Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зафіксавалі перамяшчэньне вайсковай тэхнікі». Украінскія памежнікі зноў пажартавалі зь беларускіх калег. ВІДЭА


На ўкраінскай часты мяжы зь Беларусьсю вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг. Архіўнае фота
На ўкраінскай часты мяжы зь Беларусьсю вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг. Архіўнае фота

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны абнародавала відэазапіс, зроблены з выведнага бесьпілётніка ў паветры на тэрыторыяй Беларусі.

На ім беларускія памежнікі з месца на месца перамяшчаюць свой аўтамабіль.

Гэты запіс украінцы суправаджаюць іранічным камэнтаром:

«Пагроза зь Беларусі⁉️ Дрон украінскіх памежнікаў зафіксаваў перамяшчэньне вайсковай тэхнікі непадалёк ад мяжы».

Украінскія памежнікі пэрыядычна публікуюць свае відэазапісы, зробленыя на мяжы зь Беларусьсю. Сярод іх як жартаўлівыя з пудзілам, так і як аб разьмяшчэньні вялікіх плякатаў з інфармацыяй аб расейскай агрэсіі супраць Украіны і бел-чырвона-белых сьцягоў. Былі факты, калі ўкраінцы сьпявалі гімн Украіны і іншыя песьні.

У беларускіх памежнікаў гэтыя дзеяньні з украінскага выклікаюць абурэньні. Яны называюць іх правакацыямі «з мэтай нейкага запалохваньня і псыхалягічнага ціску на вайскоўцаў, якія ахоўваюць дзяржаўную мяжу Беларусі».

У лютым 2022 году кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.

10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра дамоўленасьць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі. З 15 кастрычніка Расея пачала перакідаць войскі ў Беларусь.

У студзені прайшла тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў». З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна таксама праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў.

Вучэньні адбываюцца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хоць беларускае войска ў баях ня ўдзельнічае. Менавіта пасьля вайсковых манэўраў у Беларусі войскі Расеі ў лютым 2022 году перасеклі мяжу, напаўшы на Ўкраіну.

Украіна актыўна ўмацоўвае паўночныя тэрыторыі, дапускаючы паўторнае ўварваньне праціўніка зь Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG