«Як бы нас ні спрабавалі падзяліць штучнымі бар’ерамі, не атрымаецца», — цытуе Лукашэнку яго прэсавая служба.
Ён назваў гэтыя спробы Захаду «эканамічнай вайной, і ня толькі эканамічнай, якую нам варʼяты гэтыя вядомыя спрабуюць абвясьціць».
«Пакуль цяжка, але ўдаецца трываць усе гэтыя выхадкі. Але бясконца гэта працягвацца ня можа. Таму кіраўніцтва (падкрэсьліваю — кіраўніцтва) балтыйскіх дзяржаваў, ды, напэўна, і Польшчы, павіннае гэта выдатна разумець». Лукашэнка папярэдзіў, каб яны «потым не крыўдзіліся».
З 1 чэрвеня Польшча забараніла перасячэньне мяжы грузавікам, прычэпам і паўпрычэпам, зарэгістраваным у Беларусі і Расеі. Адпаведная пастанова падпісаная міністрам унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюшам Каміньскім. Дакумэнт будзе дзейнічаць да «асаблівага распараджэньня».
- 29 траўня Польшча ўвяла чарговыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі — пасьля таго як Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле прысуд журналісту і дзеячу польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі Андрэю Пачобуту. Як стала вядома, да гэтага Варшава тройчы прапаноўвала Лукашэнку пагадненьне.
- Пра тое, што Польшча яшчэ раней рабіла захады дзеля вызваленьня Пачобута, прапануючы Лукашэнку пагадненьне, яшчэ ў красавіку ў агульных словах казаў міністар замежных спраў Польшчы Зьбігнеў Раў, паведамляе партал wiadomosci.wp.pl са спасылкай на газэту Dziennik Gazeta Prawna.
- Цяпер у Міністэрстве замежных спраў Польшчы на пытаньне журналістаў DGP падкрэсьлілі, што кіраўніцтва МЗС краіны тройчы прапаноўвала Менску сустрэчу на ўзроўні міністраў. Гэтая сустрэча магла б дапамагчы беларускаму рэжыму ў пэўным паляпшэньні вобразу на міжнароднай арэне. Для яе была толькі адна ўмова: кіраўнік беларускай дыпляматыі павінен быў «прывезьці Пачобута на той жа машыне» на сустрэчу.
- Рэжым Лукашэнкі не скарыстаўся дзьвюма такімі прапановамі, а трэцяя сустрэча не адбылася з прычыны таго, што незадоўга да яе памёр кіраўнік беларускай дыпляматыі Ўладзімер Макей.