Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі прапагандысцкія каналы паказалі зварот грамадзяніна Ўкраіны, якога абвінавацілі ў атацы на самалёт у Мачулішчах


Расейскі самалёт A-50 да таго, як быў пашкоджаны на аэрадроме ў Мачулішчах. Архіўнае фота
Расейскі самалёт A-50 да таго, як быў пашкоджаны на аэрадроме ў Мачулішчах. Архіўнае фота

Чалавек, якога назвалі Мікалаем Швяцом, заклікаў прэзыдэнта Ўкраіны зрабіць усё, каб яго вызваліць, бо яму пагражае сьмяротная кара, а сваякоў забясьпечыць аховай.

Расейскі прапагандысцкі тэлеграм-канал Readovka апублікаваў відэазварот нібыта грамадзяніна Ўкраіны Мікалая Швяца, якога беларускія ўлады абвінавацілі ў датычнасьці да атакі на расейскі вайсковы самалёт на аэрадроме Мачулішчы.

Зьняволены Мікалай Швец
Зьняволены Мікалай Швец

На відэазапісе малады чалавек называецца Мікалаем Швяцом, размаўляе па-ўкраінску і сьцьвярджае, што яго ў сьледчым ізалятары КДБ ніхто з украінскіх дыпляматаў не наведваў.

Малады чалавек часта зьбіваецца, пераводзіць вочы ўніз і зноў паўтарае тэкст. Ён заявіў, што ягоныя дзеяньні, а таксама колькасьць задзеяных іншых асобаў у пашкоджаньні самалёта «не выклікаюць сумневаў, што гэта была апэрацыя ўкраінскіх спэцслужбаў».

Хлопец заклікаў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага зрабіць усё, каб яго вызваліць, бо яму пагражае сьмяротная кара, а сваякоў, якія таксама не выходзяць на сувязь, забясьпечыць аховай.

Дзе зроблены запіс гэтага звароту, невядома. Малады чалавек сьцьвярджае, што ён знаходзіцца ў сьледчым ізалятары КДБ. Ён сядзіць у пакоі з жоўтымі сьценамі, на адной зь іх уверсе — адчыненая закратаваная фортка.

Што папярэднічала

На беларускай дзяржаўнай тэлевізіі ўвечары 8 сакавіка агучылі афіцыйную вэрсію пра атаку на расейскі самалёт А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах 26 лютага.

Паводле сюжэту, атаку на самалёт зрабіў затрыманы Мікалай Швец, які, як сьцьвярджаецца, агент Службы бясьпекі Ўкраіны. Да таго зь ім у Століне нібыта сустракалася Ала «Яцута» ці «Ятсута», якая прыехала з Украіны да сваёй сястры Ліліі Шарай. Сьцьвярджаецца, што Яцута таксама агентка СБУ і пасьля выбуху ў Мачулішчах здолела пакінуць тэрыторыю Беларусі.

Швяца назвалі падрыўніком самалёта, хоць і раней, і ў сюжэце сьцьвярджалася, што самалёт не пашкоджаны, бо здолеў празь некалькі дзён паляцець. Пры гэтым галоўная каштоўнасьць самалёта А-50, які ацэньваюць на прыблізна 300 мільёнаў даляраў, ня толькі ў яго здольнасьці лятаць, але і ў адмысловым электронным абсталяваньні.

Мікалая Швяца затрымалі ў доме «пад Бараўлянамі», які належаў сямейнай пары — Анастасіі Пілько і яе мужу Алегу Сычову. Пра тое, што Швяца затрымалі ў гэтым доме, ужо раней паведамляў праваабарончы цэнтар «Вясна». Праваабаронцы паведамілі, што затрыманьне адбылося 4 сакавіка ў садовым таварыстве «Бярозавы Гай» у вёсцы Чарцяж (Бараўлянскі сельсавет). Паводле праваабаронцаў, фота Швяца паказвалі мясцовым жыхарам на мінулым тыдні сілавікі, аднак ніхто зь іх гэтага чалавека ў вёсцы ніколі ня бачыў.

Ва Ўкраіне пашкоджаньне самалёта ў Мачулішчах не камэнтавалі, часьцей сьцьвярджалі, што гэта зрабілі беларускія партызаны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG