Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд Эўразьвязу адхіліў пазоў беларускага бізнэсоўца Шакуціна, які патрабаваў зьняць санкцыі


Аляксандар Шакуцін, архіўнае фота
Аляксандар Шакуцін, архіўнае фота

У Люксэмбургу 7 чэрвеня прайшоў разгляд яшчэ адной справы прадстаўніка Беларусі, які дамагаўся зьняцьця санкцый Эўразьвязу. 

Пазоў паступіў у Эўрапейскі суд яшчэ ў сакавіку 2021 году. Блізкі да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсовец Аляксандар Шакуцін аспрэчваў абмежавальныя меры ўведзеныя, супраць яго. Яго інтарэсы ў судзе прадстаўляў юрыст Б. Яўцімаў.

На думку пазоўніка, Рада Эўразьвязу нібыта не змагла даць дастатковае тлумачэньне аб'ёму падстаў, выкарыстаных Радай для ўключэньня заяўніка ў санкцыйны сьпіс, у прыватнасьці ў дачыненьні да любога меркаванага ўдзелу ў рэпрэсіях супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі. А таксама нібыта Рада не прадставіла сапраўдных прычын і дапусціла шэраг відавочных памылак у ацэнцы, пастанавіўшы, што заяўнік атрымлівае выгаду ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымлівае яго.

Суд пакінуў эўрапейскія санкцыі супраць Шакуціна ў сіле, гаворыцца ў прэс-рэлізе Суду Эўразьвязу. Эўрапейскі суд палічыў недастатковымі довады, якія прывёў бізнэсовец, каб яго вывелі з-пад санкцый, і адхіліў пазоў. Суд таксама абавязаў яго пакрыць выдаткі, зьвязаныя з разборам.

На думку суду, пазваная Рада Эўрапейскага зьвязу дала дастатковыя доказы, канкрэтныя, дакладныя і пасьлядоўныя, каб пацьвердзіць законнасьць санкцый супраць Шакуціна.

Паводле Эўрапейскай рады, спадар Шакуцін атрымлівае выгаду ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымлівае яго. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году, якія былі прызнаныя Радай Эўразьвязу неадпаведнымі міжнародным стандартам і азмрочаныя рэпрэсіямі супраць незалежных кандыдатаў і жорсткім разгонам мірных пратэстоўцаў, Рада Эўразьвязу ўвяла новы цыкль абмежавальных захадаў у дачыненьні да Беларусі, быў дапоўнены сьпіс асоб, якім забаронены ўезд або транзытны праезд праз тэрыторыю дзяржаў – сяброў зьвязу і чые сродкі і маёмасьць былі замарожаныя.
Сярод асобаў, чые прозьвішчы дадалося да гэтага сьпісу, ёсьць грамадзянін Беларусі Аляксандр Шакуцін.

Рада Эўразьвязу назвала яго, у прыватнасьці, адным зь вядучых бізнэсоўцаў, якія працуюць у Беларусі, ён мае інтарэсы ў будаўніцтве, машынабудаваньні і сельскай гаспадарцы, зьяўляецца атрымальнікам выгады ад прыватызацыі падчас знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Шакуцін таксама быў сябрам прэзыдыюму пралукашэнкаўскага грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь».

Эўразьвяз увёў санкцыі супраць Шакуціна 17 сьнежня 2020 года.

Раней Эўрапейскі суд адхіліў пазовы дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, лідэра ЛДПБ Алега Гайдукевіча, намесьніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі Сяргея Гусачэнкі, дэпутатаў Сьвятланы Любецкай, Аляксандра Амельянюка, якія таксама аспрэчвалі ўведзеныя супраць іх санкцыі Эўразьвязу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG