Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніца Амэрыканскага агенцтва глябальных мэдыя заявіла пра «пераломны этап у інфармацыйнай вайне»


Аманда Бэнэт, архіўнае фота
Аманда Бэнэт, архіўнае фота

Па словах Аманды Бэнэт, для агенцтва, у структуру якога ўваходзяць «Голас Амэрыкі» і Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, магчыма, надышоў найважнейшы пэрыяд з часоў Другой сусьветнай вайны.

Дырэктарка Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM) Аманда Бэнэт заявіла, што агенцтва, якое яна ўзначальвае, адыгрывае важную ролю ў забесьпячэньні доступу сусьветнай аўдыторыі да дакладных і неперадузятых навінаў, якія супрацьстаяць СМІ, што кіруюцца аўтарытарнымі рэжымамі.

«Мы знаходзімся на пераломным этапе, — заявіла Аманда Бэнэт у падрыхтаваных зьвестках для Сэнату Кангрэса ЗША. —Аўтарытарныя рэжымы выкарыстоўваюць зламысны ўплыў, дэзынфармацыю, прапаганду і маніпуляцыю інфармацыяй, каб перакрыць паток інфармацыі і перашкодзіць тым, хто шукае інфармацыю аб сьвеце і вакол іх, заснаваную на фактах. Урады КНР, Ірану і Расеі часта працуюць разам, каб узмацніць свой зламысны ўплыў», — цытуе ​Аманду Бэнэт «Голас Амэрыкі».

Паводле ацэнак USAGM, 394 мільёны чалавек штотыдзень атрымліваюць доступ да праграм агенцтва.

Агенцтва, якое фінансуецца з фэдэральнага бюджэту і куратарам якога зьяўляецца Кангрэс ЗША, уключае дзьве фэдэральныя структуры («Голас Амэрыкі» і Офіс вяшчаньня на Кубу) і чатыры некамэрцыйныя арганізацыі: Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, Радыё Свабодная Азія, Блізкаўсходняя сетка вяшчаньня і Фонд адкрытых тэхналёгій.

Бэнэт заявіла, што USAGM стварылі спэцыяльна для гэтага моманту, і больш за 4 тысячы партнэрскіх мэдыя па ўсім сьвеце супрацьстаяць уплыву дзяржаўных СМІ.

Па дадзеных USAGM, за год, які прайшоў з пачатку расейскага ўварваньня, праграмы Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода і «Голасу Амерыкі» на расейскай і ўкраінскай мовах прагледзелі 8 мільярдаў разоў, а кожны чацьвёрты іранец выкарыстаў сродкі абыходу, якія падтрымліваюцца Фондам адкрытых тэхналёгій, для доступу да інфармацыі.

«Цяпер найважнейшы час для нашага агенцтва з часоў халоднай вайны і, магчыма, з часоў Другой сусьветнай вайны. USAGM павінна знаходзіцца ў такім становішчы, каб яно заўсёды было канкурэнтаздольным у сёньняшнім небясьпечным сьвеце маніпуляцыяй інфармацыяй і вялізных інвэстыцый з боку аўтарытарных рэжымаў і іншых дрэнных гульцоў», — сказала Бенэт.

USAGM запрасіла 944 мільёны даляраў фінансаваньня на 2024 год, што на 59 мільёнаў больш у параўнаньні зь бягучым годам.

За апошнія гады USAGM зазнала структурныя зьмены па ініцыятыве Сэнату для рашэньня прыярытэтных задач і іншых праблем і для пераадоленьня тэхналягічных перашкод.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG