі розных рэгіёнаў.

Рэлігійныя арганізацыі могуць зьліквідаваць, калі іх дзейнасьць не адпавядае асноўным кірункам унутранай і замежнай палітыкі, канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі. Яшчэ адна падстава для ліквідацыі — непадаваньне двойчы ў вызначаны тэрмін зьвестак для дзяржаўнага рэестру арганізацый, неліквідацыя на працягу паўгода выяўленых парушэньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG