Паседжаньне прайшло без падсудных, піша сайт Кавказ.Реалии — пракурор заявіў, што ня ведае, дзе яны знаходзяцца. Гэта зьвязана з тым, што замежнікаў ужо абмянялі.
Абвінавачанымі па справе праходзяць грамадзянін Швэцыі Матыяс Густаўсан, Векаслаў Прабега з Харватыі і грамадзяне Вялікабрытаніі Джон Хардынг, Дылан Хілі і Эндру Хілі. Як распавялі ў прэс-службе суда, падсудныя знаходзіліся пад арыштам у сэпаратысцкай «ДНР», у верасьні мінулага года іх абмянялі. Пры гэтым матэрыялы крымінальнай справы паступілі ў растоўскі суд у красавіку гэтага года.
Дакумэнт, які пацьвярджае абмен, быў засакрэчаны, таму суд задаволіў хадайніцтва пракурора аб запыце ў ваенную паліцыю Мінабароны аб месцазнаходжаньні падсудных. Наступнае паседжаньне прызначылі на 22 чэрвеня.
Аб абмене 40-гадовага Прабегі паведамлялася ў кастрычніку мінулага года. У інтэрв’ю грамадзянін Харватыі расказаў аб катаваньнях у расейскім палоне.
23-гадовы Дылан Хілі быў затрыманы на кантрольна-прапускным пункце ў Запарожжы, куды ён ехаў, каб вывезьці з зоны баявых дзеяньняў украінскую сямʼю. Ён займаўся гуманітарнай дапамогай і дапамагаў мясцовым жыхарам у якасьці валянтэра некамэрцыйнай арганізацыі Presidium Network. 35-гадовы Эндру Хіл быў затрыманы ў Мікалаеўскай вобласьці Ўкраіны.
Джон Хардынг далучыўся да палка «Азоў» у якасьці парамэдыка ў 2018 годзе. Ён быў узяты ў палон разам з байцамі «Азоўсталі» ў Марыюпалі — расейскія СМІ выклалі відэа, на якім медык звяртаецца да прэмʼер-міністра Вялікабрытаніі Барыса Джонсана з просьбай аб абмене. Швэд Маціяс Густаўсан таксама быў сярод байцоў «Азоўсталі».
З пачатку 2023 года ў Паўднёвы акруговы ваенны суд у Растове паступілі крымінальныя справы ў дачыненьні да больш за дзесяць украінскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў расійскім палоне. Характэрна, што ваеннапалонных часьцей абвінавачваюць не ў канкрэтных асабістых злачынствах, а ва ўдзеле ў «тэрарыстычнай супольнасьці», хаця яны служылі ў афіцыйных падразьдзяленьнях Узброеных сіл Украіны.