«Гэта ніжэй за „мёртвую“ кропку ў 12,7 мэтра, калі мы ўжо не можам забраць ваду ў населеныя пункты і для Запароскай АЭС», — заявіў у эфіры ўкраінскага тэлемаратону кіраўнік «Укргідроенерго» Ігар Сірата.
Ён лічыць, што падзеньне ўзроўню вады спыніцца на паказчыку каля 3 мэтраў.
«Калі плаціну ў ніжняй частцы разбурыць да самага падмурка, то глыбіня вадаёма будзе ня больш за тры мэтры, а ў шырыню ён зьменшыцца з 3,5 кілямэтра, як было да выбуху, да 1-1,2 кілямэтра, гэта значыць вернецца ў Дняпрл, як і было да будаўніцтва самога вадасховішча», — растлумачыў адмысловец.
Паводле яго слоў, падзеньне ўзроўню вады можа працягнуцца яшчэ сем-восем дзён. Ігар Сірата дадаў, што палова Кахоўскай ГЭС ужо цалкам пад вадой, другая палова — на 70%. Земляная ўстаўка паміж шлюзам і станцыяй таксама ўжо знаходзіцца пад вадой і падвяргаецца эрозіі.
Раніцай 6 чэрвеня стала вядома аб разбурэньні дамбы Кахоўскай ГЭС. У яе падрыве ўкраінскія ўлады абвінавацілі расейскія акупацыйныя войскі, якія захапілі і кантралявалі ГЭС з 24 лютага 2022 года. Расейскія акупацыйныя ўлады, наадварот, заяўляюць, што менавіта ўкраінскія вайскоўцы ўначы абстралялі і пашкодзілі дамбу Кахоўскай ГЭС.
У кампаніі «Укргідраэнэрга» перакананыя, што разбурэньне акупаванай Кахоўскай ГЭС адбылося з-за выбуху ўнутры станцыі, прычым такі выбух адбыўся ў трох месцах.
ЗША і Вялікая Брытанія заяўляюць, што пакуль рана казаць, што стала прычынай разбурэньня Кахоўскай ГЭС.