Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Непрадказальнае акно магчымасьцяў». Палітычныя экспэрты пра тое, што чакае Беларусь без Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка з вайскоўцамі. 15 траўня 2023
Аляксандар Лукашэнка з вайскоўцамі. 15 траўня 2023

Мы папрасілі вядомых палітычных экспэртаў адказаць на два пытаньні: 1. Што чакае Беларусь у выпадку адыходу ад улады (сьмерці, хваробы, адстаўкі) Аляксандра Лукашэнкі? 2. Што ў такім разе можа адбыцца з уладай у краіне?

Сваімі развагамі на гэтыя тэмы са Свабодай падзяліліся Паўлюк Быкоўскі, Кацярына Дзяйкала, Яўген Магда, Пятро Рудкоўскі, Леся Руднік.

Паўлюк Быкоўскі, палітычны аглядальнік:

«У выпадку вакансіі на пасадзе кіраўніка Беларусі Масква абавязкова ўключыцца ў гэту гульню»

1. Не існуе ўнівэрсальнага адказу на гэтае пытаньне, бо дзейнічаюць шмат якія фактары. Лукашэнка не зьбіраўся пакідаць уладу і не рыхтаваў пераемнікаў, таму кіроўная бюракратыя можа пераняць уладу без належнай падрыхтоўкі і таму быць асабліва ўразьлівай. Калі паводле Канстытуцыі, то выканаўцам абавязкаў «у выпадку вакансіі пасады прэзыдэнта альбо немагчымасьці выкананьня ім сваіх абавязкаў... будзе Старшыня Савету Рэспублікі», гэта значыць Натальля Качанава. Мы ведаем яе як уплывовую другую асобу ў палацавай палітыцы Аляксандра Лукашэнкі, але пакуль ня можам ацаніць яе ў ролі № 1. На яе карысьць тое, што яна значны час адказвала за кадравую палітыку, таму мела магчымасьць паставіць «сваіх» людзей. Чые гэта людзі, час пакажа.

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

У пэрыяд пачатку 2020 году аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў якасна мяняцца, страчваць рысы султанізму, зь ягонымі валюнтарызмам і гнуткасьцю, і набываць рысы вайсковага рэжыму. Праўда, беларускія вайскоўцы заставаліся ў казармах, а на першыя пазыцыі выходзіла палітычная паліцыя — КДБ, ГУБАЗІК... Важна, што рэжым стаўся падкрэсьлена рэпрэсіўным, жорсткім і непадатлівым, а таму і крохкім.

2. Мяркую, што ў выпадку вакансіі на пасадзе Лукашэнкі Масква абавязкова ўключыцца ў гэту гульню, прапануючы нават некалькім асобам падтрымку ў абмен на ляяльнасьць. Што з гэтага атрымаецца? Наўрад ці можна прадказаць. Унутры краіны адсутнічаюць выразныя палітычныя актары, таму калі сярод кіроўнай бюракратыі не адбудзецца расколу, то ў кароткатэрміновай пэрспэктыве рэжым можа захавацца без асаблівых зьменаў. Аднак, калі такі раскол адбудзецца, то, імаверна, адкрыецца акно магчымасьцяў да трансфармацыі рэжыму. У такой сытуацыі мабілізацыя апанэнтаў рэжыму, калі яно будзе магчымым, пры прыкметнай міжнароднай падтрымцы можа даць шанец для дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі. Але гэта само па сабе не наканавана.

Кацярына Дзяйкала, юрыстка-міжнародніца:

«Вялікая палітра самых розных сцэнароў»

1. Рэжым Лукашэнкі вельмі пэрсаніфікаваны. У вэртыкалі ўлады ўсё завязана на ім: і фізычна, і разумова. Таму ў выпадку яго зьнікненьня з арэны можа быць самая розная палітра сцэнароў. Бо гэта шок для сыстэмы. Зь юрыдычнага пункту гледжаньня, у залежнасьці ад прававога рэжыму, можа быць тры глябальныя варыянты: Беларусь застаецца пад кантролем беларускіх чыноўнікаў (тут пытаньне, якія зь іх праўладныя ці дэмакратычныя); Беларусь (цалкам або часткова) акупаваная — гэта значыць, пад фактычным кіраваньнем Расеі; Беларусь (цалкам або часткова) анэксаваная — гэта значыць ня проста пад кіраваньнем Расеі, а ўключана ў яе склад.

Кацярына Дзяйкала
Кацярына Дзяйкала

Праўда, ёсьць яшчэ адзін варыянт — асацыяваная дзяржава (выкарыстоўваецца былымі мэтраполіямі як сучасны спосаб афармленьня адносін з былымі калёніямі): калі дзьве дзяржавы няроўнай «вагі» складаюць дамову і ствараюць нейкую канфэдэрацыю, дзе мацнейшаму даецца ўлада ў пэўных кірунках — як правіла, у тым ліку ў замежнапалітычным і вайсковым. Гэта можна назваць сучаснай формай пратэктарату. Анэксія, вядома, вельмі малаімаверны варыянт, як і поўная акупацыя.

У першым выпадку, з палітычнага пункту гледжаньня, можа быць больш нюансаў (напрыклад, ці прыйдуць да ўлады беларускія праўладныя сілы, колькі людзей з Крамля і г.д.). Але зь юрыдычнага пункту гледжаньня, што паўплывае на прававы статус Беларусі як дзяржавы, людзей, якія пражываюць на яе тэрыторыі, — гэта чатыры з гэтых варыянтаў.

2. Дзейная рэдакцыя Канстытуцыі вызначае парадак дзьвюх сытуацый: негвалтоўнага і гвалтоўнага звальненьня прэзыдэнта. У негвалтоўным выпадку да новых выбараў улада пераходзіць да старшыні Савету Рэспублікі, гэта значыць да Качанавай. Выбары павінны быць прызначаны не раней, чым праз 30 дзён, і не пазьней, чым праз 70 дзён пасьля адкрыцьця вакансіі. У гвалтоўных — да Савету Бясьпекі, а старшынёй на ягоных паседжаньнях зноў-такі павінен быць старшыня Савету Рэспублікі. У другім выпадку ў краіне ўводзіцца надзвычайнае ці ваеннае становішча.

Праўда, нягледзячы на такія папраўкі ў Канстытуцыю, ня быў зьменены прыняты раней указ № 214, у якім гаворыцца, што ў выпадку гвалтоўнай сьмерці прэзыдэнта прэм’ер-міністар павінен старшыняваць на паседжаньнях Савету Бясьпекі. Фармальна Канстытуцыя мае вышэйшую юрыдычную сілу, але ўсё роўна ўзьнікае шмат пытаньняў (асабліва калі ўлічыць, што ўсё гэтае заканадаўства ўвогуле нелегітымнае). А насамрэч важна разумець, што, нягледзячы на такі фармальна вызначаны парадак, гэта ня значыць, што ўсё менавіта так і будзе. І ніхто сёньня ня ведае, што і як будзе. Многае будзе залежаць ад таго, наколькі дэмакратычныя сілы гатовы дзейнічаць, ці ёсьць у іх плян і які, а таксама ад плянаў Расеі.

Яўген Магда, украінскі палітоляг, дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі:

«Гэта ня будзе жанчына, як бы на гэтае месца ні сваталі Качанаву»

1. Самая галоўная небясьпека, якая чакае ў выпадку сьмерці Лукашэнкі — гэта разгубленасьць. Бо прадстаўнікі беларускага істэблішмэнту, ды і простыя грамадзяне, прывыклі, што Беларусь — гэта Лукашэнка. Нязгодныя апынаюцца ў турмах і за мяжой. А тыя, хто ўбудаваны ў гэтую сыстэму, па-мойму, не ўяўляюць сабе іншага жыцьця. Калі 90 працэнтаў часу існаваньня незалежнай Беларусі пры ўладзе быў Лукашэнка, то ягоная сьмерць можа быць сур’ёзнай пагрозай. Не пагрозай дэстабілізацыі ў выніку дзеяньняў апазыцыі, а пагрозай таго, што будзе барацьба паміж ягонымі наступнікамі. Такія манархічныя войны без каранаванага манарха.

Яўген Магда
Яўген Магда

2. Адносна пэрсаналіяў няма пэўнасьці і ўнутры беларускіх уладных элітаў, бо гэта вельмі розныя людзі. Я скажу пра галоўныя кірункі. Па-першае, гэта ня будзе жанчына. Як бы ні сваталі Качанаву, гэта ня будзе адпавядаць лёгіцы разьвіцьця беларускага грамадзтва. Па-другое, гэта будзе адназначна прарасейскі палітык. Ніхто з апазыцыі ня здолее апынуцца ва ўладзе адразу пасьля адыходу Лукашэнкі. Па-трэцяе, гэта будзе больш кіраваны Крамлём палітык, але гэта ня будзе Лукашэнка 2.0. За ім ня будзе шлейфу дзеяньняў Лукашэнкі, у яго будуць разьвязаныя рукі. Той новы чалавек зможа пазваніць Урзулі фон дэр Ляен ці нават Джо Байдэну. Дарэчы, і з Украінай можа паспрабаваць пабудаваць новыя адносіны. Але ён усё роўна будзе дастаткова жорстка падпарадкаваны Маскве, тут сумневаў у мяне няма.

Пётра Рудкоўскі, акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, палітоляг:

«Кіроўная эліта ня мае досьведу, як дамаўляцца і вырашаць унутраныя канфлікты без арбітра»

1. У пазалеташнім дасьледаваньні BISS «Да новай Беларусі» адзін з падразьдзелаў так і называецца: «Што будзе ў выпадку гіпатэтычнай сьмерці Лукашэнкі?». Коратка перакажу асноўныя рэчы. Статыстычна беручы, сьмерць аўтакрата рэдка прыводзіць да зьмены рэжыму. Прыгадайма хаця б адносна нядаўнія сьмерці Уга Чавэса (Вэнэсуэла), Фідэля Кастра (Куба) або Іслама Карымава (Узбэкістан).

Пётра Рудкоўскі
Пётра Рудкоўскі

Аўтакрат памёр, а сыстэма выжыла. Хоць гэта гучыць, на першы погляд, парадаксальна, але сьмерць аўтакрата можа стаць нават фактарам стабілізацыі сыстэмы. Справа ў тым, што рэжымная прапаганда ў такіх сытуацыях актыўна эксплюатуе ўласьцівы ўсім культурам імпэратыў павагі да памяці памерлага. Улады ладзяць пышныя пахаваньні, абʼяўляюць шматдзённую жалобу, ствараюць атмасфэру смутку і шанаваньня, і на гэтым фоне апанэнтам складана што-кольвечы зрабіць. Гэта дазваляе кіроўнай групе выйграць час, каб перазапусьціць мэханізмы ўтрыманьня ўлады. А пераемнасьць з «курсам вялікага папярэдніка» становіцца фактарам легітымацыі.

Пытаньне тут, аднак, ці Беларусь упісваецца ў гэту статыстычную заканамернасьць. Я зьвяртаў увагу на «анамальнасьць» беларускай сыстэмы: гэта рэдкі выпадак пэрсаналісцкага рэжыму, які амаль 28 гадоў праіснаваў без партыі ўлады. Адзіны аналяг, які мне ўдалося знайсьці — гэта сыстэма Муамара Кадафі ў Лібіі, якая функцыянавала таксама бяз партыі ўлады.

Але кантэкст падзеньня рэжыму Кадафі (гвалтоўнае зьвяржэньне) не дазваляе зрабіць якія-небудзь высновы наконт Беларусі. У Беларусі партыя ўлады пачала стварацца толькі цяпер, але яна ў эмбрыянальным стане. Фактам застаецца тое, што кіроўная эліта ня мае досьведу, як дамаўляцца і вырашаць унутраныя канфлікты без звычаёвага арбітра. Гэта можа зрабіць Беларусь адным з «выключэньняў» са статыстычнага правіла.

2. Хто можа прыйсьці да ўлады? Залежыць ад сцэнара разьвіцьця падзей. Адзін са сцэнароў такі: Лукашэнка не памірае і не хварэе аж настолькі, каб не магчы браць ніякага ўдзелу ў палітычным жыцьці. Тады ён будзе зацікаўлены мець пераемніка, які будзе максымальна ляяльным і зь мінімальным шанцамі падпарадкаваць сабе сілавы апарат.

Натальля Качанава, на маю думку, найбольш падыходзіць на такую ролю. Іншы сцэнар: Лукашэнка неўзабаве памірае або становіцца зусім ня здольным да палітычнай актыўнасьці. Тады вырашальную ролю адыгрывае тое, каго кіроўная эліта палічыць найлепшым гарантам іх інтарэсаў. Тут мне складана назваць імёны. Магу толькі выказаць здагадку, што барацьба разгорнецца паміж прарасейскімі сілавікамі (умоўны Карпянкоў), якія будуць рабіць стаўку на яшчэ большае закручваньне гаек і яшчэ большае збліжэньне з Расеяй, і «тэхнакратамі» (эканамічны і дыпляматычны блёк), якія жадалі б паслабленьня рэпрэсіўнага рэжыму і кампрамісу з апазыцыяй узамен на зьняцьце санкцый.

Леся Руднік, палітоляг, дасьледчыца Цэнтру новых ідэй:

«Выклік для дэмакратычных сілаў»

1. Любая зьмена ўлады, заплянаваная ці нечаканая — гэта стрэс для палітычнай сыстэмы. Асабліва гэта актуальна для краін, дзе дзяржавай доўгі час кіраваў адзін і той жа чалавек. Стрэс для палітычнай сыстэмы азначае ўзьнікненьне прасторы для пераструктураваньня палітычнай улады. У беларускім выпадку гэта можа тычыцца канфліктаў на некалькіх узроўнях. Па-першае, унутраных дыскусій вакол таго, хто з кіроўных палітычных эліт зойме пасаду Лукашэнка да наступных выбараў.

Леся Руднік
Леся Руднік

Па-другое, адчыняецца вакно для палітычных апанэнтаў, якія атрымліваюць шанец тым ці іншым спосабам змагацца за ўладу. Па-трэцяе, магчымасьці ўплыву на ўнутрыпалітычную сытуацыю могуць зьявіцца і ў вонкавых актараў, якія маюць інтарэс у тым, які палітычны курс Беларусь можа ўзяць у будучыні. У выпадку пакіданьня Лукашэнкам пасады можа запусьціцца адзін ці адразу ўсе з пералічаных працэсаў.

Але адназначна беларускім кіроўным элітам варта падумаць пра тое, ці хочуць яны прытрымлівацца старога курсу, альбо гатовыя зьмяніць і зьмякчыць свае палітычныя погляды і пазыцыі, прыслухацца да беларускага народу. На ўзроўні грамадзтва сыход Лукашэнкі можа адкрыць магчымасьці да большай свабоды выказваньняў як мінімум да моманту прыходу такога ж аўтарытарнага кіраўніка да ўлады. Верагодна, рэпрэсіўная машына таксама можа «замарозіцца» на час палітычнай турбулентнасьці і існаваць у рэжыме чаканьня новых загадаў.

2. Паводле беларускага заканадаўства, да новых выбараў да ўлады прыходзіць сьпікер верхняй палаты парлямэнту (на дадзены момант гэта Качанава), альбо калектыўны орган Савет Бясьпекі (на практыцы — таксама Качанава). Аднак, улічваючы геапалітычную сытуацыю, падзеі могуць разьвівацца непрадказальна: ад спробы Расеі паўплываць на выбар новага кіраўніка да спробы захопу ўлады іншымі групамі, зьвязанымі з прадэмакратычнымі структурамі, як ByPol.

Любы са сцэнароў азначае, што палітыкам, зацікаўленым у атрыманьні ўлады ў Беларусі, сёньня варта падумаць пра тое, якім чынам можна падрыхтавацца. Ці дастаткова сёньня дэмакратычным сілам кансэнсусу наконт таго, хто патэнцыйна будзе вылучацца як галоўны прэтэндэнт на ўладу? Ці ёсьць у дэмакратычных сілаў дастаткова рэсурсаў, каб спаборнічаць з вонкавымі актарамі альбо прыцягваць заходніх партнэраў дзеля перадухіленьня непажадана буйнога ўплыву Крамля? Хто можа дапамагчы краіне ў пэрыяд трансфармацыі эканамічна і тэхнічна? Гэтыя і іншыя пытаньні павінны задаць сабе палітычныя апанэнты Лукашэнкі ўжо сёньня. Бо, нягледзячы на тое, што Лукашэнка ўсё ж зьявіўся на публіцы, стан ягонага здароўя можа зьмяніцца непрадказальна хутка.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG