Трагічнае здарэньне адбылося ў акрузе Муанг правінцыі Пхукет 10 чэрвеня ў 16.15 паводле мясцовага часу. Беларуса звалі Аляксандар і яму 26 гадоў. Сябры маладога чалавека шукалі яго некалькі дзён, піша khaosodenglish.com.
Падрабязнасьці паліцыі расказаў сябар Аляксандра 24-гадовы Алік. Паводле яго слоў, беларус пакутаваў на дэпрэсію. Ён два тыдні ляжаў у мясцовым шпіталі Вачыра Пхукет, адкуль выпісаўся 30 траўня. Перад зьнікненьнем ён сказаў, што мае дыярэю і папрасіў адпачынку, але потым зьнік.
Алік і іншыя знаёмыя хлопца шукалі яго цягам двух дзён. У суботу яны ўбачылі сабаку, які выйшаў з лесу з чаравіком беларуса. Алік адправіўся ў тое месца, адкуль прыйшоў сабака — і знайшоў Аляксандра павешаным на адным з дрэў.
Пры першасным аглядзе ранаў на целе беларуса не знайшлі. Больш дэталёвая інфармацыя стане вядомая пасьля ўскрыцьця. Цяпер улады Тайлянду празь беларускае пасольства зьвязваюцца зь сям’ёй Аляксандра.