Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне і Расеі падтрымалі візыт лідэраў афрыканскіх дзяржаў зь мірнай ініцыятывай. Яго заплянавалі на чэрвень


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, архіўнае фота
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, архіўнае фота

Прэс-сакратар Уладзіміра Зяленскага Сяргей Нікіфараў расказаў пра размову, якая адбылася паміж прэзыдэнтам Украіны і прэзыдэнтам ПАР Сірылам Рамафосам 13 траўня.

«Прэзыдэнт Украіны вітаў такую мірную ініцыятыву. Уладзімір Зяленскі гатовы прыняць высокіх гасьцей ва Ўкраіне, выслухаць іх прапановы, расказаць пра ўкраінскую формулу міру і запрасіць далучыцца да яе рэалізацыі», — сказаў Нікіфараў «РБК-Украіна».

Міністар замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў заявіў, што Расея «гатовая разглядаць прапановы па вырашэньні ўкраінскага крызісу ад краінаў Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі», паведамляе ТАСС. Пры гэтым Лаўроў адзначыў, што заходнія краіны настойваюць на тым, што гатовыя разглядаць толькі «мірны плян» Зяленскага ў кантэксьце ўрэгуляваньня вакол Украіны, але не прымаюць ініцыятываў, якія гатовая абмяркоўваць Масква.

16 траўня прэзыдэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Сірыл Рамафоса абвясьціў, што дамогся згоды на афрыканскую мірную місію як ва Ўкраіны, так і ў Расеі. «Мае гутаркі з двума лідэрамі паказалі, што яны абодва гатовыя прыняць афрыканскіх лідэраў і абмеркаваць, як можна пакласьці канец гэтаму канфлікту», — сказаў ён і дадаў, што мірны плян таксама падтрымалі лідэры Сэнэгалу, Уганды і Эгіпту.

Падчас мірнай місіі краін Афрыкі паміж сталіцамі Расеі і Ўкраіны будуць езьдзіць кіраўнікі шасьці дзяржаў, расказаў 17 траўня гендырэктар Дэпартамэнту міжнародных адносін і супрацоўніцтва (МЗС ПАР) Зэйн Дангор, піша Bloomberg. Візыты ў Маскву і Кіеў плянуюцца на пачатку чэрвеня.

«Шэсьць кіраўнікоў дзяржаў будуць перамяшчацца паміж дзьвюма сталіцамі, каб паспрыяць у мірных перамовах або, прынамсі, дамагчыся спыненьня агню», — сказаў Дангор.

  • ПАР мацней за многія краіны аказалася ўцягнутая ў вайну Расеі з Украінай — пасьля абвяшчэньня Ўладзіміра Пуціна ў міжнародны вышук па лініі Міжнароднага крымінальнага суду ўлады краіны запрасілі яго на саміт BRICS, пасьля чаго прэзыдэнт ПАР заявіў, што краіна выйдзе зь Міжнароднага крымінальнага суду. Праўда, на наступны дзень у ПАР абверглі гэтыя пляны.
  • Таксама амбасадар ЗША ў ПАР абвінаваціў улады краіны ў экспарце зброі ў Расею. На наступны дзень МЗС рэспублікі паведаміў, што амбасадар папрасіў прабачэньня за свае словы.
  • Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка мае шчыльныя сувязі з Масквой. Крэмль у свой час падтрымліваў барацьбу «Афрыканскага нацыянальнага кангрэсу» супраць рэжыму апартэіду. Лідэр АНК Фікіле Мбалула заяўляў, што «Пуцін можа прыехаць у краіну ў любы час».
  • Пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году ПАР публічна не асудзіла дзеяньні Масквы, заявіўшы, што хацела б захаваць нэўтралітэт і аддае перавагу дыялёгу з мэтай завяршэньня збройнага канфлікту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG