Ствараючы яе, ён, відавочна, шмат у чым браў за ўзор добра знаёмую яму камуністычную сыстэму — зь яе цэнтралізацыяй улады, жорсткай падпарадкаванасьцю і бескантрольнасьцю. Але цалкам пераймаць савецкі досьвед азначала б дзяліцца гэтай уладай з партыйнымі паплечнікамі.
А навошта ўласнымі рукамі ствараць сабе канкурэнтаў? Усаджваць некага яшчэ на Алімп, калі столькі высілкаў было патрачана на тое, каб побач на гэтым Алімпе нікога не было? І хоць многія з атачэньня Лукашэнкі на працягу прынамсі двух апошніх дзесяцігодзьдзяў падштурхоўвалі да стварэньня кіроўнай партыі, якая б абслугоўвала ягоныя інтарэсы, угаварыць яго так і не ўдалося. Чаму?
«Пры мне ніякай партыі ўлады ня будзе»
Сёлета ў сакавіку здалося: Лукашэнку прыхільнікі ідэі партыі ўлады ўсё ж даціснулі. Пампезны ўстаноўчы зьезд «Белай Русі» у канцэртнай зале «Мінск», тысячы дэлегатаў і гасьцей з усіх рэгіёнаў, партыйная праграма, у якой партыя абвяшчаецца «аб’яднаньнем прыхільнікаў Лукашэнкі», галоўная мэта якой — «захаваць і разьвіць ягоныя ідэі і прынцыпы». На пачатак траўня ўжо заплянавалі рэгістрацыю новай партыі ў Міністэрстве юстыцыі...
І тым ня менш перамогай прыхільнікаў ідэі кіроўнай партыі назваць гэта зусім не выпадае. Тое, што даціснуць Лукашэнку так і не ўдалося, стала зразумела ў той жа дзень, 18 сакавіка. Раптам выявілася, што сам ён на зьезд не зьявіўся, і для многіх у залі гэта выглядала нонсэнсам, скандалам, а магчыма, і драмай. А яшчэ праз два тыдні ў сваім штогадовым пасланьні Лукашэнка адназначна заявіў, што ніякай кіроўнай партыі кшталту колішняй КПСС пры ім ня будзе: «Я не хачу, каб была няроўнасьць. Не хачу, каб была партыя ўлады і нехта там на ўзбочыне, убаку».
Стваральнікі пралукашэнкаўскай партыі, якія бачылі яе калі ня копіяй КПСС, то прынамсі аналягам пуцінскай «Единой России», былі гэтым агаломшаныя. Разгубленасьць і расчараваньне ў асяродзьдзі тых, хто разьлічваў на кар’еру ў новым партыйным апараце, вядома, публічна не афішуюцца, але пра сапраўдныя настроі і рэакцыю ўсе выдатна ведаюць.
Гіпатэтычны генсак новай партыі Алег Раманаў, вельмі сьцісла і сьціпла камэнтуючы ў сябе на партыйным сайце Лукашэнкава пасланьне, заяву пра тое, што партыі ўлады ў Беларусі ня будзе, увогуле абмінуў увагай. Абмежаваўся дзяжурнымі запэўніваньні ў поўнай падтрымцы Лукашэнкавага курсу. І выставіў даволі няўцямны і сумнеўны тэзіс пра тое, што «партыі не павінны быць сіламі, якія змагаюцца паміж сабой».
Цікава, чым жа яны ў такім разе павінны займацца? Вядома, калі б удалося цалкам выбудаваць сістэму савецкага ўзору з манапольнай КПСС, была б іншая справа. Але, паколькі кіроўнай партыі Лукашэнка не дазваляе, усё роўна давядзецца змагацца і спаборнічаць. Хоць бы з партыйнай дынастыяй Гайдукевічаў — хто спрытней і лаўчэй дагодзіць Лукашэнку.
Пятае кола ў фурманцы дыктатуры
Строга кажучы, КПСС у позьнім Савецкім Саюзе не была палітычнай партыяй у клясычным разуменьні, як тое прынята лічыць у дэмакратычным сьвеце, на Захадзе, дзе партыі рэальна змагаюцца за ўладу. Фактычна яна ператварылася ў частку дзяржаўна-бюракратычнага апарату. Такога ж, як цяперашняя лукашэнкава «вэртыкаль».
Колішні першы сакратар райкаму партыі — амаль копія сёньняшняга старшыні райвыканкаму. Такая ж поўная падпарадкаванасьць вышэйшаму «вэртыкальнаму» начальству і такая ж поўная незалежнасьць ад сымпатый і антыпатый мясцовага насельніцтва. Пры камуністычнай сыстэме хаця б існавала бюро райкаму — калегіяльны орган, сякая-такая супрацьвага аўтарытарнай волі першага сакратара.
У цяперашняй Лукашэнкавай сыстэме і гэтага няма: галоўны «вэртыкальшчык» залежыць выключна ад волі Лукашэнкі — толькі перад ім трымае справаздачу і толькі яму ўсім абавязаны. Што для апошняга вельмі зручна.
І навошта яму ў такім разе яшчэ адна структура, якая ў той ці іншай форме будзе прэтэндаваць на частку паўнамоцтваў? Пятае кола ў фурманцы дыктатуры? Вядома, можна кожнага старшыню райвыканкаму зрабіць яшчэ і першым сакратаром райкаму партыі (у позьнім СССР, пры Гарбачову, так і рабілі). Але дзеля чаго? Ствараць яшчэ адзін апарат кіраваньня, дубляваць функцыі, пладзіць бюракратыю, якая нічога, апроч дырэктыў і інструкцый, не вырабляе?
А партыйныя зьезды? Цяперашнія замацаваныя ў Канстытуцыі «усебеларускія народныя сходы» — амаль дакладная копія зьездаў КПСС. Зьявіцца партыя ўлады — трэба будзе праводзіць і партыйныя зьезды. Вядома, дэманстрацыя ўсенароднай падтрымкі лішняй не бывае. Але арганізоўваць, фінансаваць, праводзіць два аднолькавыя зьезды з аднымі і тымі ж удзельнікамі і лёзунгамі падтрымкі сябе любімага? Гэта выглядае пераборам нават у сёньняшняй лукашэнкавай Беларусі.
Некаторыя прыхільнікі партыйнага будаўніцтва спрабуюць пераканаць яго: гэтым нібыта ствараецца магутная база ягонай грамадзкай падтрымкі. Якая ў выпадку неабходнасьці абароніць заваёвы ягонага аўтарытарызму, ды і яго самога. Наконт чаго ў Лукашэнкі ёсьць вялікія і небеспадстаўныя сумневы.
Па-першае, у яго на вачах адбываўся крах камуністычнай сыстэмы, якая вонкава выглядала магутнай і непарушнай. І раптам у жніўні 1991-га выявілася, што 20-мільённая партыя развалілася ў адзін момант — і ніводзін з уладальнікаў партбілета ня выйшаў на плошчу, каб абараніць яе ці ейнага генэральнага сакратара.
Па-другое, у Лукашэнкі была нагода асабіста пераканацца ў тым, наколькі можна разьлічваць на дапамогу і падтрымку людзей, якія афіцыйна лічацца ягонымі заўзятымі прыхільнікамі.
Паводле стану на 1 студзеня 2020 года, у шэрагах аб’яднаньня «Белая Русь» афіцыйна налічвалася 191 546 членаў, больш як восем тысяч нізавых суполак: вялізная армія. А ў крытычны для Лукашэнкі момант у жніўні 2020-га сабраць на плошчы хоць бы некалькі тысяч «ябацек» было вялізнай праблемай. Гэта пры ўмове, што і бясплатным транспартам з розных рэгіёнаў іх звозілі, і кармілі, і ад працы вызвалялі.... Лукашэнка гэтага яўна не забыў. Лідэр «Белай Русі» Генадзь Давыдзька пасьля падзеяў 2020-га быў ціха адхілены ад кіраўніцтва аб’яднаньня і заменены больш маладым, рухавым і амбітным Алегам Раманавым.
У разьліку на партыйную кар’еру
Дарэчы, ніводзін зь лідэраў «Белай Русі» галавакружнай палітычнай кар’еры не зрабіў, партыйным правадыром ня стаў. Хоць мэта стварыць партыю ўлады ставілася, відавочна, ад пачатку, яшчэ з 2004 году, калі пачалі ўзьнікаць першыя суполкі ў рэгіёнах. 17 лістапада 2007 года правялі устаноўчы зьезд новага грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь», якое ўтрымлівалася пераважна на бюдэтныя грошы. Кіраўніком і заснавальнікам быў прызначаны знаёмы Лукашэнку яшчэ са студэнцкай пары ў Магілёўскім пэдынстытуце Аляксандар Радзькоў.
У жніўні 2011 года тагачасны кіраўнік Савету Рэспублікі Анатоль Рубінаў заявіў:
«Пытаньне трансфармацыі грамадзкага аб’яднаньня „Белая Русь“ у палітычную партыю насьпела знутры».
Магілёўскі клан у атачэньні Лукашэнкі ў той час імітаваў бурную народную падтрымку гэтай ідэі. Шклоўская раённая арганізацыя выступіла зь ініцыятывай, Магілёўскі абласны савет падтрымаў. Адзін з найбольш адданых паплечнікаў Лукашэнкі, магілёўскі навуковец Аляксандар Радзькоў, ужо гатоў быў стаць генэральным сакратаром пралукашэнкаўскай партыі...
Але ня здарылася. Міналі гады, гатовы праект праўладнай партыі так і заставаўся ляжаць у шуфлядзе, не падпісаны Лукашэнкам. І Рубінаў, і Радзькоў пастарэлі, спакваля страцілі свой уплыў і пасады і былі выпраўленыя на пэнсію. Такая ж доля, відавочна, напаткае і Генадзя Давыдзьку: 68-гадовы дзяяч, які, прыходзячы ў 2018 годзе да кіраўніцтва «Белай Русі», павінен быў удыхнуць у грамадзкую арганізацыю новае жыцьцё, ускладзеных на яго спадзяваньняў яўна не апраўдаў. Можа, у 48-гадовага горадзенскага філёзафа Алега Раманава атрымаецца лепш? Сумнеўна.
Наша партыя пры ўладзе, ваша партыя — у турме
Належаць да якой-небудзь палітычнай партыі пры таталітарным рэжыме рызыкоўна і небясьпечна, нават калі гэтая партыя не апазыцыйная і калі ты сам уваходзіш у яе кіраўніцтва. У савецкай Расеі гэта стала зразумела яшчэ да Сталіна, пры жыцьці Леніна. На ХІ зьезьдзе РКП(б) (1922 г.) адзін з паплечнікаў Леніна Міхаіл Томскі (лідэр камуністычных прафсаюзаў і член Палітбюро ЦК РКП (б)) дасьціпна выказаўся пра тое, як бальшавікі разумеюць шматпартыйнасьць:
«Нас папракаюць за мяжой, што ў нас рэжым адной партыі. Гэта няпраўда. Але, адрозна ад замежжа, у нас могуць быць толькі дзьве партыі: адна пры ўладзе, другая — у турме».
Заля партыйнага зьезду ў адказ на гэта выбухнула воплескамі. Ніхто зь іх тады яшчэ не здагадваўся, што пры выбудаваным імі ж таталітарызме прыналежнасьць да партыі-пераможцы таксама зусім не ратуе ад турмы. Многія з дэлегатаў таго зьезду ў недалёкай будучыні пераканаюцца ў гэтым на ўласным драматычным досьведзе.
Сам Міхаіл Томскі адчуе цяжкую далонь бальшавіцкай Фэміды ўжо ў канцы 20-х. У студзені-лютым 1929-га ён разам з Бухарыным і Рыкавым выступіў супраць згортваньня НЭПа і фарсаваных тэмпаў індустрыялізацыі і калектывізацыі. Яны тады яшчэ па інэрцыі лічылі, што ў партыі магчымыя розныя погляды, не заўважыўшы, што іхная партыя ўжо даўно ня месца для дыскусій. На красавіцкім пленуме ЦК у 1929 годзе Сталін абвесьціў гэту пазыцыю «правым ухілам».
Усьлед за гэтым Томскага вывелі са складу Палітбюро і адхілілі з пасады кіраўніка прафсаюзаў. Томскі, здаецца, усё пра сутнасьць новага грамадзка-палітычнага ладу зразумеў: у вялікую палітыку болей ня лез, задавольваўся сьціплай пасадай загадчыка Аб’яднанага дзяржаўнага выдавецтва і ціха сядзеў на лецішчы ў падмаскоўным Болшаве. Зрэшты, калі надышоў вялікі тэрор, гэта не дапамагло.
У жніўні 1936-га падчас працэсу над «Антысавецкім трацкісцка-зіноўеўскім цэнтрам» Зіноўеў і Каменеў, ня вытрымаўшы катаваньняў у засьценках НКВД, раптам сталі сьведчыць пра «варожую контрарэвалюцыйную дзейнасьць» Томскага, Рыкава і Бухарына. 22 жніўня 1936 года генпракурор СССР Вышынскі абвесьціў, што супраць усіх гэтых асобаў распачынаецца расьсьледаваньне».
Прачытаўшы пра гэта ў «Правде», Томскі, адрозна ад Рыкава і Бухарына, чакаць «варанок» НКВД ня стаў. Ужо 23 жніўня тая ж «Правда» паведаміла, што Томскі, які «заблытаўся ў сваіх сувязях з контрарэвалюцыйнымі і трацкісцка-зіноўеўскімі тэрарыстамі, 22 жніўня на сваім лецішчы ў Болшаве скончыў жыцьцё самагубствам».
Перад тым, як паднесьці рэвальвэр да скроні і націснуць на спускавы кручок, ён напісаў кароткі ліст Сталіну:
«Я зьвяртаюся да цябе ня толькі як да кіраўніка партыі, але і як да старога баявога таварыша, і вось мая апошняя просьба — ня вер нахабнаму паклёпу Зіноўева, ніколі ні ў якія блёкі я зь імі не ўваходзіў, ніякіх змоваў супраць партыі не рабіў...»
Гэтым лістом Томскі, відавочна, хацеў адвесьці бяду ад сям’і: самому яму разьлічваць на паблажлівасьць «старога баявога таварыша» не выпадала. Але Сталін быў помсьлівым. Пад рэпрэсіі пасьля самагубства бацькі трапіла ўся сям’я Томскіх (Яфрэмавых). Жонку Марыю асудзілі на 10 гадоў лягераў (памерла ў Сібіры ў 1956 годзе неўзабаве пасьля вызваленьня). Двух старэйшых сыноў, Міхаіла і Віктара, арыштавалі і расстралялі. Самага малодшага, Юрыя, арыштавалі ў 1937-м у 16-гадовым узросьце (ён яшчэ вучыўся ў школе). Асудзілі на 10 гадоў лягераў і 9 год ссылкі.
Уласна, скончылі жыцьцё ў сталінскіх лягерах і ссылцы і многія з тых старых бальшавікоў — дэлегатаў ХІ зьезда РКП(б), якія ў 1922 годзе так заўзята рагаталі і пляскалі дасьціпнаму жарту Томскага пра тое, што бальшавікі разумеюць пад шматпартыйнасьцю.
Старыя рахункі
І ўсё ж: чаму Лукашэнка так і не пагадзіўся на добра апрабаваны праект партыі сталінскага тыпу? Думаю, многае тут тлумачыцца яшчэ і тым, што ў Лукашэнкі з маладых гадоў ня надта склаліся адносіны з партыйнай намэнклятурай. Пры ўсёй сваёй відавочнай для ўсіх схільнасьці да лідэрства, камсамольскага актывізму і кар’ерызму малады Лукашэнка ў партыйна-дзяржаўны апарат нават нізавога раённага ўзроўню (у райкам партыі ці хоць бы ў райкам камсамолу) ня трапіў. Прыступкі ягонай палітычнай кар’еры ў 70-80-я гады не ўзьняліся вышэй за пасаду партарга ў калгасе імя Леніна (быў камсамольскім сакратаром гархарчгандлю, палітруком у роце, адказным сакратаром у раённым таварыстве «Веды», інструктарам у райвыканкаме...).
Звычайна ў тыя гады маладыя і крэатыўныя камсамольскія актывісты «зь нізоў» мелі магчымасьць хутка пасоўвацца па кар’ернай камсамольска-партыйнай лесьвіцы. Праўда, пры ўмове, што валодалі адпаведнымі асабістымі якасьцямі. Партыя ў той пэрыяд ужо навучылася даволі пільна прыглядацца да тых, хто рваўся «да стырна», і абы-каго ў свае намэнклятурныя рэестры не залічвала. Пры наяўнасьці сумнеўных старонак біяграфіі, адмоўных рысаў характару (канфліктнасьці, агрэсіўнасьці, няўменьня ладзіць зь людзьмі) трапіць у кіроўную эліту было складана. І тое, што партыйна-камсамольская кар’ера маладога Лукашэнкі ў 20-30-гадовым узросьце рухалася не па вэртыкалі, а пераважна па гарызанталі, сьведчыць пра тое, што недзе ў шклоўскіх і магілёўскіх партыйных кабінэтах існавалі да яго сур’ёзныя пытаньні.
Пазьней, у каламутнай вадзе перабудовы і галоснасьці канца 80-х, калі жорсткая партыйная дысцыпліна, патрабавальнасьць да адбору кадраў ды ідэалягічны кантроль аслаблі і дэградавалі, Лукашэнка здолеў злавіць сваю залатую рыбку, якая выканала ўсе ягоныя славалюбівыя патаемныя жаданьні і прыхамаці. Аднак старыя рахункі да колішняй магілёўскай партыйнай намэнклятуры ў яго яўна засталіся.
Калі 11 лістапада 1997 года былога першага сакратара Магілёўскага абкаму партыі Васіля Лявонава пад тэлекамэры выводзілі ў кайданках са службовага кабінэта, пра гэта многія ўспомнілі. І калі ў тым жа 1997-м кінулі за краты славутага магілёўскага старшыню калгаса, двойчы Героя сацпрацы Васіля Старавойтава, таксама ўсплывалі падобныя асацыяцыі.
У 70-80-я гады і Лявонаў, і Старавойтаў былі на недасягальнай для тагачаснага Лукашэнкі вышыні, з высокай доляй верагоднасьці — аб’ектам ягонай зайздрасьці, якія ўвогуле наўрад ці заўважалі нікому не вядомага камсамольскага актывіста, а потым кіраўніка ня надта пасьпяховага саўгаса. Гэта былі палітычныя зоркі той камуністычнай мінуўшчыны, у якой яму, Лукашэнку, месца на небасхіле не было. І калі надышоў ягоны зорны час, менавіта яны спаўна заплацілі за ўсе ягоныя мінулыя крыўды і комплексы.
А падазронасьць і недавер да сыстэмы аднапартыйнай дыктатуры ў яго так і засталіся. Дагэтуль.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.