Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнтагон: пашкоджаную ў Кіеве сыстэму СПА Patriot адрамантавалі і вярнулі ва ўжытак


Сыстэма СПА Patriot. Ілюстрацыйнае фота
Сыстэма СПА Patriot. Ілюстрацыйнае фота

Пашкоджаную ў выніку ракетнага ўдару па Кіеве сыстэму супрацьпаветранай абароны Patriot адрамантавалі. Аб гэтым на брыфінгу паведаміла прадстаўнік Мінабароны ЗША Сабрына Сінгх.

Паводле яе, тая з сыстэм Patriot, якая была пашкоджаная, зараз цалкам адноўлена і вярнулася да працы. Дапамаглі ў рамонце спэцыялісты са ЗША.

Ва Ўкраіне знаходзяцца два комплексы Patriot. Адзін зь іх, як паведамлялася, быў пашкоджаны ў выніку ракетнай атакі ў ноч на 16 траўня, калі расейскія войскі нанесьлі ўдар, выкарыстаўшы ў тым ліку шэсьць балістычных ракет «Кінжал», крылатыя ракеты «Калібр» і ракеты наземнага базаваньня «Іскандэр-М».

У Міністэрстве абароны Расеі тады заявілі аб зьнішчэньні ракетай «Кінжал» у Кіеве сыстэмы Patriot. Пазьней тэлеканал CNN з спасылкай на амэрыканскага чыноўніка паведаміў, што Patriot, хутчэй за ўсё, быў пашкоджаны, але ня зьнішчаны.

Затым Мінабароны РФ заявіла, што было зьнішчана пяць пускавых установак комплексу і радар. Доказаў сваіх сьцьвярджэньняў ведамства не прывяло. СNN, у сваю чаргу, са спасылкай на амэрыканскіх службоўцаў паведаміў, што комплекс Patriot атрымаў мінімальную шкоду ад расейскага ракетнага ўдару.

Прэс-аташэ Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат у этэры «Адзінага тэлемаратону» назваў заявы Мінабароны Расеі «прапагандай» і падкрэсьліў, што ўвесь зэнітна-ракетны комплекс Patriot немагчыма зьнішчыць адной ракетай «Кінжал», бо кампанэнты, зь якіх складаецца Patriot, разьнесеныя на значную адлегласьць.

17 траўня Служба бясьпекі Ўкраіны ўстанавіла асобы шасьці жыхароў Кіева, якія зьнялі і выклалі ў сацсетцы відэа работы ўкраінскіх сіл СПА падчас інтэнсіўнага ракетнага абстрэлу сталіцы Ўкраіны ў ноч на 16 траўня. У іх канфіскавалі мабільныя тэлефоны і кампутарную тэхніку. Заведзена крымінальная справа.

Акрамя таго, кібэрспэцыялісты службы заблякавалі работу онлайн-камэр, якія ў аўтаматычным рэжыме фіксавалі працу ўкраінскіх сіл СПА. Улады Ўкраіны неаднаразова прасілі жыхароў не здымаць, як працуюць СПА.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG