«Па сваёй сутнасьці, антысэмітызм падзяляе нас, падрывае наш давер да ўрада, інстытутаў і адзін да аднаго, — заявіў муж віцэ-прэзыдэнткі ЗША Камалы Харыс Дуглас Эмхоф, прадстаўляючы стратэгію. — Ён пагражае нашай дэмакратыі і падрывае нашыя амэрыканскія каштоўнасьці, свабоды, агульнасьці і прыстойнасьці».
Белы дом паведаміў, што з усіх зарэгістраваных злачынстваў на глебе нянавісьці па рэлігійных матывах 63% закранаюць членаў габрэйскай грамады, хаця габрэі складаюць толькі 2,4% насельніцтва краіны.
У цэлым, паводле зьвестак ФБР, габрэі зьяўляюцца аб’ектам 4% усіх зарэгістраваных злачынстваў на глебе нянавісьці ў ЗША.
«Стратэгія пацьвярджае прыхільнасьць ЗША барацьбе з антысэмітызмам ва ўсім сьвеце, у тым ліку спробамі дэлегітымізаваць або ізаляваць Дзяржаву Ізраіль у ААН», — заявіла амбасадар ЗША ў ААН Лінда Томас-Грынфілд.
Прапанаваны плян уключае чатыры кірункі працы: павышэньне дасьведчанасьці і разуменьня антысэмітызму, павышэньне бясьпекі габрэйскіх супольнасьцяў, супрацьдзеяньне нармалізацыі антысэмітызму і ўмацаваньне міжсупольнай салідарнасьці.
«Мы вітаем цьвёрды намер прэзыдэнта Байдэна супрацьстаяць пагрозе антысэмітызму, небясьпечнай і перакручанай форме фанатызму, якая атрымала яшчэ шырэйшае распаўсюджваньне ў апошнія гады, галоўным чынам праз узвышэньне экстрэмісцкіх, ультраправых палітычных лідэраў», — заявіў намесьнік нацыянальнага дырэктара Рады па амэрыкана-ісламскім адносінам Эдвард Ахмед Мітчэл.