Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Эўрапарлямэнту: Дэмакратычныя сілы Беларусі павінны быць гатовыя ўзяць уладу ў свае рукі


Юозас Олекас. Архіўнае фота
Юозас Олекас. Архіўнае фота

На думку Юозаса Олекаса, калі б рэжым у Менску «застаўся бязь лідэра», гэта «ў корані зьмяніла б сытуацыю».

Пагаршэньне здароўя Лукашэнкі можа адкрыць «акно перамен», і дэмакратычныя сілы павінны быць гатовы ўзяць уладу ў свае рукі, заявіў кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту па адносінах зь Беларусьсю Юозас Олекас 15 траўня ў літоўскім Сейме пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі.

«У Беларусі можа наступіць момант, калі рэжым зьменіцца і спатрэбяцца новыя сілы, каб вывесьці яе на шлях дэмакратыі, — цытуе эўрапарлямэнтара літоўскі партал 15min.lt. — Народ Беларусі не падтрымлівае рэжыму, ён прыгнечаны і ня можа яго зьмяніць, але калі нешта пойдзе ня так, дэмакратычныя сілы павінны быць гатовы да новых выбараў і прыходу да ўлады».

На думку Олекаса, калі б рэжым у Менску «застаўся бязь лідэра», гэта «ў корані зьмяніла б сытуацыю». Пры гэтым трэба ацэньваць «фактар Пуціна», які «будзе імкнуцца захаваць уплыў» на Беларусь, падкрэсьліў ён.

«Мы ясна бачым, што з 2020 году Лукашэнка выбраў выразны шлях знаходжаньня ва ўладзе, заснаваны на расейскай сіле: увод расейскіх войскаў, абстрэл Украіны з тэрыторыі Беларусі. [Усё гэта] толькі для таго, каб застацца ва ўладзе. У сваю чаргу [прэзыдэнт Расеі Ўладзімір] Пуцін хоча саюзную дзяржаву з захаваньнем свайго ўплыву на Беларусь», — сказаў эўрапарлямэнтар.

У сваю чаргу старшы палітычны дарадца дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай Аляксандар Дабравольскі таксама заявіў, што дэмсілам трэба быць гатовымі да моманту, калі існы рэжым пазбавіцца свайго лідэра.

«У 2020 годзе мы былі недастаткова падрыхтаваныя, але цяпер усьведамляем, што аднойчы можа здарыцца нешта накшталт пустога прэзыдэнцкага крэсла... Наша задача —падрыхтаваць новыя выбары і забяспечыць стабільнасьць эканомікі ў гэты пэрыяд. Думаю, трэба весці перамовы з людзьмі ва ўладзе, якія разумеюць, што Беларусь знаходзіцца ў крызісе, і будуць зацікаўленыя ў выхадзе зь яго», — падкрэсьліў палітык.

Сытуацыя ў Беларусі таксама ўскладняецца ў сувязі з пагрозай незалежнасьці, зазначыў ён.

«Мы ведаем, што Пуцін ня будзе сядзець і глядзець на тое, што адбываецца ў Беларусі, бяз спроб не пусьціць яе ў бок Эўропы, — растлумачыў Дабравольскі. — Наша задача заключаецца ў тым, каб мабілізаваць людзей на абарону незалежнасьці і прасіць Узброеныя сілы не садзейнічаць расейскай агрэсіі, а таксама не займацца рэпрэсіямі, бо людзі будуць пратэставаць, калі ўбачаць пагрозу незалежнасьці».

15 траўня афіцыйныя крыніцы ўпершыню апублікавалі фота і відэа з Лукашэнкам пасьля яго доўгай адсутнасьці. На здымках і відэа ён наведвае цэнтральны камандны пункт Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны. Зь відэа чуваць, што Лукашэнка гаворыць моцна асіплым голасам.

Лукашэнка выглядаў хворым падчас параду ў Маскве 9 траўня, там ён ня змог прайсьці некалькі соцень мэтраў да Магілы невядомага салдата, яго давезьлі на электракары.

Пазьней у той жа дзень у Менску ён прысутнічаў на цырымоніі, прысьвечанай Дню Перамогі, але прамову на ўрачыстасьці зачытаў міністар абароны Віктар Хрэнін.

Пасьля гэтага Лукашэнка не зьяўляўся на публіцы, дзяржаўныя СМІ не паказвалі яго. 14 траўня, на афіцыйны Дзень дзяржаўных сьцяга, герба і гімна, ягоную прамову зачытаў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка.

СМІ і сацыяльныя сеткі актыўна абмяркоўвалі стан здароўя Лукашэнкі, а таксама палітычныя пэрспэктывы Беларусі ў выпадку яго сыходу з палітычнай арэны і з жыцьця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG