Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё Свабода абвяшчае конкурс на журналісцкую стыпэндыю імя Вацлава Гаўла


Штаб-кватэра Радыё Свабода ў Празе
Штаб-кватэра Радыё Свабода ў Празе

Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода абвяшчае аб пачатку прыёму заявак на журналісцкую стыпэндыю імя Вацлава Гаўла на 2023–2024 акадэмічны год. 

Заяўкі на стыпэндыю прымаюцца да 1 чэрвеня 2023 году ад журналістаў з Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Украіны і Расеі.

У выпадку Беларусі і Расеі могуць падаваць заяўкі толькі журналісты, якія цяпер пражываюць за межамі гэтых дзьвюх краінаў.

Мэта стыпэндыі — дапамагчы журналістам-пачаткоўцам з рэгіёну займацца сваёй прафэсіяй у рэчышчы плюралізму і незалежнасьці СМІ.

Стыпэндыятамі прэміі імя Вацлава Гаўла ад Беларусі раней былі Франак Вячорка, Ганна Любакова, Ігар Лосік, Вітаўт Сіўчык ды іншыя.

Стыпэндыя Вацлава Гаўла — гэта сямімесячная праграма, якая дае стыпэндыятам глыбокія журналісцкія навыкі і ангажуе іх у штодзённыя рэдакцыйныя задачы і дыскусіі. Стыпэндыяты праводзяць паўгода ў штаб-кватэры Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе, дзе яны знаходзяцца ў адпаведнай моўнай службе, каб атрымліваць штодзённае навучаньне без адрыву ад працы, а таксама мэнтарства з боку дасьведчаных прафэсіяналаў Радыё Свабода.

Пасьля Прагі стыпэндыяты праводзяць апошні месяц у мясцовым бюро Радыё Свабода (калі гэта магчыма).

Кандыдаты на стыпэндыю павінны

  • мець ня менш як два гады вопыту работы журналістам на роднай мове;
  • мець намер працаваць у якасьці журналіста ў сваёй краіне або для аўдыторыі ў сваёй краіне;
  • падзяляць місію Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода;
  • валодаць ангельскай мовай.

Заяўка складаецца з дадзеных пра ўдзельніка, матывацыйнага ліста, узораў работ, двух рэкамэндацыйных лістоў, рэзюмэ і «Ліста да Вацлава Гаўла». У свой час Вацлаў Гавэл, знаходзячыся ў зьняволеньні, пісаў сваёй жонцы лісты. Пазьней яны былі выдадзеныя як кніга «Лісты да Вольгі».

Стыпэндыя імя Вацлава Гаўла, заснаваная ў 2011 годзе, натхнёная верай былога прэзыдэнта Чэхіі ў трансфармацыйную ролю журналістыкі ў барацьбе з тыраніяй і прыгнётам. Стыпэндыя абапіраецца на спадчыну Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў прасоўваньні адкрытасьці грамадзтваў праз журналістыку. Гэта сумесная ініцыятыва Міністэрства замежных справаў Чэхіі і Радыё Свабода, фінансуецца міністэрствам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG