Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы ў Менску расеец Маскалёў заявіў, што беларускія сілавікі яго білі


Аляксей Маскалёў у судзе, архіўнае фота
Аляксей Маскалёў у судзе, архіўнае фота

Аляксея, бацьку Машы Маскалёвай, якая ў школе намалявала антываенны плякат, затрымалі 30 сакавіка ў Менску і зьмясьцілі ў СІЗА Жодзіна. Пасьля экстрадыцыі ў Расею доўгі час ад яго не было ніякіх зьвестак. Цяпер Маскалёў знаходзіцца ў СІЗА-1 Смаленскай вобласьці Расеі.

З Аляксеем Маскалёвым сустрэўся адвакат Уладзімір Біліенка, якому мужчына расказаў пра затрыманьне, пабіцьцё беларускімі сілавікамі і экстрадыцыю ў Расею, паведамляе «ОВД-Инфо».

Так, Аляксей расказаў, што яго затрымалі 30 сакавіка ў горадзе Смалявічы восем беларускіх сілавікоў. Пры затрыманьні яго моцна білі рукамі і нагамі па грудзях і сьпіне, адбілі цягліцу на правай назе, а таксама нанесьлі некалькі ўдараў па галаве, у тым ліку білі яго галавой аб сьцяну.

Аляксей зазначыў, што перад затрыманьнем не званіў нікому па тэлефоне, падкрэсьліўшы, што тэлефона ў яго з сабой наогул не было, — раней СМІ паведамлялі, што адсачыць мужчыну сілавікі змаглі праз уключаны тэлефон.

Пасьля гэтага на Маскалёва надзелі кайданкі, вельмі моцна іх зацягнуўшы, і адвезьлі ў ІЧУ. Мужчына дадаў, што ад кайданкоў у яго да гэтага часу не аднавілася інэрвацыя кісьцяў рук: ён не адчувае вялікіх пальцаў. Па словах Аляксея, у ІЧУ ён правёў 2-3 дні, пасьля яго перавялі ў турму, дзе трымалі каля тыдня.

У Расею яго вывезьлі людзі ў цывільным адзеньні на легкавым аўтамабілі без ведамасных пазнак. На тэрыторыі краіны спачатку яго даставілі ў ІЧУ Смаленску, дзе ён прабыў два дні, а потым у СІЗА.

Аляксея Маскалёва затрымалі ў Беларусі ў канцы сакавіка празь дзень пасьля вынясеньня яму прысуду. Аляксей знаходзіўся ў СІЗА Жодзіна. 12 красавіка СМІ пісалі, што яго ўжо экстрадавалі ў Расею, аднак дакумэнтальных пацьверджаньняў яго экстрадыцыі ў Расею няма. Улады Беларусі і Расеі на запыты адвакатаў не адказвалі.

Увагу сілавікоў сям’я Маскалёвых прыцягнула пасьля таго, як у красавіку 2022 году Маша Маскалёва, дачка Аляксея, намалявала на занятках жанчыну, якая стаяла ля сьцяга Ўкраіны і загароджвала дзіця ад ракет, якія ляцяць з боку Расеі. Дырэктарка школы выклікала паліцыю: на наступны дзень дзяўчынку зьнялі з заняткаў і разам з бацькам Аляксеем Маскалёвым і службай апекі павезьлі ў аддзяленьне.

Паліцыя знайшла ў сацсетках Аляксея камэнтары ў падтрымку Ўкраіны, а таксама карыкатуры на прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Пасьля гэтага на яго спачатку склалі пратакол паводле артыкулу аб «дыскрэдытацыі» расейскай арміі і аштрафавалі. Затым распачалі супраць яго крымінальную справу аб паўторнай «дыскрэдытацыі» войска. У канцы сьнежня пасьля ператрусу ў кватэры яго затрымалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG