Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праект новага ўказу аб таксі: пасажыраў будуць запісваць на відэа, а сілавікі атрымаюць онлайн-доступ да ўсіх заказаў


Машына службы «Яндэкс Таксі» ў Магілёве
Машына службы «Яндэкс Таксі» ў Магілёве

На грамадзкае абмеркаваньне 8 чэрвеня вынесьлі праект указу Аляксандра Лукашэнкі «Аб аўтамабільных перавозках пасажыраў».

Праект прадугледжвае новыя абмежаваньні для ўсіх, хто працуе ў сфэры таксі і нерэгулярных перавозак пасажыраў, а замежныя сэрвісы плянуюць абавязаць правесьці поўную лякалізацыю. Пра гэта паведамляе партал «Зеркало» .

Згодна з праектам указу, замежныя дыспэтчары і сэрвісы таксі змогуць працаваць на тэрыторыі Беларусі, толькі калі створаць тут юрыдычную асобу.

Дыспэтчары і перавозчыкі будуць абавязаныя:

  • выкарыстоўваць для працы толькі праграмы, інфармацыйныя рэсурсы (у тым ліку аплікацыі для атрыманьня заказаў ад кліентаў), разьмешчаныя на беларускіх сэрвэрах і зарэгістраваныя ў адпаведных дзяржаўных рэгістрах. Выкарыстаньне іншых інфармацыйных сыстэм забараняецца, у такім выпадку дзейнасьць будзе карацца як незаконныя перавозкі. У тым ліку нельга карыстацца замежнымі праграмамі і кіроўцам;
  • фіксаваць усе замовы, у тым ліку атрыманыя онлайн, і весьці іх улік, захоўваць інфармацыю пра заказы пяць гадоў;
  • прадастаўляць сілавікам, а таксама кантралюючым і іншым датычным дзяржаўным органам доступ да інфармацыі пра замовы і інфармацыі ў асабістым кабінэце перавозчыка. Гэты доступ павінен быць бясплатны, кругласутачны і дыстанцыйны. Гэтыя рэсурсы і базы дадзеных павінны быць тэхнічна разьмешчаныя на тэрыторыі Беларусі;
  • устанавіць у салёнах машын і аўтобусаў камэры для відэафіксацыі працэсу перавозкі пасажыраў. Захоўваць запісы перавозчыкам на працягу месяца і толькі на рэсурсах, разьмешчаных у Беларусі.

Акрамя таго, Транспартная інспэкцыя ў мэтах кантролю набывае права атрымліваць пэрсанальныя дадзеныя фізычных асобаў бязь іх пісьмовай згоды, у тым ліку з розных баз дадзеных і рэсурсаў, якія вядуць юрыдычныя асобы і прадпрымальнікі.

Праект цяпер «у стадыі грамадзкага абмеркаваньня». Яно працягнецца да 18 чэрвеня на Прававым форуме Беларусі.

У выпадку прыняцьця ўказу большасьць яго палажэньняў уступіць у сілу з 1 студзеня 2024 году, а пункт аб тым, што замежным дыспэтчарам і перавозчыкам нельга будзе ажыцьцяўляць дзейнасьць без рэгістрацыі юрыдычнай асобы ў Беларусі, — праз два месяцы пасьля афіцыйнага апублікаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG