Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова ўпершыню сустрэлася з сынам у СІЗА
Як стала вядома БАЖ, гомельскай журналістцы і краязнаўцы Ларысе Шчыраковай 30 траўня дазволілі кароткатэрміновае спатканьне з роднымі, на якое хадзіў і яе шаснаццацігадовы сын Сьвятаслаў.
Ад пачуцьцяў Ларыса нават расплакалася, але неўзабаве справілася з эмоцыямі і нават жартавала. Размаўлялі па тэлефоне праз закратаванае вакно каля дзьвюх гадзін.
Ларысу Шчыракову затрымалі ў сьнежні 2022-га, супраць яе завялі крымінальную справу паводле арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).
Фігуранты «справы Аўтуховіча» папрасілі растэрміноўкі на аплату пазоваў
Заяву аб растэрміноўцы выкананьня грамадзянскага пазову разгледзяць у Горадзенскім абласным судзе 6 чэрвеня, паведамляе тэлеграм-канал «Право имеют».
Летась 17 кастрычніка горадзенскі абласны суд агучыў прысуд у «справе Аўтуховіча». На лаве падсудных былі: Мікалай Аўтуховіч, сьвятар Сяргей Разановіч, ягоная жонка Любоў Разановіч, іхны сын Павал Разановіч, пэнсіянэрка Галіна Дзербыш, баранавіцкі актывіст Уладзімер Гундар, актывістка Вольга Маёрава, пэнсіянэрка Ірына Мельхер і яе сын Антон Мельхер, а таксама Ірына Гарачкіна, Віктар Сьнегур і Павел Сава.
Судзьдзя Максім Філатаў прызначыў ад 2,5 да 25 гадоў калёніі. Антона Мельхера вызвалілі ў зале суду, бо залічылі тэрмін утрыманьня пад вартай.
Некаторых зь фігурантаў ужо этапавалі ў калёніі.
Крымінальную справу Паўла Мажэйкі перадалі ў суд
Палітвязьня журналіста і культурніцкага мэнэджэра Паўла Мажэйку абвіначваюць паводле артыкулу 361-4 КК «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці», які прадугледжвае пакараньне да 7 гадоў зьняволеньня.
Яшчэ ў сакавіку Паўлу працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай на 3 месяцы. Тады паведамлялі, што сьледчых дзеяньняў зь ім не вядуць.
25 траўня Павал адзначыў у турме юбілей – 45 гадоў.