Дэфіцыт фэдэральнага бюджэту ў Расеі за студзень–красавік 2023 году склаў 3,4 трыльёна расейскіх рублёў (каля 44 млрд даляраў ЗША), перавысіўшы заплянаваны на ўвесь год паказьнік у 2,9 трлн рублёў, вынікае з папярэдніх дадзеных Міністэрства фінансаў РФ.
Даходы бюджэту склалі больш за 7,7 трлн расейскіх рублёў, што на 22% ніжэй за аб’ём паступленьня даходаў за аналягічны пэрыяд 2022 году. Выдаткі бюджэту вырасьлі на 26% — да 11,2 трлн рублёў.
- У сакавіку Bloomberg пісаў, што расейскія ўлады засакрэцілі траціну выдаткаў бюджэту — 2,4 трыльёна рублёў. Экспэрты палічылі, што гэта зьвязана з разьвязанай Расеяй вайной ва Ўкраіне, бо засакрэчаныя ў асноўным ваенныя выдаткі.
- «Ведомости» са спасылкай на крыніцы раней пісалі, што Міністэрства фінансаў РФ падрыхтавала законапраект аб падатку на звышпрыбытак для расейскіх кампаній. Яго мэта — павялічыць даходы бюджэту ва ўмовах вайны і санкцый.
- Са сьнежня 2022 па 19 красавіка 2023 году, паводле дадзеных РБК, зь бізнэсу ў Расеі ўжо сабралі 20 млрд рублёў паводле артыкулу «бязвыплатныя паступленьні ад недзяржаўных арганізацый». Выданьне ўказвала на ўведзены расейскімі ўладамі ў сьнежні мінулага году «добраахвотны ўнёсак» у бюджэт з угодаў па продажы актываў кампаніямі зь «недружалюбных дзяржаў».