Лінкі ўнівэрсальнага доступу

G7: Спартоўцы зь Беларусі і Расеі «не павінны выступаць» пад сьцягамі сваіх дзяржаў


Падчас акцыі супраць удзелу спартоўцаў Расеі і Беларусі ў Алімпіядзе 2024 году з прычыны вайны супраць Украіны. Тбілісі, Грузія, 26 сакавіка 2023 году.
Падчас акцыі супраць удзелу спартоўцаў Расеі і Беларусі ў Алімпіядзе 2024 году з прычыны вайны супраць Украіны. Тбілісі, Грузія, 26 сакавіка 2023 году.

Лідэры краінаў «Вялікай сямёркі» (G7) лічаць, што спартоўцы зь Беларусі і Расеі не павінны выступаць на міжнародных спаборніцтвах пад сьцягамі сваіх краінаў.

Як паведамляе партал insidethegames.biz, у адпаведнай заяве прэзыдэнты ЗША — Джо Байдэн і Францыі — Эманюэль Макрон, прэм’ер-міністры Японіі — Фуміё Кісіда, Італіі — Джорджа Мэлёні, Вялікай Брытаніі — Рышы Сунак, Канады — Джастын Трудо, канцлер Нямеччыныі Оляф Шольц і кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен падкрэсьлілі, што «зьвяртаюць увагу на ўплыў расейскай агрэсіі на міжнародны спорт».

«Цалкам паважаючы аўтаномію спартыўных арганізацый, мы нацэленыя на сумленнае спартыўнае спаборніцтва, а таксама на тое, каб расейскія і беларускія спартоўцы не выступалі ў якасьці прадстаўнікоў сваіх дзяржаў», — заявілі яны.

Расея не павінна мець права выкарыстоўваць спорт для легітымацыі свайго «барбарскага і несправакаванага» ўварваньня ва Ўкраіну, а Беларусь — для таго, каб узаконіць свой удзел у гэтай агрэсіўнай вайне, — так гаварылася ў сумеснай заяве міністраў спорту і прыраўнаных да іх высокапастаўленых прадстаўнікоў 36 краінаў ад 4 траўня.

Дакумэнт падпісалі прадстаўнікі Альбаніі, Аўстраліі, Аўстрыі, Бэльгіі, Баўгарыі, Вялікай Брытаніі, Гішпаніі, Грэцыі, Даніі, ЗША, Ірляндыі, Ісьляндыі, Італіі, Канады, Кіпру, Латвіі, Літвы, Ліхтэнштэйну, Люксэмбургу, Нарвэгіі, Нідэрляндаў, Новай Зэляндыі, Нямеччыны, Партугаліі, Паўднёвай Карэі, Польшчы, Славаччыны, Славеніі, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швэцыі, Эстоніі і Японіі.

28 сакавіка гэтага году па выніках пасяджэньня выканкаму МАК выпусьціў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым атлеты могуць спаборнічаць «у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў» (без выкарыстаньня сьцяга, гімна і сымболікі сваіх дзяржаваў) і толькі ў тым выпадку, калі яны «актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеяньняў» і ня маюць дзейных кантрактаў зь сілавымі і вайсковымі ведамствамі сваіх краінаў.

«Апошнія заявы Міжнароднага алімпійскага камітэту аб крытэрыях допуску беларускіх спартоўцаў на Алімпіяду-2024 у Парыжы накіраваныя на станоўчае вырашэньне пытаньня», — заявіў старшыня Нацыянальнага алімпійскага камітэту (НАК) Беларусі Віктар Лукашэнка 26 красавіка на адкрыцьці III форуму атлетаў у Менску.

«Пацяпленьне ёсьць, але да сапраўднага „лета“ яшчэ трэба працаваць. Паважаныя атлеты, удзел у гульнях у Парыжы застаецца нашай галоўнай мэтай», — сказаў ён.

28 лютага 2022 году, праз чатыры дні пасьля поўнамаштабнага ўварваньня расейскай арміі на тэрыторыю Ўкраіны, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў міжнародныя спартыўныя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з Расеі і Беларусі. Гэтую рэкамэндацыю прынялі да выкананьня неадкладна і масава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG