18 сакавіка праўладнае грамадзкае аб’яднаньне «Белая Русь» заснавала аднайменную партыю прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Старшынём партыі выбралі кіраўніка аб’яднаньня Алега Раманава. Цяпер яе зарэгістравалі ў Міністэрстве юстыцыі, паведаміла БелТА.
Раней Раманаў, як і «Белая Русь», адкрыта падтрымлівалі Лукашэнку і не выказвалі ніякай крытыкі ўладаў.
Падчас пасланьня народу і парлямэнту 31 сакавіка Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ня будзе «партыі ўлады», хаця менавіта ў такім амплюа многія экспэрты бачылі «Белую Русь».
«Партыі ствараюцца для барацьбы за ўладу, — заявіў ён. — Імкненьне да ўлады розных палітычных сіл — гэта ня проста канкурэнцыя поглядаў і сыстэм, гэта падзел грамадзтва, што прыводзіць часам да страты канструктыву».
Таксама Лукашэнка ў тым пасланьні заявіў, што ў палітычным полі ня будзе «замежных агентаў, праплачаных з-за мяжы. Роўна як і партыі ўлады». Аднак ужо празь месяц пасьля тых словаў такая партыя зьявілася.
Нягледзячы на падачу ў розныя гады заяў на рэгістрацыю, з 2000 году Міністэрства юстыцыі не зарэгістравала ніводнай палітычнай партыі, што супярэчыць параграфу 7.6 Капэнгагенскага дакумэнту АБСЭ 1990 году і «праву прыватных асоб і групаў насельніцтва цалкам вольна ствараць свае палітычныя партыі».
Як мiнiмум чатыры суб’екты падавалі дакумэнты на рэгістрацыю ў якасьці палітычнай партыі за апошнія 10 гадоў.
Шмат разоў спрабавалі зарэгістравацца «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Партыя свабоды і прагрэсу, Беларуская камуністычная партыя працоўных. Адна спроба зарэгістравацца была ад Беларускай партыі працы (пасьля яе ліквідацыі Вярхоўным судом 2 жніўня 2004 году). Усе спробы Міністэрства юстыцыі адхіліла.
Апошняя ўдалая спроба рэгістрацыі новай партыі датуецца 2000 годам, калі зарэгістравалі Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю БНФ (КХП-БНФ).