Эпідэмія раней невядомай каранавіруснай інфэкцыі, якая пачалася ў канцы 2019 году ў Кітаі, у студзені 2020 году была абвешчаная САЗ надзвычайнай сытуацыяй міжнароднага значэньня ў сфэры аховы здароўя. Пасьля распаўсюду эпідэміі на іншыя краіны яе ў сакавіку 2020 году абвясьцілі пандэміяй.
Многія краіны пайшлі на беспрэцэдэнтныя карантынныя захады, якія адбіліся на сусьветнай эканоміцы і жыцьці людзей. Уводзіліся локдаўны і масачны рэжым, закрываліся межы, перарываліся авіязносіны паміж краінамі.
Пасьля масавай вакцынацыі і зьяўленьня новых, менш летальных штамаў колькасьць сьмерцяў рэзка зьменшылася — калі ў студзені 2021 году ў сьвеце за тыдзень ад COVID-19 паміралі каля 100 тысяч чалавек, то ў красавіку 2023 году — 3,5 тысячы. Зьніжэньне сьмяротнасьці дазволіла на працягу 2022 году адмяніць большасьць абмежавальных мер.
Паводле зьвестак САЗ, ахвярамі захворваньня за мінулыя тры гады і некалькі месяцаў сталі каля 20 мільёнаў чалавек. Гаворка ідзе пра ацэнку ўсіх сьмерцяў, так ці інакш зьвязаных з інфэкцыяй. Паводле афіцыйных дадзеных, інфармацыю пра якія зьбіраў амэрыканскі інстытут Джонза Гопкінса, каранавірусная інфэкцыя стала прычынай сьмерці каля 7 мільёнаў чалавек.
САЗ падкрэсьлівае, што вірус ня зьнік, людзі працягваюць хварэць, і інфэкцыя, хутчэй за ўсё, застанецца ў чалавечай папуляцыі як адно з рэсьпіраторных захворваньняў.