У судзе Першамайскага раёну Віцебску 15 траўня пачынаецца працэс над палітзьняволеным арт-менэджарам і музыкам Уладзімерам Булаўскім, піша «Вясна».
Яго абвінавачваюць паводле арт. 342-2 Крымінальнага кодэксу («Неаднаразовае парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў»). Справу будзе разглядаць судзьдзя Міхаіл Юрчанка. За кратамі Ўладзімера ўтрымліваюць пяць месяцаў.
Паводле заканадаўства, завесьці крымінальную справу паводле арт. 342-2 КК могуць, калі чалавека двойчы за год асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП «несанкцыянавае пікетаваньне». У 2022 годзе Ўладзімера судзілі ў адміністрацыйных справах некалькі разоў: у лютым і ў ліпені. Чарговае затрыманьне адбылося ў сьнежні за фота ў сацсетках, якое палічылі незаконным пікетаваньнем. З 2020 году сілавікі затрымлівалі Ўладзімера як мінімум пяць разоў.
Нядаўна ва Ўладзімера памёр бацька, але разьвітацца зь ім палітвязьня не адпусьцілі. Паводле праваабаронцаў «Вясны», музыку блякуюць ліставаньне, ён амаль не атрымлівае навінаў з волі.