Амаль праз год з моманту сьмерці Івана «Брэста» са Свабодай пагадзілася паразмаўляць яго сяброўка Надзея Ліхашапка. Дзяўчына расказала і пра тое, як Іван сядзеў у турме за бандытызм, і пра ягоны няпросты характар. А таксама пра каханьне і гераізм.
«А дзе твая барада?»
«Мы былі знаёмыя пяць гадоў, дакладней чатыры, калі ня браць у разьлік апошні год. У нас былі вельмі складаныя адносіны, ня ўвесь гэты час мы былі разам», — пачынае аповед Надзея.
Украінка і беларус пазнаёміліся на сайце знаёмстваў. Надзея расказвае, што яе вельмі захапіў вобраз Івана — зь вялікай барадой, у вайсковай форме.
«Мы дамовіліся сустрэцца неяк вечарам, і вось ён прыяжджае, выходзіць з таксі, а ў яго цалкам зголеная барада. І першае, што я пытаюся: „А дзе твая барада?“. Ён: „У сэнсе?“ — „Ну ў цябе на фота такая прыгожая барада, дзе яна?“ — „Божа, табе што, падабаецца барада?“ — „Вядома!“. А ён тады якраз прыехаў з францускага легіёну, быў увесь зарослы, але да барбэра не пасьпяваў, хацеў падраўняць бараду — і адбылася клясыка жанру: зразумеў, што ўсё пагана, і прыняў рашэньне цалкам згаліць. І выглядаў ён тады як маленькі хлопчык, з прышчыкамі на шчоках, вельмі сьмешны».
Дзяўчына расказвае, што першае спатканьне было надзвычай няўдалым, яна больш не хацела бачыцца з Іванам.
«Я памятаю, што села ў трамвай і думаю: „Трэба заўтра неяк напісаць гэтаму хлопцу, што болей мы не пабачымся“. Так я і зрабіла. Але я яму вельмі спадабалася, таму ён пэрыядычна мне пісаў, хоць я і сказала яму, што нам зусім у розныя бакі. Пісаў-пісаў, і месяцы праз два мы зноў сустрэліся. Ён неяк спытаў: „Мо хочаш пакатацца на матацыкле?“. А я дужа падкая на матацыклы, для мяне барада плюс матацыкл — гэта проста забойная сумесь».
Паводле ўкраінкі, далей усё было, як у кіно: прыяжджае Іван, здымае шалом, а там ужо прыгажэзная барада.
«Так мы і пачалі стасавацца, ён амаль штодня прыяжджаў, вельмі прыгожа дабіваўся мяне. Нават мама мая казала: «Надзя, ён як прыяжджае, нават у мяне сэрца ў пяты ад таго, які прыгожы і файны мужчына, і так прыгожа заляцаецца».
На дзень нараджэньня Надзеі Іван падараваў ёй квіткі на канцэрт, а таксама паездку ў Львоў.
«Калі мы вярнуліся са Львова, то ён мне ўручыў дублікат ключоў ад сваёй кватэры і сказаў: „Калі захочаш, то можаш перавозіць да мяне рэчы“. Так мы і зьехаліся. Паўгода мы зь ім пражылі ідэальна. Гэта былі мае найлепшыя паўгода ў жыцьці».
«Вось у кагосьці ранак няўдала пачаўся»
У лістападзе 2018 году Івана Марчука затрымалі ўкраінскія сілавікі. Яго падазравалі ў падпальваньні прадпрыемстваў і гандлі зброяй у складзе злачыннай групоўкі. Усяго беларуса абвінавачвалі ў адзінаццаці эпізодах.
«Для мяне было сюрпрызам, калі ў адну з раніц нас паклалі тварам у падлогу. Ваня мяне адвозіў на працу, мы селі ў машыну, ён кажа: „Пачакай, зараз аліву праверу“. Гэта было дзесьці 7:40 ранку. Іван расказваў потым, што пабачыў бакавым зрокам, як бяжыць атрад сілавікоў, і яшчэ падумаў: „Вось у кагосьці ранак няўдала пачаўся“. А потым да яго даходзіць, што гэта ягоны ранак так пачаўся. У нас цэлы дзень быў вобшук, мяне адпусьцілі дзесьці толькі а восьмай вечара, а Івана забралі».
Паводле ўкраінскіх праваахоўнікаў, Івану Марчуку пагражала да 15 гадоў зьняволеньня. Яго абвінавачвалі ў нападах з выкарыстаньнем супрацьтанкавай зброі і боепрыпасаў.
«Гэта быў цяжкі пэрыяд, я не змагла пратрымацца цалкам. Дзесьці пасьля году зьняволеньня мы пачалі моцна сварыцца і разышліся. І я тады была маладзейшая, і ён таксама, а ён увогуле такі гарачы-гарачы. Падтрымліваць сувязь, калі Іван сядзеў у турме, увогуле ня цяжка, бо гэта ж Украіна. Я пастаянна хадзіла да сьледчага, прасіла яго дазволу на спатканьні. Іван паўгода сядзеў у ізалятары часовага ўтрыманьня, ён адразу пагадзіўся на супрацоўніцтва з паліцыяй. І праз гэта меў пэўныя „плюшкі“: адна з такіх выгод была ў тым, што сьледчы дазваляў нам бачыцца, хоць мы не былі мужам і жонкай. Я прыходзіла, стаяла чаргу (яна магла займаць і чатыры гадзіны), сустракаліся і адседжвалі ўсе свае законныя гадзіны. У мяне засталося шмат лістоў ад Івана з таго пэрыяду. Насіла перадачкі яму, бо Ванька любіў паесьці».
У выніку Івана асудзілі на тры гады і адзін месяц зьняволеньня. Пакараньне адбываў у Барыспальскай калёніі.
«З калёніі мы кантактавалі праз тэлефон, у Івана там быў мабільнік. Там ва ўсіх былі тэлефоны, гэта ўвогуле не праблема. Мы на сувязі былі 24/7. Толькі што маральна было цяжка мне».
Іван Марчук выйшаў з турмы ў сьнежні 2021 году, а ў лютым 2022-га ўжо пачалася вайна.
«Яму нават сьледчы казаў: „Іван, ну ты ж не такі чалавек, які зьвязваецца з бандытамі“. І мне сьледчы тое ж казаў: „Я не ўяўляю, што Іван там рабіў, уражаньне, нібыта ён, як у дзяцінстве, проста трапіў у кепскую кампанію“. Ён ня мог прайсьці міма якой-небудзь бабулі, якая прадавала кветкі ці сьлівы, і мы заўсёды куплялі ў іх. Калі ў крымінальнай справе налічылі адзінаццаць эпізодаў, то я была вельмі зьдзіўленая. „Ваня, як так выйшла?“ — „А я ня ведаю“, — адказваў мне».
«Зараз пачнецца, зараз пачнецца»
Калі Іван выйшаў з турмы, то з Надзеяй яны пабачыліся толькі аднойчы. Дзяўчына зноў сказала беларусу, што гэта іх апошняя сустрэча.
«Я тады хадзіла да псыхоляга, каб не вяртацца да Івана, мне было вельмі цяжка безь яго, я яго кахала, але мне хацелася іншага жыцьця. У Івана ж усё на экстрыме. Я нават не магла назваць нас паўнавартаснай парай. Нават апошні раз, калі мы зь ім былі разам, Іван тады сказаў: «Я настолькі цікавае жыцьцё жыву». А я адказала: «Мабыць, я і не ўяўляю цябе старым з домам, зь дзецьмі, унукамі, са спакойным жыцьцём». Ён глядзіць на мяне і кажа: «І я сябе такім не ўяўляю».
Надзея расказвае, што, нягледзячы на тое, што на момант пачатку вайны яны ўжо паўтара года не былі разам, прыярытэты хутка расставіліся зусім па-іншаму.
«Увесь гэты час (ад 24 лютага 2022 году да сьмерці добраахвотніка. — РС) мы правялі разам. Сумневаў у яго не было, ці ісьці на вайну. Ягоны сябра Паша, зь якім яны разам жылі, расказваў, што Іван ня спаў усю ноч на 24 лютага і казаў: „Зараз пачнецца, зараз пачнецца“. Паша яму казаў: „Ды засьні ты, калі ласка, нічога не пачнецца, чаго ты сябе накручваеш“. А Ваня хадзіў па пакоі, нібыта той маятнік. І тут чуюцца выбухі, Іван кажа: „Ну я ж гаварыў!“ Адразу ж пачаў зьбірацца, ён быў адным зь першых у батальёне Каліноўскага».
Надзея расказвае, што Іван сябе якраз добра адчуваў у вайну, а вось у мірны час пачынаў нудзіцца.
«Вайна — гэта сто працэнтаў яго стыхія. Ён быў вайскоўцам да мозгу касьцей. Калі мы разам жылі, то яму было дастаткова сумна: нездарма зьявіўся матацыкл, нездарма бандыцкія гісторыі — адрэналіну не хапала, ці што. Ён нават хацеў паехаць у Сырыю, лічыў, што там можа быць карысным. Ад самага дзяцінства ён гарэў гэтым Францускім легіёнам, хоць ніхто ў сям’і, апроч дзеда, яго ў гэтым не падтрымліваў».
Украінка кажа, што заўсёды вельмі перажывала, калі «Брэст» ішоў на баявыя заданьні.
«У нас былі супэркароткія перапіскі. Я проста пыталася: „Ок?“. Ён адказваў: „Ок“. Калі з апошняга баявога ён не адказаў, то я зразумела, што нешта ня так, але спадзявалася, што ён у палоне. Я разумела, што Іван абавязкова адпішацца».
«Злаваўся на тых, хто ў тыле»
Надзея расказвае, што незадоўга да сьмерці «Брэст» быў у Кіеве, было шмат унутраных супярэчнасьцяў унутры палка Каліноўскага.
«Іван вельмі злаваўся на тых, хто сядзіць у тыле. Ваня прыехаў у Кіеў і проста іх разносіў, бо ў іх на „нулі“, няма чаго паесьці, а ў штабе на складзе паліцы ад харчу ломяцца. Плюс да ўсяго гісторыя, як Івана пабілі незадоўга да сьмерці (інцыдэнт здарыўся менш чым за тыдзень да гібелі „Брэста“, яны пабіліся з камандзірам батальёну „Тэрор“ Алегам „Варагам“ Васільевым. — РС)».
Надзея нікога не вінаваціць у сьмерці Івана, але пры гэтым кажа, што быў цэлы шэраг фактараў, які склаўся ў такую гісторыю.
«Апошні раз, калі мы былі разам, ён быў вельмі стомлены, злосны, раздражнёны. Ён прыходзіў позна, дзесьці а першай ночы. Я яму кажу: „Ну дэлегуй ты камусьці частку абавязкаў“. А ён адказваў, што ня ведае, каму можна дэлегаваць. Я Івану казала, што яму трэба часьцей бываць у штабе, вырашаць там праблемы. Але Іван быў іншым чалавекам, ён ведаў, дзе ягонае месца; ведаў, што яно на перадавой, і ён сябе там адчуваў як рыба ў вадзе. А ўсе ўнутраныя санта-барбары — гэта было не пра яго. Ён рабіў справу, а не мянціў языком».
На сёньняшні дзень Надзея Ліхашапка ніяк не кантактуе са штабам палка Каліноўскага, хаця дапамагае звычайным хлопцам-добраахвотнікам. Нядаўна дапамагала арганізаваць разьвітаньне зь Міраславам Лазоўскім, які загінуў пад Бахмутам.
«Цяпер для мяне штаб палка Каліноўскага зусім памёр. Я сустракала ў Кіеве бацькоў Івана, іх прывезьлі на машынах для палка. Прыехаў „Кіт“ (камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Прохараў. — РС), павітаўся зь імі, сеў у „тачку“ і зьехаў. Потым гэты „цудоўны“ чалавек прыйшоў да мяне ў кватэру, дзе спыніліся бацькі Івана, зь пісталетам. Быў год палку Каліноўскага. Як вы лічыце, на адзначэньне запрасілі хоць кагосьці са сваякоў загінулых? Нікога-нікога. Мяне запрасілі хлопцы, і тое толькі на апошнія паўгадзіны я прыйшла. Мяне сустракае „Кіт“, працягвае руку, каб павітацца. Я яму адказваю: „Ты лічыш, я падам табе руку?“. Ён такі: „Ну ладна“. А на фоне мільён відэа з Іванам. Я гаварыла з жонкай „Сябро“ (Васіля Парфянкова. — РС), яны робяць выставы ў памяць загінулых, і калі была такая ў Кіеве, то ніхто са штабу проста не прыйшоў. Ну як такое магчыма?»
«Сківіцы цокалі, калі еў»
У францускі Іншаземны легіён Іван запісаўся яшчэ студэнтам. Паехаў у Парыж па турыстычнай пуцёўцы, а там пайшоў на пункт вэрбаваньня легіянэраў, яго ўзялі. Патэлефанаваў маці, што больш ня вернецца ў Беларусь. Маці месяц праплакала.
«Іван быў вельмі валявы чалавек. Яму немагчыма загадваць, каб ён нешта рабіў тое, што ён лічыць няправільным. А ў легіёне, на жаль, было багата дзедаўшчыны, ён шмат з чым не пагаджаўся. У яго была свая пазыцыя ва ўсіх пытаньнях, ад гэтага часта сядзеў у карцары», — расказвае дзяўчына.
Паводле яе, Марчуку найбольш падабалася служыць у Францускай Гвіяне, у джунглях. Таксама падабалася ахоўваць гасьцей, якія прыляталі ў аэрапорт у ААЭ.
«А так ён пабываў у палове сьвету. Ён і маму з братам прывозіў у „Дыснэйлэнд“ у Парыжы».
У Марчука быў матацыкл Kawasaki Z1000. Ён любіў скакаць з парашутам, тарзанкі. Таксама Іван быў зусім не абыякавы да ежы.
«Калі яму было смачна, то ў яго аж сківіцы стукалі адна аб адну. Я нейкі час была хатняй гаспадыняй, дужа любіла яму гатаваць. Ягонай любімай стравай быў зялёны боршч. Таксама ён страшэнна любіў выпечку, я яе рабіла амаль кожны дзень. Ён любіў уключыць якое-небудзь відэа пра Беларусь, сесьці, паставіць ля сябе малако і пірог. І так мог зьесьці палову пірага і выпіць літар малака. І калі яму вельмі смачна, то ён мог выдаваць гукі, падобныя да вуркатаньня. Яшчэ сківіцы цокаюць — і ня трэба ніякіх камплімэнтаў».
А вось алькаголь апошнія гады Іван Марчук цалкам перастаў ужываць.
«Неяк быў момант, калі ў госьці да нас прыехаў яго пабрацім Юры зь легіёну, яны вельмі добра прыклаліся да алькаголю. У нас тады была вельмі паганая ноч, ён злавіў ці „белачку“, ці нешта такое, было вельмі „весела“. І пасьля той ночы ён ня піў абсалютна», — расказвае Надзея.
«Мне не хапае ягонай магілы»
Дзяўчына расказвае, што толькі месяц таму ўсьвядоміла да канца, што Івана больш няма.
«Я ішла па вуліцы, было файнае надвор’е. І я думала, што вельмі шкада, што Іван і іншыя хлопцы гэтага больш ніколі не пабачаць. І тады да мяне прыйшло разуменьне, што мне ўсяго 26 і маё жыцьцё далей будзе бяз Вані, што ўсе цяперашнія пляны я мушу будаваць ужо безь яго».
Асабліва Надзею турбуе той факт, што «Брэст» па-ранейшаму не пахаваны, расейцы так і ня выдалі ягонага цела.
«Мне не хапае месца, дзе зь мірам і спакоем ляжыць Іван Марчук, каб яго магіла была чыстай, прыбранай, каб я магла прыйсьці туды, паразмаўляць зь ім. На сёньня я даю каля 50%, што ягонае цела атрымаецца знайсьці. Калі ён загінуў, то я была ўпэўненая на 100%. Я дужа хачу верыць, што знойдзем. Але рэальнасьць такая, што вельмі шмат гісторый, калі нікога не знаходзілі. Ён дагэтуль мне сьніцца як жывы. Да цяперашняга часу я шукаю яго прозьвішча ў сьпісах на абмен, а потым адкрываю ягонае фота, дзе ён мёртвы, і кажу сама сабе: „Надзя, ня трэба рэзаць самой сабе сэрца“. На тым фота не відаць твар Івана, і ў снах я бачу, як ён прыходзіць з палону, худы ўвесь такі, і кажа: „Цяпер усё будзе добра“. І гэты сон круціцца з зайздроснай пэрыядычнасьцю. І ніхто ж з пабрацімаў асабіста ня бачыў, як Іван загінуў».
Надзея кажа, што часта размаўляла зь Іванам пра ягоную сьмерць. Ён прасіў дзяўчыну працягваць жыць паўнавартасна і пасьля таго, як яго ня стане, не замыкацца ў сабе. Сёньня Надзея працуе на трох працах. Кажа, што боль страты праз год не зьмяншаецца.
«Я ўзяла сябе ў рукі, троху абрасла камянямі па гэтай тэме. Цяпер у мяне адна мэта — пахаваць Івана. Сказаць ягонай маме, што ўжо пахаваны сын, у яго ёсьць месца. Маме Вані я паведаміла пра сьмерць адразу, як толькі сама дазналася. Мы ўвесь час на сувязі, у нас добрыя адносіны. Я дужа ёй удзячная. Яна вельмі клясная, проста неймаверная».
Украінка расказвае, што Іван разам з пабрацімамі на поўным сур’ёзе плянавалі вызваленьне Беларусі пасьля таго, як перамогуць ва Ўкраіне.
«Яны гаварылі пра тое, што загінуць усё адно ў любым выпадку, бо нікому ня трэба рэвалюцыянэры. Я ўспрымала гэтыя гісторыі як нейкі баявік, бо гучала ўсё максымальна непраўдападобна, а яны, тым ня менш, верылі ў гэта. Усе хлопцы ваююць ня толькі за Ўкраіну, але і будучыню Беларусі. Ваня вельмі хацеў вярнуцца ў Беларусь. У яго заўсёды была Беларусь, ён глядзеў, што кажуць Лукашэнка, Ціханоўская. Я заўсёды памятала, што ён беларус, а не ўкраінец. Па-ўкраінску ён не асабліва ўмеў гаварыць, але стараўся вельмі правільна вымавіць слова „Кохаю“».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.