Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль 150 арыштаваных. Італьянская мафіёзная групоўка стала мішэньню паліцэйскіх рэйдаў па ўсёй Эўропе


Італьянскія карабінэры ў часе адной з апэрацый супраць мафіі, ілюстрацыйнае фота.
Італьянскія карабінэры ў часе адной з апэрацый супраць мафіі, ілюстрацыйнае фота.

Паліцыя па ўсёй Эўропе арыштавала больш за 100 чалавек у рамках барацьбы з самай магутнай мафіёзнай групоўкай Італіі.

Як паведамляе ВВС, гэта найбуйнейшая апэрацыя, калі-небудзь праведзеная супраць «Ндрангеты» — адной з найбуйнейшых злачынных сетак у сьвеце.

Арышты адбываліся ў дзесяці краінах, вынята актываў на 25 мільёнаў эўра.

Большасьць арыштаў адбыліся ў Італіі. Прад’яўленыя абвінавачаньні ў міжнародным гандлі наркотыкамі, адмываньні грошай і захоўваньні зброі.

Італьянскія пракуроры па барацьбе з мафіяй назвалі апэрацыю «Эўрыка» беспрэцэдэнтнай па маштабах.

Цяперашнія арышты былі вынікам трохгадовага расьсьледаваньня, якое ахоплівала Італію, Нямеччыну, Бэльгію, Партугалію, Гішпанію, Славенію, Румынію, а таксама Бразылію і Панаму, паведаміў Эўрапол.

У Італіі 108 падазраваных былі арыштаваныя ў выніку апэрацыі з удзелам больш як 1000 афіцэраў падразьдзяленьня, якое займаецца арганізаванай злачыннасьцю і тэрарызмам.

Былі вынятыя мільёны эўра, а таксама тысячы тон наркотыкаў — у асноўным какаіну, а таксама гераіну і гашышу. Італьянская паліцыя паведаміла, што 13 чалавек арыштаваныя ў Бэльгіі і 24 у Нямеччыне.

Італьянская паліцыя апублікавала відэазапіс, на якім паказаны некаторыя з вынятых прадметаў, у тым ліку залатыя зьліткі, пісталеты, аўтаматы і стосы наяўных грошай.

Расьсьледаваньне выявіла важную новую інфармацыю пра тое, як працуюць некаторыя з вышэйшых узроўняў «Ндрангеты», у тым ліку падчас пандэміі Covid.

«Яны напоўнілі Эўропу наркотыкамі, якія дастаўляліся з Паўднёвай Амэрыкі ў карабельных кантэйнэрах, якія стаялі ў эўрапейскіх партах, такіх як Антвэрпэн, Ратэрдам або Джоя-Таўро. Затым яны адмывалі заробленыя грошы ў некалькіх эўрапейскіх краінах», — паведаміў італьянскі пракурор Джавані Мэліла.

У Нямеччыне сьледчыя выявілі шырокую сетку рэстаранаў, піцэрый, кавярняў і кавярняў з марозівам, якія выкарыстоўваліся для адмываньня грошай.

Паведамляецца таксама, што ў рамках расьсьледаваньня паліцыя выкарыстоўвала складаныя сыстэмы дэшыфраваньня паведамленьняў.

Удзельнікі «Ндрангеты» часта размаўляюць кодам, выкарыстоўваюць мянушкі і перадаюць адзін аднаму зашыфраваныя паведамленьні.

«Ндрангета», якая бярэ свае карані ў Калябрыі, пераўзышла «Коза Ностру» як самая магутная мафіёзная групоўка ў Італіі, яна дзейнічае больш як у 40 краінах па ўсім сьвеце.

Гэтая мафіёзная структура ўцягнутая ў шырокі спэктар арганізаванай злачыннай дзейнасьці: гандаль наркотыкамі, адмываньне грошай, вымагальніцтва і фальсыфікацыі дзяржаўных кантрактаў.

Італьянскія і бэльгійскія сьледчыя мяркуюць, што злачынная групоўка кантрабандай пераправіла каля 25 000 кг какаіну ў пэрыяд з кастрычніка 2019 года па студзень 2022 году і накіравала больш за 22 мільёны эўра з Калябрыі ў Бэльгію, Нідэрлянды і Паўднёвую Амэрыку.

У апошнія некалькі гадоў паліцыя прыклала вялікія намаганьні для барацьбы з «Ндрангетай», таму гэтыя арышты будуць разглядацца як вялікая перамога для пракурораў па барацьбе з мафіяй у Італіі і па ўсёй Эўропе.

  • У 2002 годзе ў Італіі прайшоў судовы працэс над больш як 300 удзельнікамі «Ндрангеты», сярод якіх былі былыя палітыкі, чыноўнікі, бізнэсоўцы, а таксама паліцыянты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG