Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BEROC: За два апошнія гады толькі ў Польшчу зь Беларусі выехала да 111,5 тысячы чалавек


Акцыя беларусаў у Варшаве. 14 сакавіка 2021 году
Акцыя беларусаў у Варшаве. 14 сакавіка 2021 году

За два гады толькі ў Польшчу зь Беларусі выехала 97–111,5 тысячы грамадзян, заявіла на брыфінгу 18 траўня старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна.

Экспэрт падкрэсьліла: дасьледавалася міграцыя беларусаў у краіны Эўразьвязу, бо там «усё рэгіструецца і фіксуецца».

«Колькасьць мігрантаў зь Беларусі ў краіны ЭЗ можна ацаніць толькі прыкладна, у пэўным калідоры значэньняў паміж выдадзенымі ВНЖ, колькасьцю выдадзеных нацыянальных візаў, першасных дазволаў, а таксама спэцыфічнымі для асобных краін паказчыкамі», — растлумачыла Анастасія Лузгіна.

На пачатак 2023 году ў Польшчы жылі 65 тысяч грамадзян Беларусі са статусам, неабходным для пастаяннага знаходжаньня на тэрыторыі краіны.

У 2022 годзе амаль 70 тысяч беларусаў падалі заявы на атрыманьне таго ці іншага статусу для пастаяннага пражываньня. Пазытыўны адказ на сваё прашэньне (але не дакумэнты) атрымалі 41,5 тысячы чалавек.

«Колькасьць людзей, якія атрымалі права жыць у Польшчы, год ад году расла, — адзначыла экспэрт. — Запаволеньне росту адбылося ў 2020 годзе, што было, хутчэй за ўсё, зьвязана з ковіднымі абмежаваньнямі. Рост міграцыі ў 2021 годзе тлумачыцца паступовым паслабленьнем пандэмічных абмежаваньняў пры адначасовым захаваньні стымулаў для ад’езду людзей зь Беларусі з палітычных матываў. Найбольш масавы прыток грамадзян Беларусі і атрыманьне імі дазволу на пастаяннае знаходжаньне ў Польшчы адбыліся ў 2022 годзе», — паведаміла Лузгіна.

Асноўнымі прычынамі для пераезду, адзначыла яна, сталі пагаршэньне палітычнай абстаноўкі, страх перад магчымасьцю адкрытага ўступленьня Беларусі ў вайну і прызывам, а таксама сытуацыя ў эканоміцы.

«Зь Беларусі ў апошнія гады выяжджалі найперш маладыя спэцыялісты, бацькі зь дзецьмі, студэнты. Гэта сьведчыць аб тым, якой будучыні чакае беларускі рынак працы», — сказала экспэрт.

Прадстаўніца BEROC адзначыла, што са жніўня 2020-га па канец 2022-га Польшча выдала беларусам больш за 500 тысяч візаў (за 2022-ы — 278 тысяч). Паводле яе слоў, гэта не азначае, што ўсе яны адразу пераехалі ці зьбіраюцца пераехаць у Польшчу.

Як паведамілі Свабодзе ва Ўправе па справах замежных грамадзян Польшчы, з 2020 па сакавік 2023 году ў Польшчы выдалі 79 030 дазволаў на жыхарства для беларусаў.

Гэта часовыя і сталыя дазволы на жыхарства разам. Паводле польскіх уладаў, большасьць беларусаў атрымліваюць працоўны дазвол на жыхарства ў Польшчы, іх 62% ад агульнай колькасьці. На другім месцы ўзьяднаньне сям’і — 17%.

Сярод тых беларусаў, якія за тры гады пераехалі ў Польшчу на сталае месца жыхарства, большасьць складаюць людзі ва ўзросьце ад 18 да 34 гадоў. Зь іх мужчын — 57%, жанчын — 43%. Большасьць беларусаў Польшчы жывуць у Мазавецкім ваяводзтве (дзе Варшава) і Падляскім (дзе Беласток).

Акрамя дазволаў на жыхарства, са жніўня 2020-га па сакавік 2023 году ўлады Польшчы выдалі грамадзянам Беларусі 101 949 візаў па праграме Poland Business Harbour і 50 831 гуманітарную візу.

Агулам, паводле польскіх уладаў, у іхнай краіне цяпер жывуць сама меней 79 030 беларусаў (без уліку тых, хто знаходзіцца ў краіне па візе і пакуль не атрымаў дазволу на жыхарства). Калі ўлічваць выдадзеныя візы, то беларусаў у Польшчы можа быць значна больш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG