Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аэрофлот» загадаў супрацоўнікам радзей фіксаваць няспраўнасьці самалётаў, — матэрыялы расьсьледаваньня


Самалёт кампаніі «Аэрофлот»
Самалёт кампаніі «Аэрофлот»

У расьсьледаваньні сьцьвярджаецца, што гэта адбываецца празь нястачу запчастак да самалётаў.

Авіякампанія «Аэрофлот» у сакавіку 2022 году накіравала ўсім старшым бортправаднікам ліст, у якім даручыла ўсе заўвагі да абсталяваньня салёну ўносіць у бартавы журнал толькі па ўзгадненьні з камандзірам, гаворыцца ў расьсьледаваньні ініцыятывы «Проект». Копія ліста ёсьць у распараджэньні выданьня, а яго сапраўднасьць пацьвердзілі трое былых супрацоўнікаў кампаніі.

Дробная на першы погляд зьмена ў рэчаіснасьці можа пагражаць вялізнымі праблемамі. Да ўварваньня Расеі ва Ўкраіну старшыя бортправаднікі запісвалі ўсе дэфэкты ў журнал і толькі ставілі камандзіра судна перад фактам

«Гэтае правіла строга выконвалі: пісалі кожную дробязь, і ўсё гэта тут жа рамантавалі», — расказаў былы супрацоўнік «Аэрофлота».

«Калі пачаліся праблемы з палётамі і перабоі з пастаўкамі запчастак, паступіў сакрэтны ўказ. Гэта была масавая рассылка ўсім старшым бортправаднікам, якая абвяшчала, што любую паломку, зь якой вы сутыкнецеся за час рэйсу, вы ў CLB [бартавы журнал Cabin Log Book] ня ўносьце, а вусна гаварыце, што і дзе ня так. Адпаведна, калі запчасткі няма і каб борт на бэтон не саджаць, самалёт мог паляцець зь няспраўнасьцю, у тым ліку досыць сур’ёзнай», — расказаў старшы бортправаднік, які прапрацаваў у «Аэрофлот» больш за 10 гадоў.

Расьсьледнікі тлумачаць, што авіякампанія ня хоча, каб яе самалёты заставаліся на зямлі ва ўмовах, калі пасьля ўвядзеньня санкцый складана знайсьці замену якой-небудзь дэталі, што выйшла са строю.

Суразмоўца выданьня кажа, што расказваў авіятэхнікам пра знойдзеныя няспраўнасьці:

«Слухай, ну вось гэта зламалася, я не пісаў нічога». Часта, паводле яго, яны адказвалі: «Ну і правільна. Усё роўна гэтай запчасткі няма».

Напрыклад, летась самалёт «Аэрофлота» зьдзейсьніў рэйс з ААЭ ў Маскву бяз поўнага камплекту кіслародных балёнаў на борце, патрэбных у выпадку разгермэтызацыі: капітан палічыў праблему неістотнай.

ЗША і краіны Эўразьвязу раней аб’явілі аб закрыцьці неба для расейскіх самалётаў; кампаніі Airbus і Boeing спынілі абслугоўваць самалёты расейскіх кампаній і пастаўляць запчасткі ў Расею; ад працы з расейскімі перавозчыкамі адмовіліся і некаторыя кампаніі, якія прадастаўляюць самалёты ў лізінг.

Пасьля гэтага «Росавиация» рэкамэндавала расейскім авіякампаніям прыпыніць усе грузавыя і пасажырскія рэйсы за мяжу з прычыны «высокай ступені рызыкі затрыманьня або арышту паветраных суднаў расейскіх авіякампаній за мяжой».

Расейская дзяржаўная авіякампанія «Аэрофлот» актыўна працуе з палётамі ў Беларусь.

Міністэрства мытні і гандлю Турэччыны таксама забараніла абслугоўваць і запраўляць амаль 40 самалётаў з Расеі і Беларусі. Рашэньне прынялі ў адпаведнасьці зь лістом Упраўленьня прамысловасьці і бясьпекі аб экспартнай практыцы Міністэрства гандлю ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG