У нядзелю адбудзецца яго сустрэча з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам — гэта пацьвердзіў Белы дом.
Прыезд прэзыдэнта Ўкраіны на саміт супаў з рашэньнем Белага дома пачаць навучаньне ўкраінскіх пілётаў зьнішчальнікам F-16, а таксама дазволіць саюзьнікам адпраўляць гэтыя самалёты Кіеву.
Асаблівую ўвагу камэнтатараў прыцягнула сустрэча Зяленскага з прэмʼер-міністрам Індыі Нарэндрай Модзі. Гэта іх першая сустрэча з пачатку расейскага шырокамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну. Індыя, як і шэраг іншых найбуйных незаходніх краін, займае нэўтральную пазыцыю ў стаўленьні да вайны.
Зяленскі ў сацсетках напісаў, што падчас сустрэчы распавёў індыйскаму прэмʼеру аб гуманітарных патрэбах Украіны, у тым ліку ў разьмініраваньні і мабільных шпіталях, і падзякаваў Модзі за гуманітарную падтрымку і за падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны.
Як паведамляе офіс прэзыдэнта Ўкраіны, на сустрэчы з брытанскім прэмʼерам абмяркоўвалася рэалізацыя дамоўленасьцей, дасягнутых у рамках візыту прэзыдэнта Украіны ў Брытанію 14 траўня. У ходзе перагавораў з італьянскім прэмʼерам абмяркоўвалася навучаньне ўкраінскіх пілётаў у Італіі і палітычная падтрымка Ўкраіны.
Макрон заявіў, што верыць у тое, што наведваньне Зяленскім саміту сямі вядучых дэмакратычных краін можа стаць «пераломным момантам», — цытуе прэзыдэнта Францыі агенцтва AFP. Прэзыдэнт Украіны прыбыў у Японію менавіта на францускім урадавым самалёце. «Дзеля перамогі Украіны. Дзеля вяртаньня міру ў Эўропу» — напісаў у твітэры Макрон.
Зяленскі напісаў, што падзякаваў Францыі за падтрымку прадастаўленьня Кіеву зьнішчальнікаў і ўдзел у трэніровачнай місіі па падрыхтоўцы ўкраінскіх лётчыкаў, а таксама расказаў Макрону аб сваіх сустрэчах з лідэрамі арабскіх краін. На сустрэчы з Шольцам прэзыдэнт Украіны падзякаваў канцлеру за «магутную абаронную дапамогу», якую Ўкраіна атрымлівае ад ФРГ.