«Гэта, хутчэй, маніторынг сытуацыі на мяжы, які зьвязаны найперш з уступленьнем у сілу міжурадавага пагадненьня з Расеяй аб адзінай візавай палітыцы і ўзаемным прызнаньні віз. Гэта не кантроль, а маніторынг.
Ён ажыцьцяўляецца нашай памежнай службай у цесным узаемадзеяньні з расейскай памежнай службай. Яна таксама там прысутнічае і таксама маніторыць сытуацыю, яна знаёмая з абстаноўкай. Наколькі я інфармаваны, у прынцыпе сытуацыя на беларуска-расейскай мяжы дастаткова спакойная. І я ўпэўнены, што яна застанецца такой заўсёды», — заявіў Алейнік.
На другую частку пытаньня (калі скончыцца гэты кантроль) Алейнік не адказаў. Лаўроў публічна гэтай тэмы не пракамэнтаваў.
5 траўня на мяжы Беларусі і Расеі ўвялі шчыльны кантроль людзей, якія ўязджаюць у Беларусь. КПП паставілі на шасьці асноўных напрамках.
На «гарачай лініі» Дзяржаўнага памежнага камітэту пацьвердзілі, што такі кантроль будзе на ўсіх асноўных уездах з Расеі.
Празь некалькі дзён, 6 і 7 траўня, на ўезьдзе ў Беларусь з Расеі пачалі аглядаць і аўтамабілі.
Акрамя таго, як паведаміў @motolkohelp, на мяжы з Расеяй у Магілёўскай вобласьці на пачатку траўня перакапалі ці завалілі дрэвамі дробныя абʼязныя дарогі, якімі ў асноўным карысталіся мясцовыя жыхары.