На гэтыя пытаньні адказвае экспэрт украінскага Інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.
— «Больш за 70% насельніцтва Беларусі сёньня супраць Расеі, засмучаныя вайной, падтрымліваюць Украіну», — заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 13 траўня.
14 траўня, падчас цырымоніі ўручэньня яму прэміі Карла Вялікага, Зяленскі паціснуў рукі леташнім беларускім ляўрэаткам той жа прэміі, у тым ліку і Сьвятлане Ціханоўскай.
30 траўня ўкраінскі лідэр заявіў, што «наступная цэль Пуціна — Беларусь».
Раней Беларусь, здаецца, часьцей трактавалася як агрэсар, чым як ахвяра.
Ці сьведчаць гэтыя заявы і жэсты пра тое, што стаўленьне афіцыйнага Кіева да Беларусі і беларусаў мяняецца?
— Заява пра 70% — гэта хутчэй карэкцыя пазыцыі, чым яе зьмена. Летась, адразу пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, ва ўкраінскай грамадзкай думцы, сапраўды, было шмат нэгатыву наконт Беларусі і беларусаў. Тое, што вал гэтага нэгатыву небясьпечны, украінскае кіраўніцтва заўважыла ў чэрвені-ліпені 2022 году.
Распаўсюд наратываў наконт таго, што беларусы ўсе аднолькавыя, што яны шчыльна зьвязаныя з Расеяй, пачаў яшчэ тады зьмяншацца да адносна невялікіх памераў. Так што зьмена палітыкі адбылася, але яшчэ год таму.
Заява пра 70% — гэта наступства павелічэньня цікавасьці да таго, што адбываецца ў Беларусі. Сама гэтая лічба — 70–80% — базуецца на дадзеных апытаньняў Беларускай аналітычнай майстэрні. Паводле іх, прыкладна такая доля рэспандэнтаў выказвалася супраць таго, каб беларускае войска ўступіла ў вайну супраць Украіны.
Наконт пацісканьня рукі Ціханоўскай — тут трэба аддаць належнае арганізатарам цырымоніі ўручэньня прэміі, спадарыням фон дэр Ляен і Грыбаўскайце, якія падвялі Ціханоўскую да Зяленскага падчас урачыстасьці. Ляўрэаты мінулых гадоў прысутнічаюць на цырымоніі. Пацісканьне рукі — гэта жэст ветлівасьці. Тое, што гэты жэст гэтак пэдалюецца пэўнымі беларускімі палітычнымі коламі — сьведчаньне таго, што няма пляну, што рабіць на ўкраінскім кірунку. На працягу году была idée fixe — каб Зяленскі сустрэўся зь Ціханоўскай. Ну вось сустрэўся, паціснуў рукі. А што далей? Гэтая падзея абсалютна нічога ня значыць.
А заява Зяленскага наконт Беларусі як наступнай цэлі Пуціна — гэта вынік паглыбленьня ўплыву РФ на Беларусь. Пэўныя групы ўкраінскіх экспэртаў гэтыя працэсы пільна вывучаюць. Тое, што пра гэта сказаў Зяленскі, — плён гэтага вывучэньня.
— Пачытаў у ФБ меркаваньні некалькіх фрэндаў, якія сочаць за ўкраінскімі мэдыя. Яны лічаць, што тон украінскіх мэдыя і сацыяльных сетак адносна Беларусі зьмяніўся літаральна апошнім часам, стаў больш лагодны. Ці супадае гэта з вашымі ўражаньнямі, з вашымі дасьледаваньнямі?
— Не, насамрэч гэта пачалося адносна даўно. Нядаўна пачаў мяняцца тон абмеркаваньняў Беларусі і беларусаў у сацыяльных сетках, у тым жа Фэйсбуку. Калі казаць пра тройку вядучых украінскіх СМІ — «Новое время», «Дзеркало тижня», «Українська правда», то ўвесну 2022 году ў іх, сапраўды, было шмат нэгатыўных матэрыялаў пра Беларусь. Зь лета 2022 году падобныя матэрыялы сталі там зьяўляцца рэдка. Пачалі публікавацца матэрыялы пра беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Ўкраіны.
І дагэтуль застаюцца людзі, якія дазваляюць сабе контравэрсійныя выказваньні наконт Беларусі і беларусаў. Але калі раней яны разыходзіліся шырока, то цяпер застаюцца ў вельмі вузкім коле.
— 9 траўня МЗС Украіны выступіў з заявай, у якой рэзка асудзіў візыты ў Маскву на сьвяткаваньне лідэраў краінаў СНД. Але ў сьпісе кіраўнікоў, прыгаданых у заяве, не было Аляксандра Лукашэнкі — які ў Маскве таксама быў. Гэта такі адмысловы дэмарш, дэманстрацыя таго, што Кіеў ня лічыць яго легітымным кіраўніком Беларусі?
— Пазыцыя МЗС Украіны адносна статусу Лукашэнкі была агучаная яшчэ ў 2020 годзе. І было б дзіўна, нават у нэгатыўным ключы, узгадваць яго як прэзыдэнта.
Другі момант — гэта тое, што кіраўнікі краінаў Цэнтральнай Азіі і нават Армэніі мелі выбар. А Лукашэнка — не.
— Яшчэ пытаньне — пра стаўленьне Ўкраіны да Беларусі ў вайскова-палітычнай плашчыні.
Камандуючы аб’яднанымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны Сяргей Наеў у траўні заявіў, што цяпер Беларусь абмежавала вайсковае супрацоўніцтва з РФ пастаўкамі зброі, боепрыпасаў, а таксама прадастаўленьнем палігонаў для падрыхтоўкі мабілізаваных.
Сьпікер Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат 30 траўня паведаміў, што апошнія атакі на Кіеў ракетамі і баявымі дронамі адбываліся з поўначы, але не зь Беларусі, а з расейскай Браншчыны.
— У Беларусі хібнае ўяўленьне, грунтаванае на мапе, што Беларусь — на поўначы ад Украіны. Ва Ўкраіне Расея гістарычна — гэта паўночны сусед. Для ўкраінцаў «з поўначы» — гэта з Расеі. А «зь Беларусі» — гэта зь Беларусі.
Што тычыцца вайскова-палітычнай сытуацыі, то яна адсочваецца, пэўная колькасьць сілаў разьмешчаная каля мяжы. Ёсьць камунікацыя з атачэньнем Лукашэнкі. Пасылаюцца паведамленьні, што калі Менск зробіць тое і тое, то яму будзе такі і такі адказ. І ў Менску гэтага адказу пабойваюцца.
— Спадар Ігнат пацьвердзіў, што з кастрычніка мінулага году з тэрыторыі Беларусі і зь яе паветранай прасторы ўдары па Ўкраіне не наносіліся — ані ракетамі, ані баявымі дронамі. Як гэта трактуецца ва Ўкраіне? Гэта воля альбо прыхамаць расейцаў — раней яны абстрэльвалі Ўкраіну зь Беларусі, а з кастрычніка спынілі гэта са сваіх меркаваньняў? Ці гэта так ці інакш вынік палітыкі Лукашэнкі, які дамогся такога рашэньня расейцаў?
— І адно, і другое. Паўтару: ёсьць пэўная камунікацыя з атачэньнем Лукашэнкі, яму тлумачаць, што будзе ў выпадку эскаляцыі. І ўкраінскія сьпікеры, у прыватнасьці сьпікер Паветраных сіл, улічваюць гэта ў сваіх публічных выступах.
Але ёсьць і ўсьведамленьне таго, што калі Расеі пільна спатрэбіцца абстрэльваць Украіну з тэрыторыі Беларусі, то гэта будзе зроблена.
Варта адзначыць, што масавыя абстрэлы Ўкраіны з тэрыторыі Беларусі спыніліся ў траўні летась. Але пасьля гэтага некалькі разоў у паветраную прастору Беларусі заляталі расейскія самалёты і адтуль наносілі ўдары. Прычым кожны такі ўдар адбываўся тады, калі афіцыйны Менск спрабаваў дыстанцыявацца ад Масквы.
Такі абстрэл зь Беларусі адбыўся, калі Менск спрабаваў улезьці ва ўгоду аб вывазе збожжа з Украіны. Тады Лукашэнка прапанаваў гэта рабіць празь Беларусь.
Другі раз расейскі самалёт прыляцеў пасьля таго, як Беларусь паспрабавала праз ААН дамовіцца пра экспарт калійных угнаеньняў.
Расейская лёгіка тут зразумелая. Калі афіцыйны Менск спрабуе паказаць, што ён самастойны суб’ект міжнароднай палітыкі, зь якім можна дамаўляцца па-за Расеяй, то Расея дэманструе, што гэтай субʼектнасьці проста не існуе.
— Як ва Ўкраіне цяпер ацэньваецца імавернасьць сухапутнага ўдару зь Беларусі — расейскімі войскамі разам зь беларускімі ці асобна? І прыгаданы генэрал Наеў, і іншыя ўкраінскія вайскоўцы кажуць, што цяпер, у апошнія месяцы, у Беларусі не былі сфармаваныя ўдарныя групоўкі, якія маглі б учыніць новае ўварваньне.
Узімку ў Беларусі было недзе 10–15 тысячаў расейскіх вайскоўцаў, цяпер, паводле зьвестак украінскіх вайскоўцаў, — недзе каля 2,5 тысячы. Праўда, паводле самых апошніх паведамленьняў, іх колькасьць ізноў павялічваецца.
Але ў цэлым — ці лічаць зараз ва Ўкраіне сухапутны напад зь Беларусі імаверным?
— Цяпер у Беларусі, і сапраўды, няма гэтых ударных груповак, проста няма каму нападаць. Аднак яшчэ паўгода таму вайсковае кіраўніцтва Ўкраіны казала, што напад зь Беларусі малаімаверны. Але была інэрцыя, памяць пра леташні напад. Некаторыя спрабавалі пэдаляваць гэтую тэму, але гэта была хутчэй тэма грамадзкага абмеркаваньня, а ня зьмест заяваў афіцыйных асобаў, якія ведаюць рэальную сытуацыю. Украіна зрабіла пэўныя захады, каб прыкрыць сваю мяжу. Аднак журналіст ці публічная асоба, якая будзе сёньня гаварыць пра актуальную небясьпеку нападу зь Беларусі, будзе выглядаць крыху дзіўна.