Паводле дакумэнту, дзеяньне верхняй мяжы скасоўваецца да пачатку студзеня 2025 года. Яго прыняцьце дазволіла Злучаным Штатам унікнуць першага прынамсі за паўстагодзьдзя дэфолту.
Да падпісаньня столь была абмежаваная сумай у 31,4 трыльёна долараў. Гэты ліміт быў цалкам вычарпаны: з 5 чэрвеня міністэрства фінансаў ЗША магло пазбавіцца магчымасьці фінансаваць дзейнасьць ураду.
У пятніцу Байдэн упершыню зьвярнуўся да нацыі з Авальнага кабінэту Белага дому: такія звароты традыцыйна прысьвячаюць тэмам выключнай важнасьці. Ён заявіў, што пагадненьне аб законапраекце паміж Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партыямі дазволіла ЗША «унікнуць крызісу». «Ніводзін бок не атрымаў усяго, чаго ён хацеў, але амэрыканскі народ атрымаў тое, што яму трэба», — заявіў прэзыдэнт ЗША.
Дзеяньне столі прыпынена фактычна да наступнай інаўгурацыі прэзыдэнта. У лістападзе 2024 года пройдуць выбары, у якіх зьбіраецца ўдзельнічаць Байдэн. Рэспубліканская партыя яшчэ ня вызначылася з сваім кандыдатам.