Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка: Шэраг краін ЭЗ лабіруе зьняцьце санкцый з «Беларуськалія» у інтарэсах Бразыліі


Павал Латушка
Павал Латушка

Шэраг краін ЭЗ выступае за адмену санкцый у дачыненьні да беларускіх калійных угнаеньняў, дзейнічаючы тым самым у інтарэсах Бразыліі, заявіў 22 мая на сваім ютуб-канале кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ), намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэта (АПК) Павел Латушка.

Паводле яго слоў, Бразылія — асноўны пакупнік беларускага калію.

Краіны ЭЗ, якія лабіруюць зьняцьце абмежаваньняў з «Беларуськалія», аргумэнтуюць сваю пазыцыю тым, што «гэтыя санкцыі былі ўведзены ў папярэдніх пакетах, а зараз у сьвеце голад і праблемы з харчаваньнем», удакладніў Латушка.

Якія менавіта дзяржавы ЭЗ зацікаўлены ў вывадзе калійных угнаеньняў з-пад санкцый, ён не сказаў.

«Калі санкцыі [адносна калію] будуць зьняты, то Лукашэнка зможа штогод атрымліваць прыкладна 1,5 млрд даляраў дадатковых даходаў. Літоўскі бок лічыць, што Лукашэнка зможа зарабляць нават 8 млрд даляраў, калі зноў адкрыецца дарога для паставак беларускіх угнаеньняў на сусьветны рынак», — зазначыў палітык.

Ён таксама паведаміў, што на ўзроўні ЭЗ «узгоднены новы санкцыйны пакет у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі», які «прадугледжвае ліквідацыю ўсіх «дзірак», якія дазваляюць беларускім уладам абыходзіць абмежаваньні і «пастаўляць тавары ў інтарэсах Расеі».

«Гэта дадатковы пакет мяркуе адмінусаваць ад рэжыму каля 200 млн даляраў», — падкрэсьліў Латушка.

«У гэтыя дні ідзе дыскусія ў Бруселі. Мы спадзяемся, што перш за ўсё Польшча і Літва захаваюць жорсткую пазыцыю аб недапушчальнасьці зьняцьця санкцый з рэжыму Лукашэнкі, і гэтая пазыцыя будзе пераважаць. І мы дабʼемся таксама, няхай не сёньня, але ў бліжэйшы час увядзеньня новых санкцый супраць рэжыму за злачынствы, якія ён зьдзяйсьняе», — дадаў намесьнік кіраўніка АПК.

22 траўня перад пачаткам пасяджэньня Рады ЭЗ па замежных справах міністар замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс заявіў аб недапушчальнасьці паслабленьня санкцый у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі.

На яго думку, «неабходна рухацца наперад у пытаньні беларускіх санкцый».

Рада ЭЗ па замежных справах 22 траўня не змагла ўзгадніць 11-ы пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі. Супраць выступіла Вугоршчына.

«Санкцыі шкодзяць Эўропе значна больш, чым Расеі. Я думаю, што 10-ы пакет санкцый не павінен быць дапоўнены 11-м пакетам, які стане сапраўдным выпрабаваньнем для самой Эўропы і для эканомікі эўрапейскіх краін», — сказаў журналістам вугорскі міністар замежных спраў Петэр Сіярта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG